Дзень моладзі адзначылі на Случчыне цікавымі мерапрыемствамі ў парку культуры і адпачынку і вячэрняй забаўляльнай праграмай з удзелам сталічных артыстаў.
Надвор’е было зусім не святочнае, ды для маладых людзей, аптымістычных, пазітыўных, энергічных, цікаўных, гэта не перашкода. У парку культуры і адпачынку прадстаўнікі пярвічак раённай арганізацыі БРСМ удзельнічалі ў квэсце, творчая моладзь (гарадскі Палац моладзі, гарадскі Дом культуры, гарадскі маладзёжны цэнтр) ладзіла канцэртную праграму. Цікавую бібліяпляцоўку арганізавала Слуцкая раённая цэнтральная бібліятэка. Тут можна было пачытаць міні-кніжкі, пазнаёміцца з літаратурнымі навінкамі, а таксама самаму зрабіць кніжачку. Многія затрымліваліся каля выстаўкі «Краявіды Случчыны»: работы юных мастакоў раскрываюць прыгажосць малой радзімы. А жывыя скульптуры – жнейкі, анёл, рыцар і бог Ра, якія ўдзельнічалі ў конкурсе «Застылае імгненне» – канечне ж, сталі сэлфі-героямі. 
І вядома, у Дзень моладзі былі ўзнагароджаны самыя актыўныя маладзёжныя лідары і калектывы. 
За актыўны ўдзел у рэалізацыі дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі падзячныя лісты аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Слуцкага райвыканкама атрымалі калектывы ААТ «Слуцкі хлебазавод», «Слуцкі мясакамбінат», ДУП меліярацыйных сістэм «Слуцкае ПМС», філіяла РУП «Мінскэнерга»«Слуцкія электрычныя сеткі». 
Граматамі райкама БРСМ за асабісты ўклад у рэалізацыю ініцыятыў і праектаў узнагароджаны сакратары пярвічных арганізацыі БРСМ Іна Ракіцкая (Слуцкі хлебазавод), Андрэй Сяргееў (Слуцкі цукроварафінадны камбінат), Сяргей Задзёра (Слуцкі цэнтр стандартызацыі, метралогіі і сертыфікацыі), Дзяніс Есіповіч (СШ №10 імя С.Ф. Рубанава), член пярвічкі Слуцкага камбіната хлебапрадуктаў Ульяна Маторына. Падзякамі райкама БРСМ адзначаны Слуцкае ПМС, СШ №13, Слуцкі дзяржаўны каледж, Слуцкі дзяржаўны сельскагаспадарчы прафесійны ліцэй, Слуцкі дзяржаўны медыцынскі каледж, ААТ «Казловічы-Агра», «Вясейскі Пакроў».
Крыху пазней  падлеткі весяліліся ў рознакаляровай прасторы фарбаў і музыкі, спявалі, танцавалі. А вечарам цудоўны настрой случчан падтрымалі  беларускія спевакі: Аляксей Грос, Влада, Alen Hit, дуэт баяністаў «Ва-Банк» і іншыя. Случчане актыўна ўдзельнічалі ў конкурсах, віктарынах.Канцэрт на цэнтральнай плошчы горада прайшоў цудоўна. Тут ужо зорны час настаў для самых маленькіх случчан: танцавалі і на сцэне, і на прыступках, ды яшчэ і прызы атрымлівалі. 
Дзень прайшоў на пазітыве. А як па-іншаму, калі ты малады!
Ірына ШЧАРБОВІЧ.

Похожие записи