Раённы форум маладых спецыялістаў, якія прыбылі ў Слуцкі раён па размеркаванні пасля заканчэння ўстаноў вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі, і конкурс «Pro-выбар» адбыліся на Случчыне 22 лістапада.

У форуме прынялі ўдзел намеснікі старшыні Слуцкага райвыканкама, начальнікі аддзелаў і ўпраўленняў райвыканкама, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Валянціна Вітальеўна Ражанец, прадстаўнікі галіновых прафсаюзаў, БРСМ, кіраўнікі арганізацый і ўстаноў раёна. Падчас гэтага традыцыйнага ўжо мерапрыемства маладыя спецыялісты наведваюць прадпрыемствы, арганізацыі і ўстановы Случчыны, знаёмяцца з аб’ектамі сацыяльна-культурнага прызначэння. Гэта таксама магчымасць задаць пытанні прадстаўнікам службаў і ведамстваў, знайсці сяброў, аднадумцаў, прадэманстраваць свае творчыя здольнасці, прапанаваць цікавыя ідэі для развіцця інфраструктуры раёна. Звычайна на форуме адбываецца дыялог.  


Маладыя спецыялісты сельскагаспадарчай, будаўнічай, прамысловай, гандлёвай сфер, сфер адукацыі, аховы здароўя, культуры  пабывалі ў ААТ «Аграфірма «Лучнікі», на цукроварафінадным камбінаце, хлебазаводзе, сыркамбінаце, РУП «Слуцкія паясы», у занальным дзяржаўным архіве, Слуцкім дзяржаўным каледжы, дзіцяча-юнацкай школе алімпійскага рэзерву, цэнтры дзіцячай творчасці і цэнтры традыцыйнай культуры,  азнаёміліся з  асноўнымі напрамкамі дзейнасці, арганізацыяй работы з моладдзю. 



Таццяна Палівода і Таццяна Дзябкіна, бухгалтары ДП «Саўгас «Рачкавічы» Беларускай чыгункі, задаволены экскурсіяй на сыркамбінат (вельмі  спадабаліся слуцкія сыры, якія прапанавалі на дэгустацыі), уражаны ўмовамі для навучання ў Слуцкім дзяржаўным каледжы. Лічаць падобныя мерапрыемствы карыснымі для моладзі, якая нядаўна прыехала на працу ў раён. Самі дзяўчыны з Клецка і Чэрвеня. На Случчыне ўладкаваліся добра: маладых спецыялістаў сельгасарганізацыя забяспечыла жыллём, умовы працы, заработная плата задавальняюць. Ці застануцца на Случчыне пасля абавязковай адпрацоўкі, не загадваюць.   






 






  Завяршылі форум маладых спецыялістаў у гарадскім Палацы моладзі. Тут працавалі інфармацыйна-кансультацыйныя групы райкама прафсаюза аграпрамысловага комплексу, аддзяленняў Беларусбанка і Белаграпрамбанка. Прадстаўнікі БРСМ ладзілі інтэрактыўную выстаўку-прэзентацыю «Моладзь – гэта наша будучыня». У спецыяльнай скрыні можна было пакінуць пытанні.

Другая частка мерапрыемства пачалася з  творчага конкурсу «Pro-выбар». У прэзентацыях маладым спецыялістам трэба было «прарэкламаваць» сваю прафесію.

Як заўсёды, выдатна выступілі маладыя спецыялісты сферы адукацыі. Яны і атрымалі дыплом «За яскравае ўвасабленне вобраза «мая прафесія». Дыплом у намінацыі «За гумар і выканальніцкае майстэрства» атрымала каманда маладых спецыялістаў сельскагаспадарчай галіны, прадстаўнікі Слуцкай ЦРБ адзначаны ў намінацыі «Маладыя кадры – перспектыўны рэзерв», у намінацыі «За самы яркі і творчы нумар» дыплом атрымала каманда Слуцкага хлебазавода, дыплома «За арыгінальнасць і сцэнічную культуру» ўдастоены прадстаўнікі сферы культуры, маладыя спецыялісты прадпрыемства электрасетак – «За невычэрпны аптымізм і энергічнасць»,  каманда мясакамбіната атрымала дыплом у намінацыі «За творчы падыход і крэатыўнасць», «За імкненне да высокіх стандартаў і прафесіяналізм» – спецыялісты камбіната хлебапрадуктаў.

Вітаў удзельнікаў форуму першы намеснік старшыні райвыканкама Дзмітрый Сяргеевіч Каралёў. 

Усяго за апошнія тры гады на Случчыну прыбылі каля 700 маладых спецыялістаў, 200 – сёлета, з іх 114 з вышэйшай адукацыяй і 86 з сярэдняй спецыяльнай, паведаміў Д.С. Каралёў. Найбольшая колькасць маладых кадраў – у сферах адукацыі, аграпрамысловага комплексу, прамысловасці. Для замацавання моладзі ў раёне стараюцца рабіць усё магчымае: забяспечваюць жыллём, прадастаўляюць іншыя сацыяльныя гарантыі. 

Усё ў руках маладых, адзначыў Д.С. Каралёў, для дасягнення прафесійнага росту, уздыму па кар’ернай лесвіцы. Ад іх актыўнасці і ініцыятыўнасці залежыць і тое, як будзе развівацца Случчына. 

Пытанні маладых спецыялістаў тычыліся развіцця раёна, заработнай платы, жылля і іншага. Загадчык жыллёва-камунальнага аддзела райвыканкама Людміла Міхайлаўна Папчэня адказала, хто мае права на атрыманне жылля камерцыйнага карыстання (арэнднага): маладыя спецыялісты, якія атрымалі адукацыю за кошт бюджэту, размеркаваны ў Слуцкі раён, не маюць ва ўласнасці і ў карыстанні жылля. Арэнднае жыллё прадстаўляецца на тэрмін працоўных адносін з арганізацыяй, ад якой яно атрымана. Пра наяўнасць жылля камерцыйнага карыстання можна даведацца на сайце райвыканкама. 

Дарэчы, паводле анкетавання маладых спецыялістаў, якое правялі падчас мерапрыемства, большасць з іх задаволена ўмовамі пражывання. Немалая частка маладых людзей мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, але чамусьці яны дагэтуль не становяцца на ўлік. 

Умовы і рэжым працы, сацыяльны пакет, узаемаадносіны з кіраўніцтвам і калектывам задавальняюць большую частку апытаных.

Як правесці вольны час, маладыя кадры амаль заўсёды ведаюць, згодна анкетаванню. Яны наведваюць забаўляльныя мерапрыемствы, займаюцца творчасцю і спортам, многія – у сацыяльных сетках.

Інжынер-будаўнік ААТ «Ісерна» Мікалай Цярэшчанка, напрыклад, свабодны час аддае заняткам спортам. Ён кандыдат у майстры спорту па паўэрліфтынгу, рыхтуецца павысіць свой разрад, атрымаць званне майстра спорту. Таму пераехаць з выдзеленага гаспадаркай жылля прыйшлося ў горад: тут больш магчымасцяў для заняткаў. Увогуле Мікалаю падабаецца працаваць, у прафесію прыйшоў свядома: спачатку атрымаў прафесійную адукацыю муляра і зваршчыка, наступная ступень – па спецыяльнасці прамыслова-грамадзянскае будаўніцтва, а пасля скончыў  і вышэйшую навучальную ўстанову. Для пачатку дзейнасці, лічыць, умовы мае нядрэнныя. А як складзецца ўсё далей, пакажа час.

Сапраўды, з часам кожны з маладых спецыялістаў вызначыць, і чаго хоча дабіцца, і чаго  варты сам. Таму поспехаў, многае залежыць ад вас саміх!












Ірына ВЕЧАР.

Похожие записи