23 ліпеня камбайнавы экіпаж дзяржаўнага прадпрыемства «Саўгас «Рачкавічы» Беларускай чыгункі – браты Аляксандр Аляксандравіч і Уладзімір Аляксандравіч Анціпцавы – першым у Слуцкім раёне і Мінскай вобласці намалаціў тысячу тон збожжа.
Дзякуючы зладжанасці Аляксандр і Уладзімір Анціпцавы штогод дасягаюць высокіх вынікаў падчас уборачнай кампаніі. Аляксандр чатыры разы быў пераможцам абласнога спаборніцтва і двойчы – рэспубліканскага. Летась экіпаж Анціпцавых першым у раёне і вобласці намалаціў 2 000 тон і 3 000 тон збожжа.
Перадавікоў жніва павіншаваў з працоўнай перамогай старшыня камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні Мінскага абласнога выканаўчага камітэта Сяргей Віктаравіч Ляўковіч, ён уручыў Падзячнае пісьмо старшыні Мінаблвыканкама.
Сяргей Віктаравіч падзякаваў камбайнаваму экіпажу за зладжаную працу, дасягненне тысячнага намалоту.
– Сёлета жніво праходзіць у складаных умовах – надвор’е нам перашкаджае ўбраць вырашчаны ўраджай. Перад працаўнікамі сельгасарганізацый вобласці стаіць важная задача – без страт убраць збожжа з палёў, – адзначыў С.В. Ляўковіч. – Упэўнены, мы справімся…
Камбайнавы экіпаж таксама адзначаны падзячным пісьмом старшыні Слуцкага райвыканкама, памятнымі сувенірамі. Поспехаў у нялёгкай уборачнай кампаніі пажадалі братам Анціпцавым дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Валянціна Вітальеўна Ражанец, першы намеснік старшыні Слуцкага раённага выканаўчага камітэта, начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Дзмітрый Сяргеевіч Каралёў, старшыня Мінскага абласнога аб’яднання прафсаюзаў Віктар Тадэвушавіч Маліноўскі, старшыня абласнога камітэта прафсаюза работнікаў АПК Міхаіл Тарасавіч Бода, старшыня Слуцкага райкама прафсаюза работнікаў АПК Таццяна Ігараўна Гурбо. Ад рэспубліканскага камітэта прафсаюза работнікаў АПК экіпажу Анціпцавых уручаны падарункавы сертыфікат.
Добрымі песнямі падтрымалі святочны настрой артысты аматарскай творчасці.
– Ураджай у нас добры, нам неабходна як мага хутчэй яго ўбраць, – гаворыць Аляксандр Аляксандравіч Анціпцаў.
Уладзімір Аляксандравіч не змяняе сваёй традыцыі і ў чарговы раз працуе з братам на жніве. Любіць сваю малую радзіму, якая вабіць яго, хлебныя нівы, пах збажыны…
Ірына КАВАЛЕНКА.