У  рэдакцыйным архіве  захаваліся падшыўкі нашай газеты  яшчэ з сярэдзіны 50-х гадоў мінулага стагоддзя. 

З хваляваннем перагортваю старонкі газеты «За соцыялістычную радзіму» аж 1954 года (так тады называлася слуцкая раёнка).  Яе рэдактарам у той час быў А.А. Власаў. Газета выдавалася на чатырох старонках тры разы на тыдзень агульным тыражом 3 000 экзэмпляраў. Пажоўклыя лісты, газета «ў адну фарбу», рэдкія фотаздымкі, у асноўным прэсклішэ Тэлеграфнага агенцтва Савецкага Саюза. Аднак колькі эмоцый, падзей таго часу з жыцця Случчыны, краіны захоўвае яна. Адметна, што большасць  нумароў газеты напоўнены публікацыямі сельскіх карэспандэнтаў, няштатных аўтараў, спецыялістаў прадпрыемстваў, арганізацый, мясцовых жыхароў. Гэта пісьмы аб працоўных, творчых дасягненнях случчан, новабудоўлях,  крытычныя заўвагі, абмен прафесійным вопытам, сатырычныя і лірычныя допісы. Давайце разам акунёмся ў гэту пасляваенную атмасферу працоўнага ўздыму, энтузіязму, савецкай маралі, непахісных перакананняў. 
Вось некаторыя з публікацый, змешчаныя ў слуцкай раённай газеце роўна 65 гадоў таму – у №16 за 7 лютага 1954 года… 
Новабудоўлі сельсавета
З кожным годам прыгажэюць і добраўпарадкоўваюцца населеныя пункты Мялешкаўскага сельсавета. За чатыры прайшоўшыя гады з часу мінулых выбараў у Вярхоўны Совет СССР у сельсавеце праведзены вялікія будаўнічыя работы. На тэрыторыі сельсавета пабудаван  новы сельскі клуб з глядзельнай залай на 200 месц. У клубе размешчаны бібліятэка, фізкультурны кабінет.

У калгасе імя Калініна за гэты параўнальна кароткі прамежак часу пабудаваны тры свінарнікі, кароўнік, канюшня, кузня, гараж для аўтамашын. Днямі закончана будаўніцтва новага будынка канцылярыі калгаса.

Апрача таго, працоўныя сельскага Совета будуюць свае ўласныя дамы. Толькі ў вёсцы Баравуха за гэты перыяд 10 калгаснікаў справілі наваселле ва ўласных дамах. Усяго ў сельсавеце пабудавана за чатыры гады звыш 50 уласных дамоў.
С. Міхайлаў.
Пераканаўчыя лічбы
У мінулым годзе ашчадныя касы горада і раёна выплацілі пазакарыстальнікам каля трох мільёнаў рублёў выйгрышаў. Больш чым на 160 тысяч рублёў прад’яўлена аблігацый дзяржпазык для выплаты выйгрышаў у студзені месяцы гэтага года. На адной з аблігацый паў выйгрыш 11.600 рублёў.
І. Капарыха.
Падрыхтавала Наталля СЕЛЯЗНЁВА.

Похожие записи