Гарбуноў Віктар, два браты Габа Аляксей і Іван, Жукавы Дзмітрый і яго жонка, Каплан Соф’я, Кулыгін Ігнат, Белы Мікалай, Федаркоў Мікалай, Салавей Надзея – усе яны з Ямпаля.
Нянавісць да гітлераўцаў прывяла іх у рады барацьбітоў з ворагам. Лясным салдатам добра была вядома падпольная дзейнасць хутарскога хлопчыка Колі Федаркова. Ён дастаўляў народным мсціўцам друкарскі шрыфт, фарбу, паперу і ўсё іншае для выпуску падпольнай газеты. Трынаццацігадовы Коля Федаркоў праславіўся як выдатны лясны салдат.
Патрыётамі Радзімы на хутары былі таксама сястра Федаркова – Ніна Андрэеўна са сваім мужам Аляксеем Антонавічам Габа і інш. А што ведаюць у нас пра гэта, або аб трагедыі, якая здарылася на гэтым хутары ў верасні 1943 г.?
Астраўком у вялікім калгасным садзе выглядаў хутар з некалькіх доўгіх драўляных дамоў. Стук у шыбы вокнаў па начах не палохаў жыхароў. Яны ведалі што гэта просіць дапамогу хто-небудзь з пацярпеўшых бедства людзей. Нікому з іх не адмаўлялі ў дапамозе, хоць ведалі, якой небяспецы падвяргаюць сябе.
Многія з жыхароў хутара былі падпольшчыкамі. Яны падтрымлівалі сувязь з гарадамі, працуючы па заданні партызанскага атрада імя Ракасоўскага. Здабывалі і перадавалі вінтоўкі, патроны, іншыя боепрыпасы. Акрамя таго, накіроўвалі ў лес акружэнцаў і тых, хто вырваўся з палону, зрабілі свае кватэры месцамі сувязі партызан са Слуцкім падполлем.
Былы камандзір партызанскага атрада імя К.К.Ракасоўскага А. Дз. Фамін расказаў пра тое, як 3 мая 1943 г. з партызанамі Анатолем Афанасьевічам Ходасавым і Рыгорам Кандратавічам Свянціцкім на х. Ямпаль узялі ў палон трох паліцаяў, якія былі ў поўным узбраенні.
Знікненне паліцаяў выклікала перапалох у ворагаў. Хтосьці данёс, што іх схапілі на хутары. Абстаноўка складвалася такая, што далей заставацца партызанскім сувязным у Ямпалі было нельга. У адну з ліпеньскіх начэй 1943 г. 8 жыхароў хутара, абышоўшы гітлераўскія засады і пасты, раніцай апынуліся ў размяшчэнні партызанскага атрада імя Ракасоўскага.
Не вярнуліся ў родныя хаты з вайны Ігнат Кулыгін, Аляксей Габа, Дзмітрый Жукаў, Фёдар Лысенка, Мікалай Белы. Іх прозвішчы ў мармуры і граніце помнікаў. Адзіная жывая сведка ямпальскай трагедыі былая партызанка Вялікай Айчыннай вайны, інвалід першай групы Надзея Іванаўна Салавей расказвае:
– Пасля таго, як мужчыны падаліся ў партызаны, хутар усё больш часта сталі наведваць паліцаі. Карнікі нечакана наля целі на Ямпаль, акружылі дамы і нікога не выпускалі адсюль. Усіх жыхароў сагналі да месца стаяўшых трох аўтамашын і сілком пагрузілі ў кузавы. На кожнай па баках сядзелі са зброяй напагатове ворагі. У тую раніцу мяне дома не было. Начавала ў сяброўкі і, калі выйшла ад яе і накіравалася на хутар, на цяперашняй вуліцы 14 Партызан сустрэла машыну з людзьмі. «Нашы!» – крыкнула я і пабегла за імі. Сястра Аня са слязамі крыкнула мне: «Усіх забралі, усіх! Запомні гэты дзень! Адпомсці!».
Адзін з паліцаяў вырашыў праявіць да мяне «добрыя пачуцці» і стаў адрываць мае рукі ад кузава, гаворачы: «Шалёная, адыдзі, табе жыць надаела?».
Сэнс гэтых слоў я зразумела пазней, калі следам за машынамі пабегла да турмы, якая паглынула маіх сясцёр з маленькімі дзецьмі на руках, старых жанчын Сцефаніду і Марыю Гарбуновых, маладых жанчын Ганну і Ніну Габа, Соф’ю Каплан і іншых. Каля дваццаці чалавек жыхароў Ямпаля былі кінуты ў гэты дзень за турэмныя краты, а пазней расстраляны.
Праз расчыненыя вароты Надзя ўбачыла на турэмным двары акрываўленую Матрону Салавей, жанчыну, якая замяніла ёй маці. Надзі і году не было, калі асірацела. Бацька Іван Іванавіч пасля смерці жонкі ажаніўся з Матронай. Яна і выгадавала Надзю і яе трох сясцёр, а калі настаў час ў школу пайсці, дзяўчынка пераехала жыць у Ямпаль.
Як толькі на Случчыне пачалі дзейнічаць партызаны, Матрона са сваім мужам сталі сувязнымі. Матрону схапілі паліцаі на Мінскай шашы, калі яна ішла з даручэннем камандавання партызан атрада імя Ракасоўскага да ямпальскіх патрыётаў, і кінулі ў турму. Колькі гітлераўцы ні катавалі жанчыну, нічога ад яе пра партызан не даведаліся. Івана Іванавіча Салаўя схапілі жандары ў час баявой аперацыі. Яго і жонку Матрону павесілі ў адзін дзень.
– З дапамогай сувязных народных мсціўцаў, – працягвала расказ Надзея Іванаўна, – я 28 верасня 1943 г. стала радавой партызанскага атрада імя Ракасоўскага брыгады №95 імя Фрунзе. Мяне прызначылі ў гаспадарчую роту.
Знясіленая горам дзяўчына пасля прастуды доўга хварэла. У в. Ржаўка, дзе стаяла партызанская ахова, яна праляжала больш за месяц. І калі абставіны складваліся так, што не хапала людзей для выканання тэрміновых заданняў, Надзея Салавей станавілася ў баявыя рады. У ліпені 1944 г., калі родную Беларусь ачысцілі ад гітлераўцаў і партызаны злучыліся з часцямі Чырвонай арміі, Надзея Салавей пачала працаваць у народнай гаспадарцы…
Самуіл ДУБЯРШТЭЙН.
«Шлях Ільіча», 1 верасня 1976 года.
Фота ілюстрацыйнае.