Фестываль прайшоў 20 – 22 ліпеня ў Брэсце. У лёгкаатлетычным манежы ў розных відах спаборнічалі 56 сямейных каманд з дзеткамі ад 6 гадоў. Кукушкіны атрымалі дыплом I ступені ў старэйшай групе (па ўзросце дзяцей), а ў складзе каманды Мінскай вобласці сталі бронзавымі прызёрамі ў камандным заліку разам з дзвюма іншымі сем’ямі.

Як расказаў дырэктар фізкультурна-спартыўнага клуба «Трыумф» Георгій Рубэнавіч Амбарцумян, случчане другі раз удзельнічалі ў абласным этапе. Сёлета Случчыну прадстаўлялі дзве сям’і: Трайно і Кукушкіны. Кукушкіны сталі пераможцамі. Два конкурсныя этапы ўся сям’я праходзіла разам, гэта турысцкая эстафета і стрыт-бол. Таксама спаборнічалі мамы, таты і дзеці асобна: бег, падцягванне, адцісканне, дартс, паласа перашкод на самакаце і іншыя віды. І вось случчане – на рэспубліканскім фестывалі.

Першае ўражанне пасля знаёмства з сям’ёй Кукушкіных – дружныя, вельмі пазітыўныя, актыўныя, энергічныя. Так эмацыянальна расказвалі пра старты! Уражанняў пра фестываль – не пераказаць, калі ў двух словах – вельмі класна. Цудоўная атмасфера сямейнага сяброўства, узаемадапамогі, падтрымкі, разумення. Добрыя ўмовы правядзення спаборніцтваў і пражывання.
Кукушкіны – суперспартыўная сям’я. Валянціна і Ігар і пазнаёміліся на спартыўных спаборніцтвах, і дзяцей пачалі браць з сабой на ўсе мерапрыемствы, калі тыя былі яшчэ малыя. Дарэчы, усе трое маюць імёны на адну літару «Д»: Дзіяна жыве ў Мінску, фатограф з інжынернай адукацыяй, Данііл вучыцца ў гімназіі №2, Дар’яна – дашкольніца. Валянціна і Ігар разам працавалі ў ЖКГ, цяпер – на цукроварафінадным камбінаце, прымаюць удзел ва ўсіх спаборніцтвах. Яны абое любяць валейбол, займаюцца дартсам, у інтарэсах Ігара таксама баскетбол, гіравы спорт, ён цудоўны тэнісіст, адзначае жонка. Калі спатрэбіцца, і на лыжы ўстане. Данііл хадзіў на футбол, потым займаўся плаваннем, а цяпер – гандбаліст, трэніруецца ў спартшколе. На рэспубліканскім фестывалі «Мама, тата, я – здаровая сям’я» ў спаборніцтвах кінуў мячык на 54 метры! Не залічылі, з усмешкай уздыхае мама, таму што выйшаў за межы сектара, прыйшлося перакідваць на меншую адлегласць.
Пяцігадовая Дар’яна таксама была на фестывалі, праўда, удзельнічаць пакуль не магла па ўзросце. Але праз год, гавораць Валянціна і Ігар, сям’я выступіць, пэўна, у дзвюх узроставых групах – малодшай і старэйшай.
І на абласным, і на рэспубліканскім этапах фестывалю Кукушкіны паказалі добрыя вынікі (паглядзіце на здымку, колькі ў іх медалёў). На абласных спаборніцтвах у Маладзечне ў іх былі амаль усе першыя месцы, у Брэсце – другія-трэція ў сваёй групе, ды і ў агульнай колькасці ўдзельнікаў яны не згубіліся. А пасля сямейнай каманднай гульні ў стрытбол іншыя ўдзельнікі адзначалі незвычайнае ўзаемаразуменне і зладжанасць Кукушкіных. І ў асабістых заліках яны адзін аднаму падказвалі, падбадзёрвалі, жартавалі, падтрымлівалі спартыўны азарт. Спачатку хваляваліся, перажывалі, гаворыць Валянціна, але ж добрыя вынікі ў першых турах спаборніцтва надалі ўпэўненасці. – Наш тата здзівіў многіх падчас падцягвання. Ніхто не чакаў, што ён хоць раз выканае практыкаванне – усё-такі 110 кг вага, – усміхаецца яна. – А Ігар падцягнуўся 6 разоў. У дартсе выбіў 572 ачкі – стаў другім сярод 56 татаў.
– Валя паказала клас у скачках у даўжыню, – працягвае Ігар, – 187 см яе вынік. Увогуле ўсё атрымалася цудоўна.
Праўда, адзначае мама, хацелася б больш відаў спаборніцтваў для ўсёй сям’і. Агульная справа вельмі з’ядноўвае.
– Мы і перамаглі, таму што мы – сям’я, дружная, аб’яднаная агульнымі інтарэсамі, шчаслівая. Галоўнае – сіла духу, адчуванне моцнага пляча, разуменне, – падводзіць вынік Валянціна. – Было б цудоўна, каб у Слуцку падобныя мерапрыемствы таксама праходзілі не толькі ў дзіцячых садах і школах, а паміж прадпрыемствамі, напрыклад.
Георгій Рубэнавіч Амбарцумян згодны. Бацькам трэба больш кантактаваць з дзецьмі, паглыбляцца ў дзіцячы свет, а спорт і розныя спартыўныя мерапрыемствы – цудоўны спосаб для гэтага.
Ірына ВЕЧАР.