Слуцкая раённая арганізацыя ветэранаў сумесна са Слуцкім раённым Саветам дэпутатаў, раённым аб’яднаннем прафсаюзаў, аддзелам ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, ЖКГ праводзіць конкурс «Ветэранскі падворак-2018». Прыемна адзначыць, што многія пенсіянеры займаюцца ўпрыгажэннем прыдамавых тэрыторый  у жылых мікрараёнах горада, праяўляючы адметную фантазію і творчы падыход: радуюць вока разнастайныя клумбы каля пад’ездаў, а таксама малыя архітэктурныя формы, створаныя ветэранамі. Разам са старшынёй Слуцкай раённай арганізацыі ветэранаў Валянцінай Сцяпанаўнай Відлогай ў гэтым я пераканалася, наведваючы адрасы некаторых намінантаў конкурсу.



 Ужо не першы год упрыгожваюць дваровую тэрыторыю шматпавярховага дома №14 на вуліцы Жукава арыгінальныя канструкцыі і фігуры, створаныя Віктарам Міхайлавічам Гурыновічам, іншымі жыхарамі дома. Там і забаўны драўляны цягнічок, і  вясковы калодзеж, і млын, ярусная металічная канструкцыя для кветак і фігуркі мульцяшных герояў, зробленыя з аўтамабільных шын, іншыя цікавыя малыя архітэктурныя формы.



Зазірнулі ў адзін з пад’ездаў дома №8 на вуліцы Ленінскай, дзе пражываюць у асноўным пажылыя людзі. Яны ўпрыгожылі сваю парадную зялёнымі зонамі з раслін і кветак, незвычайнымі шторамі са шпалер. Як расказала старшая пад’езда Ларыса Уладзіміраўна Пісарык, ёсць нямала ідэй па далейшым уладкаванні параднай, прыдамавой тэрыторыі, якія жыхары намераны ажыццявіць.


Яркімі клумбамі з разнастайнымі кветкамі і раслінамі парадаваў жылы мікрараён вуліцы Сацыялістычнай. Вяргіні, астры, гладыёлусы, аксаміткі, пятуніі – гэта далёка не поўны пералік кветак, якія аздабляюць прыдамавыя тэрыторыі шматпавярховак у мікрараёне. Пра гэта паклапаціліся яго жыхары, пераважная большасць з іх – пенсіянеры, людзі сталага ўзросту. У ліку такіх нераўнадушных, гаспадарлівых жыхароў – Таццяна Іванаўна Кіслова (дом №158), Клаўдзія Пятроўна Шчакатовіч, Ніна Фёдараўна Гурбо (дом №156), Марына Уладзіміраўна Дамброўская (дом №136), якая ўпрыгожыла кветнікамі вокны сваёй кватэры. А пенсіянеры з дома №128 «вырасцілі» на прыдамавой тэрыторыі пластыкавую пальму. Як аказалася, «пластыкавым дызайнам» займаюцца і іншыя жыхары гэтага мікрараёна.






Каля аднаго з пад’ездаў дома №160 на вуліцы Сацыялістычнай маленькі казачны астравок – на клумбах пасяліліся медзведзяня і зайка, Вінні Пух і ослік Іа, маманцяня з вядомага анімацыйнага фільма, які шукаў сваю маму, іншыя персанажы. Стваральнік гэтага незвычайнага «паселішча» былы ваеннаслужачы капітан у адстаўцы Аляксандр Іванавіч Дузенка.
– Такім чынам рашыў аздобіць клумбу каля пад’езда, каб весялей, цікавей людзям было, – гаворыць Аляксандр Іванавіч. – Некаторыя ідэі  падгледзеў у інтэрнэце. Пластыкавыя бутэлькі, ёмістасці знайсці не праблема, як і гумавыя колы ад аўтамабіляў, іншыя выкарыстаныя матэрыялы. Справа захапіла, мае работы ёсць нават у Мінску. А яшчэ я абменьваюся інфармацыяй у сацыяльных сетках з іншымі людзьмі, якія таксама робяць дэкаратыўныя рэчы з пластыку.





Гэта не адзінае захапленне 73-гадовага случчаніна: перавагу Аляксандр Іванавіч усё ж аддае рыбалцы. Аднак ён задаволены, что зробленыя фігуркі ўпрыгожваюць  двор, дораць добры настрой прахожым. Дапамагалі Аляксандру Іванавічу ва ўстаноўцы малых архітэктурных форм, афармленні клумбаў жонка Таццяна Пятроўна, сусед па пад’ездзе Назар Рыгоравіч Ліпкевіч. Шкада толькі, што не ўсе шануюць дваровыя ўпрыгажэнні. Не раз жыхарам пад’езда трэба было ўзнаўляць расстаноўку фігурак на клумбе, якіх зрушвалі з месца. У другі раз Аляксандру Іванавічу давялося майстраваць маманцяня, першую фігурку хтосьці ўкраў.





Такая ж праблема і ў Вячаслава Рыгоравіча Сінічэнкі, які тэрыторыю каля свайго пад’езда (дом №37 па вуліцы Чэхава) таксама аздобіў шматлікімі казачнымі героямі. У пераважнасці яны зроблены з дрэва – Вячаслаў Рыгоравіч захапляецца разьбой па дрэве. Самабытныя, каларытныя, са сваім характарам атрымаліся персанажы, напрыклад, драўляны чалавечак на коніку, Баба Яга, грацыёзны алень… Як расказалі Вячаслаў Рыгоравіч і яго жонка Валянціна Пятроўна, дзеці з радасцю бываюць на гэтай пляцоўцы, у тым ліку іх маленькая ўнучка Даша. Аднак нярэдкія выпадкі, калі дарослыя случчане «правяраюць на трываласць», псуюць драўляныя фігуры, залазяць на іх «пакатацца»… Фігуркі патрабуюць абнаўлення, фарбавання, у гэтай справе Вячаслаў Рыгоравіч спадзяецца на дапамогу ЖЭУ-5.



Беражыце прыгажосць, цаніце працу іншых, землякі.
Наталля СЕЛЯЗНЁВА.

Похожие записи