Фотарэпартаж з Вежскай сярэдняй школы. Больш фота глядзіце ў нашай групе УКантакце: https://vk.com/public103016094?z=album-103016094_253132423
Для 1 452 выпускнікоў Случчыны празвінеў апошні школьны званок, урачыстыя лінейкі прайшлі ва ўстановах адукацыі 30 мая.
Такі чаканы, але ўсё ж сумны дзень…
Дзяўчаты-выпускніцы традыцыйна ў школьных сукенках, белых фартушках і з бантамі. Юнакам, здаецца, крыху няёмка ў святочным адзенні. Такія кранальныя, такія прыгожыя. Усе ўсхваляваныя: выпускнікі, іх бацькі, настаўнікі. Што чакае за парогам школы?..
У Вежскай сярэдняй школе сёлета віталі пяцярых выпускнікоў адзінаццатага класа: Вольгу Чарнушэвіч, Аляксандра Шукайла, Дзяніса Лаўрова, Дзмітрыя Казака, Данілу Давідоўскага. Для шасці дзевяцікласнікаў таксама адказная пара – першыя школьныя экзамены. Павіншаваў са святам апошняга званка дырэктар школы Уладзімір Францавіч Савіцкі. Пажаданні поспехаў, удачы, добрых вынікаў на экзаменах і цэнтралізаваным тэсціраванні, паступлення ў выбраныя ўстановы адукацыі і добрага адпачынку прагучалі ад старшыні Слуцкага райвыканкама Андрэя Уладзіслававіча Янчэўскага, дырэктара РСУП «Саўгас «Слуцк» Аляксея Сяргеевіча Родзіка, якія прысутнічалі на мерапрыемстве. Добрыя пажаданні і наказ – ад першай настаўніцы Вольгі Іванаўны Душэўскай і класнага кіраўніка Уладзіміра Уладзіміравіча Хомчыка, падзякі выпускнікоў настаўнікам і бацькам – трапяткія, цёплыя словы. Апошні школьны званок і паветраныя шары, якія паднялі дзіцячыя мары высока-высока… У школу яе выпускнікі будуць вяртацца зноў і зноў. Іх тут заўсёды чакаюць, прымуць з радасцю.
Класны кіраўнік выпускнога адзінаццатага класа Уладзімір Уладзіміравіч Хомчык са сваёй жонкай Галінай Міхайлаўнай працуе ў Вежскай сярэдняй школе з дня адкрыцця, выкладае фізіку і матэматыку.
– Кожны выпуск – зусім розныя дзеці. Гэты мой клас вельмі цікавы, іх запомню адначасова гарэзлівымі і паслухмянымі. Яны заўсёды адзываліся на мае просьбы і прапановы, калі мы вялі шчырую, даверлівую размову. Можа, таму што ў нас толькі адна дзяўчынка, мне з імі было прасцей. З хлопцамі і больш сур’ёзна гаварыць можна было, – расказвае Уладзімір Уладзіміравіч. – А ўвогуле яны малайцы і ўжо вызначыліся з прафесійным выбарам. Удачы ім!
У Вежскай сярэдняй школе ў гэтым годзе навучалася 61 дзіця. Для работы выбралі экалагічны кірунак, расказвае намеснік дырэктара школы Наталля Уладзіміраўна Гарадзецкая. І не дзіва: школа размешчана ў такім цудоўным месцы, што інакш і немагчыма. На тэрыторыі сад, прыгожыя хваёвыя расліны, кветкі. Ёсць нават цяпліца. У гэтым навучальным годзе вучань 9 класа Максім Тарасевіч (настаўніца Святлана Уладзіміраўа Кулік) атрымаў дыплом III ступені на раённай алімпіядзе па біялогіі (другі год запар). На розных раённых творчых конкурсах вучні настаўніка працоўнага навучання Віктара Іванавіча Гарадзецкага атрымалі тры дыпломы I ступені, дыпломы II і III ступеняў. Таксама навучэнцы педагога дадатковай адукацыі Алы Мікалаеўны Заяц адзначаны ў раённых конкурсах дыпломамі пераможцаў.
– Мы стараемся забяспечыць дзецям магчымасці развіваць свае інтэлектуальныя і творчыя здольнасці, імкнёмся зрабіць іх школьнае жыццё насычаным самымі рознымі падзеямі, – адзначыла Н.У. Гарадзецкая. – І вельмі прыемна, калі выпускнікі і праз некалькі гадоў прыходзяць да нас і дзякуюць, не забываюць сваю школу і настаўнікаў. Ну а мы чакаем новую змену – плануем прыняць сямёра першаклашак.
Ірына ВЕЧАР.