11 лістапада споўнілася 100 гадоў з дня заканчэння Першай сусветнай вайны, якая стала трагічным пралогам глабальных узрушэнняў XX стагоддзя. Удзельнікамі тых падзей былі і жыхары нашай мясцовасці. Імёны некаторых з іх занатаваны ў кнізе «Памяць. Слуцкі раён. Слуцк» (том 3). Ёсць звесткі і пра жыхароў Бокшыцкага сельсавета.
Акуловіч Канстанцін Стафанавіч. Падчас рамонту дома жыхары вёскі Дзесяціны Таццяна Мікалаеўна і Віктар Міхайлавіч Будкевічы знайшлі старыя дакументы на імя Акуловіча Канстанціна Стэфанавіча. Сярод іх білет №1254, які быў выдадзены эвакуяванаму салдату ў час паступлення ў лазарэт Чырвонага Крыжа №294 у Петрагадзе 7 верасня 1917 года. У дакуменце азначаецца, што К.С. Акуловіч мабілізаваны ў 1916 годзе з Мінскай губерніі, Слуцкага ўезда, Лучнікоўскай воласці, вёскі Бокшыцы. Год нараджэння Акуловіча – радавога першага пагранічнага жалезнага эскадрона 15-й дывізіі – не адзначаны.

Таксама знойдзена «Пасведчанне», выдадзенае 27 кастрычніка 1917 года лазарэтам Чырвонага Крыжа №294 горада Петраграда Ізмайлаўскага палка. У ім гаворыцца пра тое, што радавому К.С.Акуловічу выдадзена грашовая дапамога за верасень і кастрычнік 1917года.

Трэці дакумент – «Выпись о браке» аддзела запісаў актаў грамадзянскага становішча Слуцкага валаснога выканкама . У ім гаворыцца, што Акуловіч Канстанцін 1895 года нараджэння і Валатовіч Алена 1906 года нараджэння пабраліся шлюбам 11 чэрвеня 1924 года. Яны жылі ў вёсцы Бокшыцы Слуцкай воласці. Канстанцін па родзе заняткаў хлебапашец, Алена – хатняя гаспадыня. Прозвішча сям’і стала Акуловіч. Жаніх паставіў подпіс, нявеста – непісьменная.
Такім чынам стала вядома, што жыхар вёскі Бокшыцы Канстанцін Стэфанавіч Акуловіч ва узросце 21 год апынуўся на фронце, быў паранены і жывым вярнуўся дадому, працаваў, ажаніўся.
Пра ўдзельніка Першай сусветнай вайны жыхара вёскі Гарадзішча Трафіма Дзмітрыевіча Салаўя нам расказала яго ўнучка Валянціна Іванаўна Салавей.
Калі пачалася вайна, Трафіму быў 21 год. Ён ажаніўся ў 1914 годзе з Ганнай Сямёнаўнай Карташэвіч з Міхеек. Трафіма мабілізавалі ў самым пачатку вайны. Ад атак атрутнымі газамі выратавала раненне ў галаву і нагу. Лячыўся ў шпіталі. Потым вярнуўся дадому. Пра вайну расказваць не любіў. Узгадваў, што вельмі цяжка было ў акопах. Сыра, гразка. Харчаванне было такое, што ніхто не хацеў есці. Напрыклад, боршч, які запраўлялі сланечнікавым салеем. Т.Д. Салавей у далейшым займаўся сельскай гаспадаркай у калгасе. Меў вялікую сям’ю – з васьмі чалавек. Выхоўваў дзяцей і ўнукаў. Па яго ініцыятыве была пабудавана Гарадзішчанская школа. Яго сыны Іван і Міхаіл – удзельнікі Вялікай Айчыннай вайны. Міхаіл ваяваў на фронце, Іван – партызанскі доктар. Трафім Дзмітрыевіч Салавей да апошніх дзён працаваў: рамеснічаў, займаўся рыбалоўствам. Скончыў зямны шлях у 1961 годзе. Пахаваны на могілках вёскі Гарадзішча.

Трафім Дзмітрыевіч Салавей на фота ў цэнтры.
Яшчэ адзін удзельнік Першай сусветнай вайны – жыхар хутара Хваевічы, а потым вёскі Гарадзішча, Пракофій Данілавіч Бартошык (1892 – 08.03.1978) – народны доктар. Так яго называў у час сусрэч з навучэнцамі нашай школы Герой Сацыялістычнай Працы загадчык Покрашаўскага ФАПа Сяргей Іванавіч Шклярэўскі. Бацька Сяргея Іванавіча быў сябрам Пракофія Данілавіча Бартошыка.
У час Першай сусветнай вайны Пракоп Данілавіч служыў у дзейнічаючай арміі да ліпеня 1917 года. Скончыў фельчарскія курсы 16 верасня 1918 года. У пасведчанні занатавана, што Бартошык Пракоп паспяхова здаў устаноўленыя экзамены камісіі Хомскага ваеннага шпіталя, якая складалася з урачоў у званні прафесараў. Атрымаў кваліфікацыю ваеннага фельчара.

Усё далейшае жыццё Пракоп Данілавіч Працаваў у калгасе, фельчарам не быў афіцыйна. Выхаваў разам з жонкай Ульянай Андрэеўнай сямёра дзяцей. Тры яго дачкі сталі медыкамі. Надзея Пракопаўна ў час Вялікай Айчыннай вайны ў партызанскім атрадзе была медыцынскай сястрой. Пасля вайны амаль да сямідзесяці гадоў працавала медсястрой у Слуцкай ЦРБ. Лідзія Пракопаўна таксама была медыцынскай сястрой у Мінску. А малодшая дачка Ганна Пракопаўна Мулянкова вядомы на Случчыне доктар. Яна і зараз працуе ўрачом- тэрапеўтам у адной з паліклінікгорада Мінска. Канешне, гэта прыклад Пракопа Данілавіча. На франтах Вялікай Айчыннай ваявалі сыны Павел (загінуў без вестак пад Кёнігсбергам), Уладзімір і Сяргей.
Пасля вайны Пракоп Данілавіч быў у складзе санітарнай камісіі Бокшыцкага сельскага савета. Усе жыццё бясплатна лячыў людзей. Пракоп Данілавіч знаходзіўся ў доме цяжка хворага да той пары, поакуль не вылечваў чалавека. Да яго ехалі з далёкіх вёсак. Аглядаў, ставіў дыягназ. Калі ведаў, што паставіць на ногі, – лячыў. Калі разумеў, што не дапаможа, то так і казаў: не бяруся. Сам рабіў лекі з зёлак. Пахаваны на могілках вёскі Гарадзішча.
Звесткі пра Пракопа Данілавіча Бартошыка і Трафіма Дзмітрыевіча Салаўя можна знайсці ў музеі вёскі Гарадзішча.
Наталля БАРТОШЫК,
настаўніца гісторыі Бокшыцкай СШ.