Вельмі важна ў жыцці выбраць прафесію па душы, каб яна прыносіла задавальненне. Галоўны заатэхнік дзяржаўнага прадпрыемства «Саўгас «Рачкавічы» Беларускай чыгункі Генадзій Леанідавіч Вечар прыйшоў у прафесію выпадкова, але на лёс не скардзіцца: выбраная справа падабаецца.


Пасля заканчэння Танежыцкай сярэдняй школы Генадзій атрымаў спецыяльнасць ветэрынарнага ўрача ў Ляхавіцкім аграрна-тэхнічным каледжы, а потым завочна вывучыўся на заатэхніка ў Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі. Ужо пятнаццаць гадоў ён працуе ў саўгасе «Рачкавічы», дзесяць з іх – галоўным заатэхнікам.
Рабочы дзень заатэхніка пачынаецца яшчэ на досвітку, калі аператары машыннага даення спяшаюцца на работу, і зацягваецца да позняга вечара. У гаспадарцы дойны статак  – больш за 1 400 кароў. Генадзій Леанідавіч турбуецца, каб жывёла была накормлена, утрымлівалася ў добрых умовах, не хварэла, каб надзейна працавала ўсё тэхналагічнае абсталяванне. Даводзіцца штодзённа кантраляваць якасць малака і яго рэалізацыю, атрыманне прыплоду і шмат іншых пытанняў.
– Ветэрынарыя і заатэхнія цесна ўзаемазвязаны. Мне цікава, прыемна бачыць вынік сваёй працы, – гаворыць Генадзій Леанідавіч. – Кіраўнік саўгаса Мікалай Рыгоравіч Красуцкі вялікую ўвагу надае жывёлагадоўчай галіне, таму на трох малочнатаварных фермах сельгасарганізацыі сучасныя даільныя залы. Дойны статак – на круглагадовым стойлавым утрыманні.
У саўгасе «Рачкавічы» штодзень ад каровы атрымліваюць па 22,6 кілаграма малака, на 4 кілаграмы больш, чым на адпаведную дату мінулага года (124% да леташняга паказчыка). Генадзій Леанідавіч адзначыў, што павелічэнню вытворчасці малака садзейнічае збалансаваны па ўсіх паказчыках рацыён кармлення жывёлы,  селекцыйная работа, прафілактыка захворванняў. У гаспадарцы сёлета набылі новы кормараздатчык. Выкананне тэхналогіі даення кароў таксама дае свой плён: 90% малака рэалізавана дзяржаве экстра-класам. 
У полі зроку галоўнага заатэхніка і нарыхтоўка кармоў. У гаспадарцы назапасілі  травяністых кармоў на ўмоўную галаву жывёлы 13,6 цэнтнера кармавых адзінак – лепшы паказчык у раёне.
Прафесійнае майстэрства прыходзіць з гадамі. Галоўнае, каб у чалавека было жаданне. А яно ў Генадзія Леанідавіча ёсць, як і любоў да абранай прафесіі. Гэта многае значыць для паспяховай работы. 
Ірына КАВАЛЕНКА.

Похожие записи