Побач з ім і я інакш пачала адчуваць навакольнае. Канстанцін Арсеньевіч беражліва ставіцца да кожнай хвіліны. Мне здаецца, гэту нетыповую на сённяшні дзень асаблівасць ён вынес з вайны – з той людской мясарубкі, дзе ўцалець і застацца чалавекам было вельмі няпроста.

Група «Дзядзі Колі», разведвальная група Заходняга фронту, якая дзейнічала ў тыле ворага ў раёне вёскі Грэск. Тады Канстанціну Карповічу, сыну рэпрэсіраванага старшыні калгаса Слуцкага раёна, ад сілы было 22 гады. Пасля заканчэння школы (нарадзіўся Карповіч у вёсцы Жылін Брод) уладкаваўся працаваць у леспрамгас. З мая 1941 года – будаўнічы батальён арміі, з чэрвеня 1942-га – партызанская спецгрупа.

– Што больш за ўсё ўспамінаецца з Вялікай Айчыннай вайны? Пераадоленне сябе, штодзень трэба было ісці на смерць, – гаворыць Канстанцін Карповіч.

Розныя заданні выконваў разведчык Канстанцін. Часцей у засадзе, мясцовага лёгка маглі пазнаць. Але даводзілася высвятляць патрэбныя дадзеныя, як кажуць, адкрытым тэкстам: хадзіць паміж немцаў, іграць пэўную ролю.

Пасля вызвалення Беларуci, у 44-м годзе, Карповіча забралі ў Мінск на перападрыхтоўку – для закідкі ў Германію. Гэта была ў яго другая разведвальная група. Канстанцін ведае, што з падрыхтаваных тады 360 разведчыкаў засталося ў жывых толькі шэсць. На варожую тэрыторыю закінулі шэсць груп. І толькі сёмай, у якой быў Карповіч, удалося ўцалець.

– Вам пашчасціла, вы прайшлі вайну без сур’ёзных раненняў.

– Не, проста спецыфіка маіх абавязкаў вызначала два выйсці: або смерць, або жыццё. У вопратку мы хавалі яд, каб у выпадку палону адразу пакончыць з сабой, каб не перажываць фізічныя катаванні немцаў… А хочаце пра «языка» раскажу?

На тэрыторыі фашысцкай Германіі – пераапрануты ў нямецкага афіцэра Карповіч і яшчэ адзін разведчык (Карповіч размаўляў па-польску, яго напарнік – па-нямецку). Ім патрэбна было ўзяць у палон нямецкага падпалкоўніка – камандзіра падраздзялення «фаўстаў» – лятаючых ракет.

Дабраліся да маёнтка, дзе спыніўся патрэбны «язык». Зайшлі ў дом. За сталом выпівалі некалькі нямецкіх ваеннаслужачых. Не падвяла імгненнасць рэакцыі, падпалкоўніка захапілі. А праз некаторы час асноўныя пункты канцэнтрацыі «фаўстаў» былі абстрэлены савецкай авіяцыяй.

Ордэны Вялікай Айчыннай вайны першай і другой ступеняў, ордэн Славы трэцяй ступені, медаль «За адвагу»… Пасля вайны Канстанцін Арсеньевіч працаваў у леспрамгасе, намеснікам дырэктара Покрашаўскага спіртзавода, брыгадзірам, намеснікам старшыні і намеснікам галоўнага бухгалтара калгаса «Чырвоны Кастрычнік».

Яго жонка Браніслава Аляксандраўна – клапатлівая, сардэчная жанчына. У Замосці ў Карповічаў дагледжаны прыгожы дом, жывуць ладна, згодна. Трое дзяцей, трое гарэзлівых унукаў.

– Вашы аднавяскоўцы расказвалі, што вы кожную работу робіце выкладаючыся, шчыра. Працуеце старшынёй рэвізійнай камісіі ў калгасе «Чырвоны Кастрычнік»…

– Звычка людзей ваеннага пакалення змагацца да апошняга. Сядзець ды прыслухоўвацца да сваіх балячак? Гэта недастойна мужчыны.

І грымне вясновы гром, і абудзіць здранцвелую зямлю, і расквеціць сады далікатнымі кветкамі. Але не супакоіцца сэрца, зноў заенчыць-заные пра даўняе, чаго нельга забыць…

Η. ΓΡΟΜΑВА
(«Шлях Ільіча», №53, 9 мая 1991 года).

Оставить ответ

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Похожие записи