«Слуцкаму краю» – 100!» – мы адкрываем рубрыку асабліва важную для калектыву нашага выдання, упэўнены, і для многіх-многіх случчан, чытачоў розных пакаленняў. У гэтым годзе нашай роднай газеце споўніцца 100 гадоў. На працягу цэлага стагоддзя раённая газета застаецца галоўным летапісцам гісторыі Случчыны, расказваючы аб падзеях, пераўтварэннях у раёне, яго жыхарах. Асноўныя героі публікацый «Слуцкага краю» – вы, шаноўныя случчане, простыя сціплыя людзі, якія працай сваёй, стараннасцю, творчасцю, талентам штодзень ствараюць маленькі цуд, умацоўваючы і развіваючы сваю малую радзіму, робячы яе больш заможнай і прыгожай.

Для нас гонар працаваць у выданні з такой багатай гісторыяй, нагадаем, што наша газета адна са старэйшых у рэспубліцы. Гонар быць пераемнікамі лепшых традыцый журналістаў-папярэднікаў выдання, людзей таленавітых, натхнёных, адважных, творчых, бясконца адданых сваёй справе. У аснове гэтых традыцый – на старонкі газеты трапляе толькі правераная інфармацыя, а яшчэ слова павінна дапамагаць, а не шкодзіць людзям, павінна выхоўваць, вучыць лепшаму, арыентаваць на важныя жыццёвыя, маральныя каштоўнасці, дапамагаць убачыць жыццё ва ўсёй яго разнастайнасці і прыгажосці…
На працягу гэтага года мы будзем расказваць пра «Слуцкі край», людзей, якія рабілі газету раней, няштатных аўтараў і чытачоў, пра тых, каму газета стала сапраўдным памочнікам, каму дала пуцёўку ў прафесію. Далучайцеся да новай рубрыкі, шаноўныя чытачы: магчыма, вам таксама ёсць што расказаць пра наша выданне, падзяліцца ўспамінамі і меркаваннямі. Калі ў вас ёсць цікавыя матэрыялы пра газету, фотаздымкі – дасылайце! (тэл. 5-21-52; е-mail: slutskiy_kray@rambler.ru; 223610 г. Слуцк, вул. Леніна, 189, рэдакцыя газеты «Слуцкі край»). Будзем сустракаць юбілей разам!
Пачнём з гісторыі…
Наша газета была заснавана 25 сакавіка1919 года. У той час яна называлася «Молат і плуг» і з’яўлялася органам Слуцкага павятовага выканаўчага камітэта Савета рабочых, сялянскіх і чырвонаармейскіх дэпутатаў і падраённага камітэта Камуністычнай партыі (бальшавікоў) Літвы і Беларусі. У газеце друкавалі рашэнні павятовага выканкама, матэрыялы аб арганізацыі камун і працоўных арцеляў, ліквідацыі памешчыцкага землеўладання, новых формах гаспадарання.
Аднак на беларускія землі пачалі наступаць польскія войскі. У ліпені 1919 года газета, якая стала называцца «Плуг и молот», выходзіла з заклікамі: «Все на помощь фронту!», «На защиту Слуцка!», «Рабочие и крестьяне! К оружию и на фронт!». У жніўні 1919 года падраздзяленні Чырвонай Арміі адышлі на ўсход, пакінуўшы Случчыну.
Выданне газеты «Плуг и молот» было адноўлена 7 лістапада 1921 года (выходзіла да 4 студзеня 1922 года тыражом 800 экзэмпляраў). Затым газета называлася: «Вясковы будаўнік», «Ленінскі шлях», «Праўда на рубяжы», а з 1938 года да чэрвеня 1941 года – «За сацыялістычную Радзіму».
Асобная старонка ў гісторыі газеты – Вялікая Айчынная вайна. На акупіраванай нямецка-фашысцкімі захопнікамі тэрыторыі 1 красавіка 1943 года пачала выходзіць на беларускай мове газета «Народны мсцівец» – орган Слуцкага падпольнага раённага камітэта Камуністычнай партыі (бальшавікоў) Беларусі. Газета змяшчала заклікі да ўсенароднай барацьбы супраць захопнікаў, матэрыялы пра зверствы акупантаў. «Новыя намеры людаедаў» – пад такім загалоўкам у газеце «Народны мсцівец» за 13 чэрвеня 1943 года Іван К. пісаў: «На Случчыне фашысты ўжо закатавалі і забілі дзесяткі тысяч нявінных людзей… Больш як тысячу савецкіх грамадзян забілі і закапалі фашысцкія каты ў саўгасе «Вясея» (маёнтак Махорты), тысячы людзей расстралялі і закапалі жывымі ў Жураўскім лесе, у Слуцку на двары быўшых дзетясляў на Манахавай вуліцы, у ціры 11 палка, каля скотабазы, у Бязверхавічах, на амговіцкіх могілках…».

У газеце друкавалі загады Вярхоўнага Галоўнакамандуючага, весткі з фронту, вершы беларускіх паэтаў. Як успамінаў тагачасны рэдактар газеты М.Е. Дастанка, калектыў рэдакцыі «Народнага мсціўца» рабіў «усё неабходнае для таго, каб кожны нумар газеты гранатай і бомбай узрываўся ў стане ворага, а баявыя радкі касілі ворага, нібы кулямётныя і аўтаматныя чэргі, каб палымяныя заклікі падымалі новыя атрады бясстрашных патрыётаў на бой з ненавісным ворагам. І ў адказ на гэта агнём свяшчэннай помсты гарэла слуцкая зямля пад нагамі акупантаў».
Рэдакцыяй газеты «Народны мсцівец» у 1943 годзе быў выдадзены паэтычны зборнік беларускага паэта Анатоля Астрэйкі «Слуцкі пояс».
У падпольнай друкарні наборшчыцамі працавалі Любоў Куляшова, Любоў Шаўчук, друкарамі былі Уладзімір Канановіч, Мікалай Торхаў. Матэрыялы для газеты збіралі і рыхтавалі супрацоўнікі рэдакцыі Іван Хатэнка, Іван Куляшоў, Вячаслаў Харытонаў, Віктар Плешавеня. Радыст Сцяпан Раменчык своечасова прымаў радыёперадачы з-за фронту. Навіны адразу ішлі ў нумар газеты.
У 1944 годзе, калі Случчыну вызвалілі ад гітлераўскіх захопнікаў, быў адноўлены выпуск газеты «За сацыялістычную Радзіму». Большасць публікацый выдання таго часу – аб працы случчан па аднаўленні разбуранай вайной народнай гаспадаркі і сацыяльна-культурнай сферы раёна. Будаўніцтва прадпрыемстваў і жылля, укараненне новай тэхнікі і тэхналогій, развіццё вытворчасці, сацыяльнай сферы Случчыны і многія іншыя тэмы асвятляла раённая газета. З 1962 года газета выходзіла пад назвай «Шлях Ільіча», а з 1992 года – «Слуцкі край».
Рэдактарамі раённай газеты ў пасляваенны час былі: М.Е. Дастанка (1944 – 1945), І.С. Русаковіч (1945), П.П. Блахін (1945 – 1950), А.А. Власаў (1950 – 1959), У.М. Перасятнік (1959 – 1971), В.М. Макарэня (1971 – 1985), А.У. Алпатаў (1985 – 1986), У.С. Коўцік (1986 – 1995), У.М. Цішкевіч (1995–1998), А.У. Жук (1998 – 2012). У 2012 годзе галоўным рэдактарам газеты «Слуцкі край» прызначана В.В. Ражанец. З 2017 года выданне ўзначальвае І.М. Каваленка.
Пры рэдакцыі з 1964 года працуе школа маладога журналіста, каля ста выпускнікоў якой звязалі свой лёс з журналістыкай.
Газета «Слуцкі край» зарэгістравана ў Міністэрстве інфармацыі Рэспублікі Беларусь. Заснавальнікі: Слуцкі раённы выканаўчы камітэт, Слуцкі раённы Савет дэпутатаў. Газета ўзнагароджана Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета Беларускай ССР, двойчы была (у маштабах Савецкага Саюза) лаўрэатам прэміі імя М.І. Ульянавай за добрую пастаноўку масавай работы, неаднаразова выходзіла ў пераможцы і прызёры рэспубліканскіх і абласных конкурсаў і спаборніцтваў. Адзначана дыпломамі Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь, Ганаровымі граматамі Мінскага абласнога выканаўчага камітэта, Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь. У 2014 годзе газета «Слуцкі край» стала лаўрэатам X Нацыянальнага конкурсу друкаваных СМІ «Золотая Литера», у 2015 годзе ўдастоена бронзавай статуэткі «Золотая Литера» за перамогу ў XI Нацыянальным конкурсе друкаваных СМІ «Золотая Литера» ў намінацыі «Лепшыя матэрыялы культурнай і гісторыка-краязнаўчай тэматыкі».
Падрыхтавала Наталля СЕЛЯЗНЁВА.