Зазірнём у гісторыю…
Случчына – наша малая радзіма, адзін з адметных, старажытных, найпрыгажэйшых куткоў Беларусі з адмысловай гісторыяй і дзіўнай атмасферай, якая аб’ядноўвае даўніну  і сучаснасць, традыцыі і інавацыі.
Першая летапісная згадка пра Слуцк – у «Аповесці мінулых гадоў» – адносіцца да 1116 года, звязана з барацьбой полацкіх і кіеўскіх князёў. У далейшым Слуцк неаднаразова ўзгадваўся ў падзеях XII стагоддзя, звязаных з міжусобнай княжацкай барацьбой. З 1160 года ён з’яўляўся цэнтрам удзельнага Слуцкага княства. У 1320 – 1330-я гады ўвайшоў у склад Вялікага Княства Літоўскага, з 1395 года быў цэнтрам удзельнага княства, якое належала князю Уладзіміру Альгердавічу і яго нашчадкам – князям Алелькавічам, што валодалі горадам і княствам да 1612 года. 


Слуцк лічыўся трэцім па значэнні беларускім горадам, калі ў 1441 г. атрымаў гарадское самакіраванне і магдэбургскае права. У канцы XV стагоддзя быў адным з найбуйнейшых гарадоў ВКЛ. У цэнтры яго ўзвышаліся два замкі – Верхні і Ніжні. Сам горад быў абнесены каменнымі сценамі, землянымі валамі і акружаны глыбокім ровам. Умацаванні дапамагалі жыхарам абараняцца ад набегаў татараў Крымскага ханства. Аднак у 1505 годзе татары аблажылі горад. Абаронай замка кіравала княгіня Анастасія, дачка апошняга мсціслаўскага князя Івана Юр’евіча. У 1592 годзе княгіня Соф’я Юр’еўна (апошняя прадстаўніца роду Алелькавічаў, унучка Анастасіі) аб’яднала землі княства і захавала яго праваслаўнае аблічча. У 1612 годзе пасля яе смерці горад перайшоў да Радзівілаў. 
У 1652 годзе Слуцку паўторна было прадастаўлена магдэбургскае права. Пасля другога падзелу Рэчы Паспалітай у 1793 годзе Слуцк знаходзіўся ў складзе Расійскай імперыі, быў цэнтрам Слуцкага павета Мінскай губерні. У Першую сусветную вайну павет стаў прыфрантавым, таму ў 1915 гозе да Слуцка была пракладзена чыгунка з Асіповічаў. 

З 1919 года Случчына ў складзе Беларусі. У Вялікую Айчынную вайну 27 чэрвеня 1941 года Слуцк быў акупаваны нямецка-фашысцкімі захопнікамі, якія ў горадзе і раёне знішчылі 25 584 чалавекі, стварылі тры лагеры смерці, дзе загінулі каля 20 тысяч чалавек. З першых дзён акупацыі на Случчыне дзейнічала антыфашысцкае падполле, а таксама партызанскае злучэнне Слуцкай зоны. 30 чэрвеня 1944 года войскамі 1-га Беларускага фронту сумесна з партызанамі ў ходзе Мінскай аперацыі Слуцк быў вызвалены. Васьмі воінскім часцям і злучэнням, якія вызначыліся пры яго вызваленні, прысвоены ганаровыя найменні «Слуцкія». 
Пасля вайны, можна сказаць, з нуля жыхарам давялося адраджаць прадпрыемствы і жылыя дамы, школы, іншыя ўстановы Случчыны. Ужо ў хуткім часе горад, раён пачалі набываць новае аблічча.
У 1996 годзе рашэннем Слуцкага гарадскога Савета дэпутатаў зацверджаны герб Слуцка, а ў 2008 годзе Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь сваім указам зацвердзіў сцяг горада Слуцка і Слуцкага раёна.

Гісторыка-культурныя, духоўныя каштоўнасці
Слуцкія паясы. Адна з нацыянальных рэліквій беларусаў, цудоўны ўзор дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, які стаў не толькі гістарычным і культурным сімвалам, але і сучасным брэндам Беларусі. Слуцкія паясы  ткалі ў Беларусі яшчэ ў XVIII стагоддзі. Іх выраблялі на персіярні ў Слуцку, якую ўзначальваў вядомы майстар Ян Маджарскі. У 1777 – 1807 гадах ткацкай мануфактурай кіраваў яго сын Лявон. Беларускія ткачы стварылі свае непаўторныя ўзоры і сімвалічныя матывы, эксклюзіўную тэхналогію. Паясы Слуцкай персіярні – мануфактуры самай заможнай і ўплывовай дынастыі Еўропы Радзівілаў – атрымалі сусветную вядомасць. Тут выраблялі паясы не толькі з шоўку, але і з залатых і срэбных нітак. Кожны пояс, выраблены майстрамі са Слуцка, быў творам мастацтва. Слуцкія паясы і сёння з’яўляюцца жамчужынай дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Беларусі і  свету. 

         
Па даручэнні Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у лістападзе 2012 года Савет Міністраў зацвердзіў Дзяржаўную праграму адраджэння тэхналогій і традыцый вытворчасці слуцкіх паясоў і развіцця вытворчасці нацыянальнай сувенірнай прадукцыі «Слуцкія паясы» на 2012 – 2015 гады. На прадпрыемстве «Слуцкія паясы» быў рэалізаваны інвестпраект па арганізацыі вытворчасці копій, аналагаў слуцкіх паясоў і нацыянальнай сувенірнай прадукцыі. Фінансаванне ажыццяўлялася за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту. На прадпрыемстве адноўлена ўнікальная тэхналогія ткацтва слуцкіх мануфактур. Аналагаў гэтай прадукцыі ў свеце няма. У Беларусі была выпушчана паштовая марка «Слуцкія паясы», якая на міжнародным конкурсе «Вялікі прыз выставы WIPA» ў Аўстрыі ўвайшла ў дзясятку лепшых марак свету і заняла шостае месца. 

Слуцкае Евангелле. Рукапіснае Слуцкае Евангелле, якое яшчэ называюць Евангеллем Юрыя Алелькавіча, з’яўляецца нацыянальнай праваслаўнай святыняй. Рукапісныя кнігі ў Слуцку пачалі ствараць з ХV стагоддзя. Такая майстэрня была ў Троіцкім манастыры і працавалі там манахі. Заказчыкамі кніг выступалі царкоўныя іерархі або свецкія магнаты. Слуцкае Евангелле – адзіны вядомы нам прыклад, калі твор выйшаў з-пад пяра прадстаўніка прывеліяванага саслоўя –  слуцкага князя Юрыя Юр’евіча Алелькі.


Евангелле Юрыя Аллелькавіча стала своеасаблівым завяшчаннем князя. Было зроблена яно для Троіцкага манастыра і падорана разам з настаяцельскім посахам і срэбным пацірам. Разам з князем над кнігай працавалі і іншыя майстры. Мастакі намалявалі прыгожыя застаўкі, з якіх пачынаецца кожнае евангелле і асобныя яго главы, а таксама пачатковыя літары. Пераплётчыкі зрабілі пераплёт з дошак, абкладзеных малінавым аксамітам. Ювеліры выканалі металічны абклад. Завершана кніга была ў 1582 годзе.

Знайшлося Слуцкае Евангелле нечакана ў 2003 годзе, падчас правядзення Епархіяльных чытанняў. Цяпер Слуцкае Евангелле з’яўляецца ўласнасцю Беларускага экзархата.

Гімназія №1. Сваю радаслоўную старэйшая школа Беларусі  вядзе з 1617 года, калі 20 мая слуцкі князь Януш Радзівіл выдаў грамату аб заснаванні евангелісцкага храма і «вучылішча для навучання хрысціянскага юнацтва». 

На працягу чатырох стагоддзяў гімназія дала Бацькаўшчыне столькі  гучных  імён, якія праславілі яе. Сярод іх: 

Ян Андрэй Белабоцкі – філосаф, паэт, 

Ілля Капіевіч – асветнік і кнігавыдавец, 

Кандрат Карсалін – мастак, 

Вітольд Цэраскі – астраном, дырэктар Маскоўскай абсерваторыі, 

Альгерд Абуховіч – пісьменнік, перакладчык, 

Язэп Дыла – пісьменнік, 

Алесь Вечар – акадэмік АН БССР, паэт, 

Мікола Лобан – пісьменнік і мовазнаўца, 

Сямён Косберг – доктар тэхнічных навук, спецыяліст у галіне авіяцыйных і ракетных  рухавікоў.

Картинки по запросу гімназія №1 слуцка старая

Архітэктурным помнікам драўлянага будаўніцтва народных майстроў-умельцаў, які захаваўся да нашага часу, з’яўляецца Свята-Міхайлаўскі сабор, пабудаваны ў Слуцку ў другой палове XVIII стагоддзя. 


Гісторыка-культурнай каштоўнасцю, помнікам архітэктуры класіцызму з’яўляецца будынак Слуцкага краязнаўчага музея – Дом дваранскага сходу ХІХ стагоддзя.


Случчына ганарыцца Анастасіяй Слуцкай. Гэтая жанчына-легенда, якую часта называюць беларускай Жаннай д’Арк, праславілася як слаўная ваяўніца, абаронца Слуцка ад мангола-татар. 


Помнік Анастасіі Слуцкай

Помнік Сафіі Слуцкай

А таксама Сафіяй Слуцкай – дбайнай ахоўніцай праваслаўя, пазней прылічанай да ліку беларускіх святых. Дзякуючы ёй Слуцк заставаўся адзіным горадам паўночна-заходняга краю, які выстаяў перад уніяцтвам. Знамянальнымі падзеямі стала адкрыццё ў нашым горадзе помнікаў Сафіі і Анастасіі Слуцкім.


Мая радзіма – Случчына

У цяперашні час у прамысловым сектары Случчыны пераважаюць прадпрыемствы перапрацоўчай галіны, паспяхова развіваецца сельская гаспадарка. У раёне шырокая сетка сацыяльна-культурных устаноў, развіваюцца сістэмы адукацыі, аховы здароўя, спорту і турызму, з’яўляюцца новыя жылыя забудовы, аб’екты інфраструктуры.


 

Мемарыяльны комплекс у Слуцку


Уваход на мемарыяльны комплекс



Гарадскі Дом культуры
Раённая цэнтральная бібліятэка


РУП “Слуцкія паясы”

 





Знак на ўездзе ў Слуцк з боку Мінска






Вуліца М. Багдановіча




Случчына – радзіма двух Герояў Савецкага Саюза: Фёдара Піліпавіча Бруя і Аляксандра Ігнатавіча Уласаўца, дванаццаці Герояў Сацыялістычнай Працы, многіх пісьменнікаў, паэтаў, мастакоў, спартыўных дзеячаў. Васіль Вітка напісаў пра родны край: «Ёсць на зямлі такі куток, з якім навек я злучаны, адкуль ступіў свой першы крок, мая радзіма – Случчына». На Случчыне нарадзіліся: этнограф Аляксандр Казіміравіч Сержпутоўскі; піяністка Валянціна Антонаўна Сямашка; заслужаныя артысты Беларусі Сяргей Леанідавіч Станкевіч і Аляксандр Якаўлевіч Яравы; беларускія мастакі браты Уладзімір і Міхаіл Басалыгі; вядомы астраном Вітольд Карлавіч Цэраскі; канструктар, спецыяліст у галіне авіяцыйных і ракетных рухавікоў Сямён Арыевіч Косберг; акадэмікі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Аляксандр Сцяпанавіч Вечар і Міхаіл Арсеньевіч Лазарук; вядомыя навукоўцы – Віктар Уладзіміравіч Грузінскі, Эдвард Антонавіч Жаўрыд, Анатолій Уладзіміравіч Фядзюшын, Генадзій Сцяпанавіч Горын, Уладзімір Сяргеевіч Рубанаў, Расціслаў Пятровіч Платонаў; беларускія гандбалісты Юрый Анатольевіч Шаўцоў і Міхаіл Іванавіч Якімовіч; дзяржаўны дзеяч Беларусі Лідзія Міхайлаўна Ярмошына і многія іншыя.

У ліку адметных ураджэнцаў раёна – Сяргей Іванавіч Шклярэўскі, загадчык Покрашаўскага ФАПА (працуе з 1950 года), Герой Сацыялістычнай Працы, выдатнік аховы здароўя, Ганаровы грамадзянін Мінскай вобласці і Слуцкага раёна. Узнагароджаны двума ордэнамі Леніна, залатым медалём «Серп і Молат», медалём «За доблесную працу».

Ураджэнец Слуцка Алег Алегавіч Румо, беларускі вучоны, галоўны трансплантолаг Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь, доктар медыцынскіх навук, прафесар, заслужаны ўрач Рэспублікі Беларусь, дырэктар дзяржаўнай установы «Мінскі навукова-практычны цэнтр хірургіі, транспланталогіі і гематалогіі», мае больш за 200 друкаваных работ у айчынных і замежных выданнях. У 2008 годзе выканаў першую ў гісторыі медыцыны Беларусі трансплантацыю печані, таксама выканаў першыя ў гісторыі медыцыны Казахстана трансплантацыі печані, печані дзіцяці. Узнагароджаны ордэнам Пашаны. Удастоены ганаровага звання «Мінчанін года».

Мікалай Вітальевіч Скобелеў, таксама наш зямляк, старшыня Камісіі па справах былых партызан і падпольшчыкаў Вялікай Айчыннай вайны 1941 – 1945 гадоў пры Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь, генерал-маёр запасу, у перыяд з 2005 па 2010 г.г. – начальнік Мінскага сувораўскага ваеннага вучылішча, быў дырэктарам установы «Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны».

Ураджэнка Слуцка Анастасія Сяргееўна Мірончык-Іванова, майстар спорту Рэспублікі Беларусь па лёгкай атлетыцы міжнароднага класа, неаднаразовая чэмпіёнка і прызёр чэмпіянатаў і першынстваў Рэспублікі Беларусь па скачках у даўжыню 2004 – 2005 г.г, удзельніца чэмпіянату свету сярод юніёраў у Марока 2005 года, бронзавы прызёр чэмпіянату свету 2011 года, трохразовая чэмпіёнка Беларусі (2012, 2015, 2018), трохразовая чэмпіёнка Беларусі ў памяшканні (2011, 2015, 2016), з’яўляецца стыпендыятам Мінскай вобласці за высокія вынікі ў галіне спорту.

Ураджэнка Случчыны Галіна Аляксандраўна Касымакунава з’яўляецца ўдарніцай IV, V, VI пяцігодак, мае званне «Лепшы жывёлавод», узнагароджана Ганаровым дыпломам Дзяржаўнага аграпрамысловага камітэта СССР і ЦК прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу, Ганаровымі граматамі Слуцкага райвыканкама. Мае дзяржаўныя ўзнагароды: Ордэн «Знак Пашаны», Ордэн Працоўнага Чырвонага Сцяга, бронзавы медаль ВДНГ «За поспехі ў народнай гаспадарцы СССР». Ганаровы грамадзянін Слуцкага раёна. Працоўную дзейнасць пачала ў жніўні 1966 года. З чэрвеня 1979 года працуе жывёлаводам філіяла «Падсобная сельская гаспадарка» адкрытага акцыянернага таварыства «Слуцкі мясакамбінат». Унесла значны ўклад у забеспячэнне стабільнага развіцця гаспадаркі, Слуцкага раёна.

Нам ёсць чым ганарыцца, землякі.

Падрыхтавала Наталля СЕЛЯЗНЁВА.

Похожие записи