Палова шостай гадзіны раніцы… Аператары машыннага даення
МТК аг. Вясея ААТ «Вясейскі Пакроў» Святлана Чаркасава і Святлана Масюк – ужо
на працы, рыхтуюцца да ранішняга даення кароў. Па тым, з якім настроем і як
шпарка завіхаюцца, адчуваецца, што работу сваю жанчыны сапраўды любяць. Яшчэ і
музыку з песнямі пра каханне слухаць паспяваюць. Кажуць, песня добрая і жыць, і
працаваць дапамагае… А каб дасягаць добрых вынікаў у працы, трэба проста да
гэтага імкнуцца.
Святланы Валер’еўны кожны год дасягае
добрых вынікаў. Вось і за 10 месяцаў гэтага года ўдой на
карову ў іх склаў 7 832 кг малака (+ 1 091
кг да аналагічнага перыяду мінулага
года).
Рухавыя, жыццярадасныя, кажуць, да працы ў
сферы сельскай гаспадаркі прызвычаіліся
яшчэ з юнацкіх гадоў. Дзве Святланы, дзве суседкі-сяброўкі і слаўныя працаўніцы
ўжо з маладых гадоў дапамагалі сваім матулям на фермах, адна на Старадарожчыне,
другая тут – у Вясеі.
– Ганаруся, што вось ужо два гады як працую
на новым комплексе сельгасарганізацыі. Больш за 90% малака здаём экстра-класам,
а ў мінулым месяцы – і ўсе 100! І гэта вынік працы і тых, хто рыхтуе кармы, і тых, хто працуе на
комплексе разам з намі, – уключаецца ў размову Святлана Чаркасава. – Ды хіба можна
іначай! Матуля працавала даяркай 36
гадоў, ужо 17 гадоў аператарам машыннага даення працую і я. Мне ёсць з чым параўнаць, як было раней і
зараз. Паглядзіце, якія добрыя ўмовы для жывёлы – чысціня, бяспрывязнае
ўтрыманне… А для нас, работнікаў, – і пакой для адпачынку, і душавыя…
Толькі працуй – і зарплату высокую атрымаеш.
Разам з мужам, які працуе вадзіцелем у
сельгасарганізацыі, Святлана Валер’еўна выхавала дваіх дзяцей, сям’я трымае
гаспадарку. У вольны час – любяць завітаць да ўнукаў у горад.
– З дзяцінства мяне вучылі, што кароўка
– карміцелька наша. Так яно і ёсць, –
пераканана Святлана Масюк, якая не
толькі слаўная працаўніца на комплексе, але і матуля чацвярых дзяцей, трое з
якіх ужо дарослыя. Глядзіш і думаеш, як толькі паспявае гэта жанчына: і на
працы, і дома, ды яшчэ і кулінарка, кажуць, выдатная.
–
Адказныя, працавітыя, – гаворыць пра работніц загадчыца МТК Тамара Троцкая,
якая працуе ў сферы сельскай гаспадаркі каля 40 гадоў. – Добра працуе ў мяне і
другое звяно – Тамара Каржэвіч і
Святлана Беразоўская. На такіх людзях,
як мае дзяўчаты, і трымаецца вёска.
Наталля ГРАМЫКА.