Сваю малую радзіму, а нарадзіўся я на Капыльшчыне, язык не паварочваецца назваць малой, бо для мяне яна сапраўды вялікая, і ўспаміны аб ёй так кранаюць душу, што аж слёзы нагортваюцца, і так хочацца вярнуцца ў той час, але…
Узгадваю, напрыклад, як праходзіў сенакос. Напярэдадні па вечарах у вёсцы на ўсё наваколле разносіўся металічны стук малаткоў – мужыкі кляпалі косы. Першы пракос рабіў хтосьці са старэйшых мужчын, за ім, адступіўшы на метраў на 10 – 15, пачынаў пракос наступны касец. Першым, наколькі я памятаю, быў Прахор (яго сям’ю чамусьці называлі стараверамі), і ў сенакос заўседы на яго нагах былі лапці, бо, як ён казаў, гэта самы лепшы абутак касца на поплаве. У торбах мужыкоў, якія збіралі жанчыны, памятаю, былі такія прысмакі як каўбасы, кіндзюкі, сала і іншыя стравы. Мы, дзеці, чакалі, калі касцы пачнуць харчавацца, падсядалі да іх, і яны нас частавалі ўсім гэтым. А які быў смачны бярозавы сок, сквашаны ў пограбе!
Дзесьці праз тыдзень на поплаў выходзілі жанчыны варочаць сена, і ад яго зыходзіў такі пах! А як хораша было слухаць іх спевы, калі вечарам яны ішлі дамоў з працы – хор Пятніцкага адпачываў.
У канцы ліпеня – пачатку жніўня спелі вішні, пачыналася жніво, чулася стракатанне жняярак-двухконак і спевы жанок, якія вязалі снапы. А дзесьці каля далёкага лесу чуўся гул адзінага ў калгасе камбайна «Колос», які, мне падаецца, больш прастойваў у рамонце, чым працаваў. У гэты перыяд пачыналася і дзіцячая праца: адвозілі зерне ад камбайна, ільняное насенне, якое жанчыны адбівалі ў посцілкі на льняным полі, абганялі бульбу запрэжанымі ў сошкі коньмі, ганялі іх у начное. Гэты час мы, дзеці, чакалі з вялікім нецярпеннем. А якія прыгожыя вянкі спляталі дзяўчынкі і маладыя жанчыны з рамонкаў і валошак, якія ў незлічонай колькасці раслі ўздоўж жытніх палёў! На вялікі жаль, усё гэта не захавалася: поплаў зааралі, маленькая вёсачка Раёк знікла, а замест у вёсцы Вялікая Раёўка пабудавалі аграгарадок.
Па заканчэнні жніва пачыналася ўзворванне зябліва, за вёскай чуўся рокат трактара, які цягнуў плугі. На іх сядзелі плугавікі і рэгулявалі глыбіню ворыва.
Так, гэта незабыўны час дзяцінства, напоўнены бесклапотным жыццём, цеплынёй блізкіх людзей, хараством маёй малой радзімы. Гэтыя ўспаміны і сёння саграюць маё сэрца.
Аляксандр РАБЦАЎ,
жыхар г. Слуцка.
На здымку – карціна «Радзіма», А. Васнецоў, 1886 год.