Ветэраны Случчыны робяць жыццё прыгажэйшым. Расказваем пра некаторых намінантаў раённага конкурсу «Ветэранскі падворак».
Пабываўшы на падворку Соф’і Іванаўны і Івана Філімонавіча Сярага ў вёсцы Мялешкі, атрымала сапраўднае задавальненне. Дом ветэранаў працы, як лялечка, акуратны, дагледжаны, у абрамленні разнастайных кветак: астры, бегоніі, клематысы, герань і іншыя. А якія ружы прыгожыя, проста казачныя! Імі абсаджаны дарожкі да дома. Там утульная прыгожая тэраса, на падворку – арыгінальная, падобная на хатку, самаробная печка з казанам. Фігуркі казачных герояў быццам запрашаюць прагуляцца па садзе, «нырнуць» пад цяжкія ад сакавітых чырвоных пладоў галінкі яблынь. Проста рай! А якія вялізныя перцы вырасцілі гаспадары, а яшчэ моркву, бурачкі, бульбу, кабачкі, цыбулю і розную іншую агародніну, а таксама дыні і кавуны. Як расказала Соф’я Іванаўна, у цэлым яны апрацоўваюць каля 60 сотак зямлі.
Кветкі на падворку сям’і Сярагаў
– Ат, прывыклі ўжо, без справы не можам сядзець, – усміхаецца Соф’я Іванаўна. – Канечне, гадоў нам нямала, але для нас гэта работа – жыццё. Лічым, не трэба звяртаць увагу на ўзрост. Мы абодва любім працаваць на зямлі. Калі дазваляюць сілы, чаму б не займацца любімай справай.
Гэтыя руплівыя, старанныя людзі трымаюць карову, бычка, дваіх свіней, 30 курэй, а яшчэ траіх хітруноў-катоў Мурзіка, Чарныша і Аліса, а таксама сабаку Барона, які спраўна служыць гаспадарам.
Тэраса дома сям’і Сярагаў
Радуюць і прыватныя падворкі ветэранаў у Слуцку. Разам са старшынёй Слуцкага раённага савета ветэранаў Валянцінай Сцяпанаўнай Відлога мы завіталі і да гараджанкі Людмілы Уладзіміраўны Гундзіловіч, якая да выхаду на заслужаны адпачынак працавала на прадпрыемстве «Ямпаль-Слуцк». Ва ўзорным парадку старанная жанчына ўтрымлівае свой дом на вуліцы Віленскай і прыдамавы ўчастак. Ах якая там любата: колькі разнастайных кветак, раслін і арыгінальных малых архітэктурных формаў! Напрыклад, уражвае вазок з конікам, які «перавозіць» кветкі, а таксама дэкаратыўная сажалка з двума забаўнымі жабкамі…

З ранняй вясны і да позняй восені радуе кветкавай разнастайнасцю і клумба каля дома №223 (кор.1) на вуліцы Леніна. Маленькае кветкавае царства: лілеі, сальвіі, хрызантэмы, рамонкі, вяргіні, а якое шыкоўнае «бабіна лета»… Клумбу ўладкавала і даглядае Валянціна Іванаўна Іванова, былы повар базы аблспажыўсаюза. Жанчына падзялілася, што пасля выхаду на пенсію стала больш вольнага часу, рашыла акультурыць тэрыторыю каля пад’езда, выпалала траву, высадзіла кветкі. «Прыемна, што мая клумба радуе жыхароў дома, прахожых, – гаворыць Валянціна Іванаўна. – Гэта цудоўна, калі свет поўніцца прыгажосцю».