Літаратурна-музычная гасціная «Алімп» запрасіла на прэзентацыю кнігі случчанкі, жыхаркі аграгарадка Гацук, Зінаіды Паўлаўны Дубовік «Чырвоныя макі каля чорных варот». Мерапрыемства прайшло 4 мая ў зале Слуцкай раённай цэнтральнай бібліятэкі, прымеркавана яно да Года малой радзімы.
Зінаіда Паўлаўна – чалавек выдатнага таленту і сапраўднай мужнасці. Яе кніга – пранізлівай шчырасці аўтабіяграфічны аповед пра жыццё, пра тое, як знясіленая жанчына не скарылася цяжкай хваробе. Аповесць чытаецца лёгка, на адным дыханні. У ёй – само жыццё, дэталі побыту ў пасляваеннай краіне, людскія адносіны. У кнізе прадстаўлена вялікая падборка вершаў, шмат фатаграфій работ Зінаіды Паўлаўны, з яе сямейнага альбома.
Гэта вельмі цікавы расказ, шчыры, ад самага сэрца.
Падчас прэзентацыі ў бібліятэцы будзе працаваць выстава мастацкіх твораў Зінаіды Паўлаўны Дубовік: вышыўка і жывапіс, партрэты пісьменнікаў і краявіды. Разам з прозай і паэзіяй гэтыя работы складаюць поўную біяграфію нашай зямлячкі, раскрываюць нам усю шматграннасць таленту дзіўнай і стойкай жанчыны.
* * *
Чырвоныя макі
Хто з нас не марыць – употай ці відавочна – пра шчырую пранікнёную размову!.. Пра незабыўны дыялог… Пісьменнік і мастак Зінаіда Паўлаўна Дубовік з аграгарадка Гацук і распачне з вамі сардэчную гутарку – праз вершы і прозу, вышываныя іконы і партрэты. А галоўнае, праз сваю кнігу «Красные маки у черных ворот».
І кніга, і мастацкія творы прадстаўлены ў Слуцкай раённай цэнтральнай бібліятэцы. Сапраўдная падзея і свята!..
Зінаіда Паўлаўна – прывабная, таленавітая жанчына; ні хвароба, ні пакуты не змаглі перамагчы яе хараство і адметнасць. Нарадзілася яна ў 1940 годзе ў вёсцы Белая Лужа. З пяці гадоў цяжка хварэе. Ёй цяжка прысесці ці ўстаць, нават зрабіць крок. І таму Зінаіда Паўлаўна вышывае, малюе і піша вершы стоячы – да той пары, пакуль не зацякуць ногі.
Без мастацтва Зінаіда Паўлаўна сваё жыццё не ўяўляе. Творчасць – адзіны паратунак, які дазваляе ёй выжыць, выстаяць. Яе вершы і проза ўзнікаюць свабодна, быццам подых.
Яна давярае чытачу і шчыра раскрывае перад ім душу. Жанр кнігі «Красные маки…» – аўтабіяграфія. Стыль аповеду – чысты, ясны. Кніга Зінаіды Паўлаўны – сказ пра ўласнае жыццё, складанае і драматычнае, убачанае скрозь біяграфію Радзімы. Захавана імклівая плынь гісторыі, куды, як вядома, двойчы не ступіш. Успаміны ў кнізе паўстаюць як сведкі часу.
Некалькі гадоў таму мне давялося жыць у Слуцку. Я даведалася, што жыхарка аграгарадка Гацук Зінаіда Паўлаўна Дубовік са сваімі вышыўкамі тройчы ўдзельнічала ў міжнародным конкурсе «Філантроп». А ўдзельнікі там былі з Масквы, Лондану, Парыжу… Карацей кажучы, еўрапейскі ўзровень!
Я здзівілася, як гэта простай жанчыне так пашанцавала. І паехала знаёміцца… Зорка яе таленту, яе лёсу аказалася значна вышэй за ўсе форумы разам узятыя.
Адкрываю кнігу Зінаіды Паўлаўны, чытаю:
«Беру в руки тетрадь. На обложке города мира: Париж, Рим, Лондон. Сколько их на земном шаре, известных и не нанесенных на карту! Что же тогда говорить о деревнях! Большие и маленькие, они раскиданы по всей земле…
На высоком песчаном взгорке, среди болот и лесов, раскинулась моя деревня».
Сказана проста. У словах – спакойная годнасць, разважлівасць. Ніякага піетэту перад сталіцамі свету! Погляд на вялікія гарады, маленькія вёскі – роўны, лагодны. Быццам з нябеснай вышыні.
Вось што значыць чалавек з «глыбінкі»! А і праўда, што значыць? Зінаіда Паўлаўна тлумачыць у вершах:
«Глубинка – от слова «глубина»…
Самое ценное и дорогое лежит на дне,
В глубине морей и океанов,
В недрах земли, в глубине души.
Глубинка – часть глубины,
По-белорусски – часцінка,
Или моя половинка…»
Гэта пра родную зямлю.
Як пачалося яе жыццё? Пасля заканчэння вайны, у пяць гадоў, маленькая Зінаіда абязножыла: хвароба не давала хадзіць. У 1947 годзе трапіла ў спецыяльны дзіцячы санаторый у Еўпаторыі. Шэсць гадоў праляжала там – нерухомая, удалечыні ад бацькоў і роднага дому.
Калі вярнулася ў вёску, то ад людзей пачула: «Бачыш, і ногі зусім не трымаюць. Чым так пакутваць, лепш бы ты памерла…».
Горкая крыўда засцілала вочы, падступаў адчай. Але прага жыцця, пачуццё чалавечай годнасці аказаліся мацней за ўсё. Свой узлёт Зінаіда пачала з таго, што даравала тым людзям іх жорсткія словы і ўчынкі, нават пашкадавала іх. Хто тады ўглядваўся ў душу маладзенькай хворай Зінаіды?..
Зінаіда вярнулася дамоў у вёску з горкім, але своеасаблівым жыццёвым вопытам. Там, у Еўпаторыі, яна пазнала не толькі адзіноту і боль. Сярод цяжка хворых дзяцей ёй былі падораны радасць дружбы, святло юнацкага даверу. У лячэбным санаторыі Зінаіда скончыла сямігодку.
У лік сваіх сяброў яна назаўсёды залічыла Пушкіна, Льва Талстога, Гюго, Сервантэса, Якуба Коласа, Янку Купалу, Максіма Багдановіча. Іх кнігі вучылі любві, мужнасці, міласэрнасці. Яны не далі дзяўчынцы трапіць у палон адчаю.
Так, яе ногі і цела былі анямелымі, але дзейнічалі рукі, бачылі вочы. У лячэбніцы Зіна навучылася маляваць, вязаць, вышываць. Магутная воля да жыцця стварыла цуд. Зінаіда Паўлаўна, насуперак медыцыне, узнялася з ложка, з цяжкасцю, але стала на свае ногі, пачала паціху рухацца на мыліцах.
У хуткім часе паехала ў Мінск да замужняй старэйшай сястры – працягваць вучобу ў сярэдняй школе. Усе разам яны туліліся ў адным пакойчыку на кватэры. Зінаіда ледзь дабіралася да школы, а потым, з хворым пазваночнікам, ахопленая болем, сядзела шэсць гадзін за партай. І пры гэтым вучылася вельмі добра.
Пасля заканчэння школы працавала спачатку ў шавецкай майстэрні, потым – на трыкатажнай фабрыцы. У 1962-м годзе паступіла ў Мінскае медыцынскае вучылішча, якое скончыла на выдатна. Стала студэнткай завочнага аддзялення Мінскага педагагічнага інстытута. Але правучылася ў ім толькі два гады. Яна здымала жыллё, працавала на паўтары стаўкі… Урэшце набыла ўласную кватэру.
З цягам часу па стане здароўя яна змяніла вялікі горад на меншы, на Салігорск. У 45 пайшла на пенсію. Яе працоўны стаж на той час налічваў 25 гадоў. Ці не сам подзвіг гэтая лічба!..
Урэшце рэшт Зінаіда Паўлаўна пераехала ў аграгарадок Гацук. Яе дом чысты і светлы, заўсёды ў ім пануе цішыня і пакой. Яе часта наведваюць сябры і суседзі.
З Зінаідай Паўлаўнай назаўжды засталіся яе верныя паплечнікі – кнігі і іх аўтары, мастацтва і музыка. Яна прызналася:
– Я не магла самастойна перайсці вуліцу, але вандравала па ўсім свеце з героямі Дзюма, Сервантэса, Гюго. Я не магла ўбачыць прыгажосць Беларусі, але яе хараство мне адкрылі кнігі Янкі Купалы, Якуба Коласа, Максіма Багдановіча.
Сшыткі з вершамі папаўняюцца, і яна складвае іх на асобую паліцу. Зінаіда Паўлаўна ўпэўнена, у свой час усё ёю створанае будзе запатрабавана.
У багажы Зінаіды Паўлаўны Дубовік, паэта і мастака, не толькі годна пражытыя гады. У ім – невычэрпная энергія, святое здзіўленне перад светам і набытае майстэрства. І будзе працяг – уласных кніг, вершаў і выставак.
Работы Зінаіды Паўлаўны Дубовік
Ларыса САЛОДКІНА,
мастацтвазнаўца, журналіст,
лаурэат прэміі Саюза журналістаў Беларусі «Залатое пяро».
Фота Галіны ЛЕМЕШ.