Традыцыйны фестываль гандбола прымаў 13 каманд юнакоў (2006 – 2007 г.н.) і дзяўчат (2005 – 2006 г.н.) з Беларусі і Расіі. Гандбалісты з Лагойска, Салігорска, Мінска, Гомеля, Глуска, Капыля і, як заўсёды, каманды з расійскіх гарадоў Пратвіно і Талдом спаборнічалі 22 – 26 жніўня ў спартыўнай зале абноўленай СДЮШАР.


На ўрачыстым адкрыцці фестывалю яго ўдзельнікаў вітала намеснік старшыні Слуцкага райвыканкама Ларыса Генадзьеўна Дабравольская. Галоўны суддзя турніру Андрэй Мікалаевіч Еўдакімаў (суддзя вышэйшай катэгорыі, Пратвіно) адзначыў, што ўзровень каманд з году ў год расце, фестываль – цудоўная магчымасць для юных спартсменаў паказаць сябе, параўнаць з іншымі, ацаніць узровень уласнага майстэрства. І, вядома, завязаць новыя стасункі – спорт аб’ядноўвае. А.М. Еўдакімаў падзякаваў за добрую арганізацыю і насычаную культурную праграму.

Каманда дзяўчат «Слуцк-1» (трэнер Аляксандр Віктаравіч Ліпінскі) найбольш паспяхова выступіла на спаборніцтвах, заняўшы другое месца. У кожнай камандзе вызначылі лепшых гульцоў. У случчан гэта Вадзім Леанавец, Ганна Ждановіч, Марыя Кавальчук.

Юныя спартсмены атрымалі заслужаныя ўзнагароды. І, вядома ж, дні спаборніцтваў былі насычаны эмоцыямі.

Ірына ВЕЧАР.

Похожие записи