Выйшла ў свет першая кніга, прысвечаная Году малой радзімы, – «Спадчына, або Каб не стаць манкуртам» Міколы Маляўкі, паэта, перакладчыка, уладальніка медаля Францыска Скарыны за высокае прафесійнае майстэрства і вялікі ўклад у развіццё нацыянальнай літаратуры і культуры.
У гэтым цудоўна ілюстраваным выданні вы, паважаныя чытачы, знойдзеце звесткі аб тым, як жылі нашы продкі, чым яны займаліся, якімі рэчамі карысталіся ў гаспадарчым і хатнім побыце, якія традыцыі яны пакінулі нам, сваім нашчадкам. Аўтар стварыў абразкі з жыцця старой вёскі, якія перамяжоўваюцца паэтычнымі радкамі, сур’ёзнымі і вясёлымі гісторыямі, народнымі прыкметамі і парадамі, прымаўкамі і прыказкамі, загадкамі. Падрыхтаваны таксама заданні для чытачоў.
Мікола Маляўка гаворыць, што яго новая кніга – знак прызнання ўсім тым, хто вучыў яго разумнаму, добраму, вечнаму: бацькам, настаўнікам, роднай вёсцы.
«Мінулае – тая спадчына, якой патрэбна даражыць, якую неабходна захоўваць і памнажаць. Без яе мы – манкурты, у нас не будзе будучага, парвецца сувязь пакаленняў… Мне хацелася працягнуць гэту нітачку сувязі ад аднаго пакалення да другога і далей у будучае. Таму што, як захоўваем памяць аб сваіх продках мы, так будуць захоўваць яе і пра нас нашы нашчадкі».
Гэты мастацка-дакументальны твор, які спалучае гістарычную дакладнасць і эмацыянальнасць, цікава і карысна будзе чытаць і дзецям, і дарослым, усім, хто любіць сваю Радзіму і жадае ведаць усё пра яе мінулае.
Слуцкая раённая цэнтральная бібліятэка.