У мірнай працы цяжкімі былі пасляваенныя гады. Вайна адкінула нашу эканоміку на шмат гадоў назад. Здавалася, толькі цуд можа ўдыхнуць жыццё ў знявечаную зямлю, спапялёныя гарады і вёскі. І гэты цуд здзейснілі нашы людзі сваёй працай.
4 ліпеня 1944 года аднавіў сваю працу Слуцкі райвыканкам, старшынёй якога стаў Мікалай Мікалаевіч Розаў – былы камандзір 64-й партызанскай брыгады імя В.П. Чкалава.
У пасляваенныя гады за кароткі тэрмін былі адноўлены прамысловыя, сельскагаспадарчыя прадпрыемствы, культурна-асветніцкія ўстановы.
Да канца 1-й пасляваеннай пяцігодкі ў раёне быў дасягнуты даваенны ўзровень прамысловай вытворчасці. У 1946 годзе былі адноўлены 10 прамысловых прадпрыемстваў, 8 арцеляў, 2 майстэрні, аднаўляўся і жылы фонд. У 1948 годзе быў адкрыты аўтобусны рух. Добраўпарадкоўвалі і азелянялі вуліцы, плошчы, скверы. Шырокі размах прыняло будаўніцтва, павялічвалася колькасць лячэбна-прафілактычных і культурна-асветніцкіх устаноў.
У 50-я гады пачалося вялікае гарадское будаўніцтва. За 1951 – 1955 гады былі забудаваны новымі дамамі цэлыя кварталы, з’явіліся новыя вуліцы: Савецкая, Пушкінская, Суворава, Горкага і іншыя. Да 1955 года іх было 124 агульнай даўжынёй 59,4 кіламетра, жылы фонд складаў 82 тысячы квадратных метраў. Добраўпарадкаваны гарадскі парк, здадзены ў эксплуатацыю гарадскі Дом культуры, адкрыты краязнаўчы музей, новы шырокаэкранны кінатэатр «Беларусь», уступіў у строй новы механізаваны хлебазавод і многае іншае. На працягу 60-80-х гадоў будаўніцтва яшчэ больш актывізавалася. Былі пабудаваны і пачалі даваць прадукцыю новыя заводы і фабрыкі, узведзены кінатэатр «Цэнтральны».
Вялікіх поспехаў дасягнулі працаўнікі сельскай гаспадаркі раёна. У 1958 годзе 56 перадавікоў сельскай гаспадаркі былі ўзнагароджаны ордэнамі і медалямі Савецкага Саюза.
Новымі працоўнымі поспехамі сустрэлі случчане 850-годдзе свайго роднага горада. Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР ад 26 жнiўня 1966 года горад Слуцк быў адзначаны Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета БССР.
За выдатныя заслугі і высокія паказчыкі ў развіцці народнай гаспадаркі 12 случчанам прысвоена высокае званне Герояў Сацыялістычнай Працы.
Героі Сацыялістычнай Працы
ВАШКЕВІЧ Аркадзій Пракопавіч
Пасля службы ў Савецкай арміі паступіў вучыцца ў Палажэвіцкую школу механізацыі, атрымаў пасведчанне трактарыста. Чатыры гады працаваў на машынна-трактарнай станцыі, а пасля яе рэарганізацыі – у калгасе імя Энгельса.
За поспехі ў павелічэнні вытворчасці і нарыхтовак сельскагаспадарчай прадукцыі ў 1975 г. А.П. Вашкевічу прысвоена званне Героя Сацыялістычнай Працы. Ён узнагароджаны двума ордэнамі Леніна, медалямі.
ГАРБАЦЭВІЧ Праскоўя Данілаўна
На чацвёртым курсе Мінскага медыцынскага інстытута вучобу давялося спыніць – пачалася Вялікая Айчынная вайна, падчас якой П.Д. Гарбацэвіч была прынята ў партызанскі атрад імя С.М. Кірава брыгады імя М.В. Фрунзе, потым штаб брыгады накіраваў яе ў партызанскі атрад імя К. К. Ракасоўскага начальнікам санітарнай службы.
За заслугі ў сістэме аховы злароўя, высокі прафесіяналізм у 1960 г. П.Д. Гарбацэвіч прысвоена званне «Заслужаны ўрач БССР». 4 лютага 1969 г. яна ўдастоена звання Героя Сацыялістычнай Працы.
ГУСАКОЎ Аркадзій Уласавіч
У гады Вялікай Айчыннай вайны А.У. Гусакоў змагаўся супраць гітлераўскіх акупантаў. Працаваў у савецкіх органах Шумілінскага раёна, а потым быў старшынёй Любанскага, Клічаўскага раённых выканаўчых камітэтаў. З 1959 г. працаваў старшынёй калгаса імя Дзяржынскага Слуцкага раёна. Падчас яго кіраўніцтва калгас стаў адным з лепшых на Случчыне. 30 красавіка 1996 г. за павелічэнне вытворчасці і нарыхтовак ільну А.У. Гусакову прысвоена званне Героя Сацыялістычнай Працы.
КОЗЕЛ Васілій Паўлавіч
У 1929 г. узначаліў калгас «Камбайн», да якога ў 1932 г. далучылі суседні калгас, аб’яднаную гаспадарку назвалі «1-е Мая». У 1937 г. В.П. Козела накіравалі працаваць намеснікам начальніка раённага зямельнага аддзела па жывёлагадоўлі, а потым – кіраўніком раённай канторы «Нарыхтжывёла», у 1949 – 1968 гг. узначальваў калгас «1-е Мая».
За добрасумленную працу, поспехі ў развіцці сельскагаспадарчай вытворчасці В.П. Козел у 1958 г. узнагароджаны ордэнам Леніна, а ў 1966 г. за атрыманне высокага ўраджаю лёну яму прысвоена званне Героя Сацыялістычнай Працы.
КОСБЕРГ Сямён Арыевіч
На працягу амаль 25 гадоў з’яўляўся галоўным канструктарам авіяцыйнага канструктарскага бюро. Пад кіраўніцтвам С.А. Косберга створана серыя вадкасных ракетных рухавікоў для вываду ў касмічную прастору пілатуемых касмічных караблёў, штучных спадарожнікаў Зямлі і аўтаматычных міжпланетных станцый.
У 1959 г. С.А. Косбергу прысуджана навуковая ступень доктара тэхнічных навук, а ў 1960 г. – Ленінская прэмія. Выдатныя заслугі С.А. Косберга перад дзяржавай адзначаны ордэнамі Леніна, Чырвонай Зоркі, Айчыннай вайны I ступені, «Знак пашаны», медалямі, у 1961 г. яму прысвоена званне Героя Сацыялістычнай Працы. Яго імем названы кратар на адваротным баку Месяца і вуліца ў Слуцку.
ЛЯМЕШЧАНКА Сяргей Дзмітрыевіч
У Слуцку да 1941 г. працаваў намеснікам начальніка аддзела жывёлагадоўлі раённага зямельнага аддзела. Пасля Вялікай Айчыннай вайны працаваў начальнікам аддзела жывёлагадоўлі, галоўным заатэхнікам раённай інспекцыі сельскай гаспадаркі. У 1959 – 1991 гг. быў старшынёй калгаса імя С.М. Кірава.
Добрасумленная праца С. Д. Лямешчанкі была адзначана ордэнам Кастрычніцкай Рэвалюцыі, трыма ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга, медалямі, іншымі ўзнагародамі. За працоўную дзейнасць і поспехі ў развіцці жывёлагадоўлі, павелічэнне вытворчасці і нарыхтовак сельскагаспадарчай прадукцыі 22 сакавіка 1966 г. яму прысвоена званне Героя Сацыялістычнай Працы.
МІРОНЧЫК Уладзімір Юстынавіч
Пасля вучобы у сярэдняй школе №1 г. Слуцка паступіў у Мінскі медыцынскі інстытут. За высокія дасягненні ў ахове здароўя у 1956 г. У.Ю. Мірончыку прысвоена званне «Заслужаны ўрач БССР», а ў 1969 г. – званне Героя Сацыялістычнай Працы.
ПАЛЯШЧУК Сяргей Сямёнавіч
Быў брыгадзірам паляводчай брыгады ў мясцовым калгасе, трактарыстам і брыгадзірам трактарнай брыгады на Кучынскай машынна-трактарнай станцыі.
У 1947 г. С.С. Паляшчук быў абраны старшынёй Мялешкаўскага сельскага Савета дэпутатаў працоўных. У 1950 г. узначаліў калгас імя М.І. Калініна.
За поспехі ў развіцці сельскагаспадарчай вытворчасці ў 1971 г. С.С. Палешчуку прысвоена званне Героя Сацыялістычнай Працы. Яго баявыя і мірныя справы адзначаны ордэнамі Леніна (тройчы), Працоўнага Чырвона Сцяга, Айчыннай вайны II ступені, медалямі.
РУБАНАЎ Сяргей Фёдаравіч
Нарадзіўся ў Магілёўскай вобласці. Як толькі закончыў вучобу ў сямігодцы, яго прызначылі загадчыкам школы для малапісьменых. Пасля заканчэння педагагічнага тэхнікума з 1934 г. працаваў настаўнікам, дырэктарам школы ў Слуцкім раёне, завучам у адной з мінскіх школ.
У 1946 г. С.Ф. Рубанаў настаўнічаў у Слуцку, а з 1948 г. працаваў дырэктарам сярэдняй школы №10. У 1957 г. ён атрымаў званне «Заслужаны настаўнік БССР», а ў 1968 г. першы з педагогаў Беларусі ўдастоены званння Героя Сацыялістычнай Працы. Імя С.Ф. Рубанава прысвоена слуцкай сярэдняй школе №10.
СІНЯГУБ Іван Лявонцьевіч
Працаваў у калгасе імя С.М. Кірава на розных палявых работах, потым закончыў механізатарскія курсы і атрымаў пасведчанне трактарыста.
За выдатныя поспехі ў сацыялістычным спаборніцтве і праяўленую працоўную доблесць І.Л. Сінягуб узнагароджаны ордэнам Леніна, Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета БССР. Званне Героя Сацыялістычнай Працы прысвоена 10 лютага 1975 г. за поспехі ў выкананні заданняў 9-й пяцігодкі па павелічэнні вытворчасці прадукцыі земляробства і жывёлагадоўлі.
ХАЦЬКО Алена Георгіеўна
Працавала ў паляводчай брыгадзе калгаса «Прамень камуны», з 1952 г. – у калгасе «1 Мая», з 1953 г. – даяркай на ферме.
У 1958 г. за атрыманне самых высокіх у Слуцкім раёне надояў малака яе ўзнагародзілі ордэнам «Знак Пашаны», у 1966 г. – ордэнам Леніна. За поспехі ў павелічэнні вытворчасці і нарыхтовак прадуктаў жывёлагадоўлі 6 верасня 1973 г. А.Г. Хацько прысвоена званне Героя Сацыялістычнай Працы.
ШКЛЯРЭЎСКІ Сяргей Іванавіч
У 1949 г. закончыў Бабруйскую фельчарска-акушэрскую школу. Служыў у Савецкай арміі. З 1950 г. прызначаны загадчыкам Покрашаўскага фельчарска-акушэрскага пункта, дзе працуе фельчарам і цяпер.
С.І. Шклярэўскі – фельчар 1-й катэгорыі, з 1964 г. – выдатнік аховы здароўя. Яго праца адзначана ордэнам Леніна, Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета БССР. 23 кастрычніка 1978 г. за вялікія заслугі ў развіцці аховы здароўя С.І. Шклярэўскаму прысвоена званне Героя Сацыялістычнай Працы.
Па архіўных матэрыялах.