На раніцу 20 жніўня на Случчыне засталося ўбраць 9 працэнтаў неабходных плошчаў. У ліку іншых гаспадарак на фінішы і адкрытае акцыянернае таварыства «Слуцкая Ніва», якое мы наведалі ў апошнія дні жніва.
– Ураджай сёлета добры, – адзначае камбайнер сельгасарганізацыі Уладзімір Уладзіміравіч Шышко, які намалаціў ужо амаль дзве тысячы тон збожжа. – Мы ўсе стараемся, каб без страт убраць хлеб з палёў. Вось толькі з надвор’ем не паспрачаешся.
Уладзімір Уладзіміравіч – вопытны работнік. Ён упэўнены, калі кожны на сваім участку работы будзе якасна выконваць пастаўленыя задачы, то і вынік будзе відавочным.
Галоўны аграном ААТ «Слуцкая Ніва» Сяргей Сяргеевіч Бортнік адзначыў, што сёлета парадаваў ячмень: яго ўраджайнасць – 49,3 цэнтнера з гектара. І гэта пры тым, што амаль на палове плошчаў – палегліца.
– Зразумела, гэта стрымлівала ход жніва ў сельгасарганізацыі, але мы справіліся. Камбайнеры адказна падыйшлі да справы, – гаворыць Сяргей Сяргеевіч. – Пшаніца сёлета па выніках дала 50 цэнтнераў з гектара, ды якасць яе добрая. На палетках – сем камбайнаў. Работа арганізавана так, каб не было прастояў тэхнікі. Стараюцца работнікі. На зернесушыльным комплексе за суткі дапрацоўваюць 400 – 500 тон збожжа. Дарэчы, сёлета валавы збор збожжа большы мінулагодняга.
- Слуцкі раён лідзіруе ў Мінскай вобласці па валавым намалоце збожжа.
Няма затрымак з адвозам намалочанага зерня, наладжана тэхнічнае абслугоўванне агрэгатаў у полі. Вялікая ўвага – пытанням аховы працы. У сельгасарганізацыі добра разумеюць, што самым вялікім багаццем з’яўляецца жыццё і здароўе работнікаў.
Дарэчы, у сельгасарганізацыі выдзелілі адзін камбайн для ўборкі збожжа на прысядзібных участках вяскоўцаў.
- У Слуцкім раёне 90 камбайнераў намалацілі больш за тысячу тон збожжа, у тым ліку 22 – больш за дзве тысячы, 3 пераўзышлі трохтысячны рубеж. На перавозцы збожжа 90 вадзіцеляў-«тысячнікаў», з іх 20 перавезлі больш за дзве тысячы збожжа, 2 – больш за тры тысячы тон.
На палетках гаспадарак раёна прасуюць салому, звозяць яе, рыхтуюць глебу да сяўбы і сеюць азімы рапс. Так, у сельгасарганізацыях раёна рапс пасеяны на плошчы 2 727 гектараў (29% да неабходнага). У прыватнасці, у ААТ «Слуцкая Ніва» з неабходных 640 гектараў засеялі культурай 210 гектараў.
Наперадзе ў аграрыяў уборка кукурузы, цукровых буракоў, бульбы, дзе чакаюць таксама добрых вынікаў.
 
								 
																											 
												 
												 
												 
             
             
					 
					 
					