У раёне разгарнулася сапраўдная барацьба за ўраджай. Як толькі выдаецца хвіліна пагодлівага надвор’я, камбайны выязджаюць у поле. Чакаць няма калі.

Працаўнікі філіяла «Падсобная сельская гаспадарка» ААТ «Слуцкі мясакамбінат» адны з першых у раёне ўбралі з палеткаў рапс, добрыя тэмпы і на жніве. Сакрэт поспеху – у зладжанай працы вопытных і маладых працаўнікоў. 
На ўборачнай у сельгасарганізацыі задзейнічаны 11 камбайнавых экіпажаў, у тым ліку 3 маладзёжныя, на адвозцы – 7 МАЗаў. Сярод вадзіцеляў чацвёра маладых. Юрый Корзун ужо не першы год у лідарах. Вось і сёлета ён першым у Слуцкім раёне перавёз тысячу тон зерня. Юрый пайшоў па слядах свайго бацькі Уладзіміра Аляксандравіча, які працуе ў гаспадарцы і зараз разам з сынам Аляксандрам шчыруе на камбайне.
Юрый Корзун
У аўторак Юрыя Корзуна віншавалі з працоўнай перамогай першы намеснік старшыні райвыканкама Д.С. Каралёў, дэпутат Палаты прадтаўнікоў  Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь В.В. Ражанец, райкам прафсаюза работнікаў АПК, райкам БРСМ.
Добрыя вынікі ў камбайнавага экіпажа Мікіты Міхневіча і Ягора Чыжыка. Мікіта не першы год на жніве, мае добры вопыт.  Ён упэўнена вядзе камбайн, а Ягор уважліва сочыць, каб пасля праходу камбайна на ржышчы не заставалася зерне. 
Ягор Чыжык і Мікіта Міхневіч
– Шкада, што надвор’е сёлета нас падводзіць, стрымлівае ход уборачнай, – гаворыць Мікіта Міхневіч. – Толькі выедзеш у поле, дождж пачынаецца. Гэта ж уплывае і на ўраджай.
Ягор жа на жніве ўпершыню. Ён студэнт БНТУ, будучы інжынер, таму такая практыка яму толькі на карысць.
Аляксандр Канстанцінавіч Дубовік і Аляксандр Дэмаш
Стаіць напагатове вадзіцель Аляксандр Канстанцінавіч Дубовік – чакае, калі бункер камбайна запоўніцца.  
– Настрой баявы, будзем змагацца за кожнае зярнятка, – гаворыць Аляксандр Канстанцінавіч.
Спраўна працуе ў сельгасарганізацыі сушыльная гаспадарка – чатыры зернесушыльныя комплексы. 
– Збожжавыя культуры ў філіяле займаюць 3 083 гектары, з іх 27 працэнтаў ужо ўбралі. Стаўку робім, вядома ж, на азімую пшаніцу, якае дае на асобных участках да 50 цэнтнераў з гектара, – адзначае дырэктар філіяла «Падсобная сельская гаспадарка» ААТ «Слуцкі мясакамбінат» Сяргей Аляксеевіч Варона. – У першую чаргу ўбіраем палеткі, пашкоджаныя засухай. Працуем з улікам надвор’я, урыўкамі. 
Для занятых на жніве арганізавана гарачае харчаванне, забяспечваюць працаўнікоў і мінеральнай вадой. На мехдварах працуюць душавыя. Шэраг заахвочванняў прадугледжаны ўмовамі працоўнага спаборніцтва. Штодзень у гаспадарцы падводзяць вынікі работы. 
– Стараемся, прыкладаем усе намаганні, каб мінімізіраваць страты. Іншы раз раней выедзем у поле, пазней затрымаемся. Цяжкае жніво, але справімся, – гаворыць аграном па ахове раслін сельгасарганізацыі  Аляксандр Дэмаш.
Працаўнікі сельгасарганізацый раёна разумеюць важнасць уборачнай кампаніі: яны змагаюцца за кожнае зярнятка, каб каравай Случчыны быў не меншы за мінулагодні.
Ірына КАВАЛЕНКА.

Похожие записи