Музей вёскі Гарадзішча адкрылі 19 мая. Знакавая падзея для мясцовых жыхароў і выхадцаў з Гарадзішча ў Год малой радзімы. Іх перад будынкам былой школы, а цяпер – музеем, сабралася нямала на прымеркаваную да дня музеяў урачыстасць: вяскоўцы, госці, блізкія, сваякі, сябры.
Не могуць нагаварыцца, радуюцца сустрэчы, успамінаюць, фатаграфуюцца… Атмасфера хвалюючая, радасная і трапяткая.
– Шкада, што толькі з часам разумееш, наколькі важна ведаць свае карані, – дзяліўся думкамі ўраджэнец Кальчыц Міхась Лях. – Адкрыцце музея – цудоўная падзея. Сюды будуць прыходзіць і з навакольных вёсак. Калі моладзь будзе ведаць і разумець, што гэта шчаслівае жыццё зрабілі нашы людзі, то і да сябе, да бацькоў сваіх, да Радзімы будуць ставіцца лепш.
Справа, распачатая старастай вёскі Гарадзішча Яўгеніяй Васільеўнай Сыцько з дапамогай Мікалая Іванавіча Гурыновіча, Уладзіміра Пятровіча Булгака, завершана. А дакладней сказаць, завершаны яе першы этап. Далей – пашырэнне экспазіцый, розныя мерапрыемствы для вучняў, для моладзі, для жыхароў Гарадзішча і ўсіх, для каго цікавая гісторыя радзімы і хто неабыякавы да цяперашняга дня, да будучыні. Гэта вельмі важная падзея і сапраўднае свята – такая думка ў словах кожнага, хто вітаў і віншаваў гарадзішчанцаў падчас адкрыцця музея вёскі.
Хвілінай маўчання ўшанавалі памяць заснавальнікаў музея, якія, на вялікі жаль, не дажылі да гэтай падзеі. Слёзы ў вачах прысутных гаварылі пра многае…
На мерапрыемстве прысутнічалі дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Валянціна Вітальеўна Ражанец, старшыня Слуцкага раённага Савета дэпутатаў Наталля Аляксандраўна Аўсяннікава, старшыня Бокшыцкага сельскага Савета дэпутатаў Уладзімір Віктаравіч Гарбенка. На ўрачыстасць запрасілі тых, чыімі імёнамі ганарацца жыхары вёскі, іх партрэты размешчаны ў залах музея: удзельніка Вялікай Айчыннай вайны Івана Пятровіча Лявончыка, воінаў-інтэрнацыяналістаў Аляксандра Мікалаевіча Сыцько, Анатолія Іванавіча Кур’яна, Аляксандра Міхайлавіча Гардзейчыка, Фёдара Іванавіча Шуманскага, Уладзіміра Анатольевіча Сыцько, ветэранаў працы Віктара Іванавіча Гурыновіча, Марыю Аляксееўну Грышкевіч, былую настаўніцу мясцовай школы Тамару Васільеўну Дзвінскую, а таксама навукоўцаў, ураджэнцаў Гарадзішча, кандыдата тэхнічных навук Ніну Пятроўну Салавей, кандыдата фізіка-матэматычных навук Марыю Пятроўну Салавей.
Валянціна Вітальеўна Ражанец падзякавала тым, хто ўдзельнічаў у стварэнні музея, за вялікую працу, за нераўнадушша. Кожны павінен пастарацца зрабіць штосьці карыснае для родных мясцін, не забываць іх, а Год малой радзімы павінен цягнуцца ўсё жыццё. У музей дэпутат перадала кнігу «Слуцкія паясы».
Гарадзішчанцам ёсць кім і чым ганарыцца, яны ўвесь час прымнажаюць славу сваёй зямлі, падкрэсліў Уладзімір Віктаравіч Гарбенка і пажадаў вяскоўцам, каб стала добрай традыцыяй збірацца ў музеі на значныя і не толькі падзеі.
Чырвоную ленту перарэзалі жонка М.І. Гурыновіча Ганна Мікалаеўна, старшыня сельвыканкама У.В. Гарбенка і стараста вёскі Гарадзішча Галіна Вадзімаўна Грак.
Кранальны верш Мікалая Іванавіча Гурыновіча пра любімую вёску прачытала яго жонка, падзякавала, што мару Мікалая Іванавіча ажыццявілі.
Анатолій Іванавіч Кур’ян заклікаў аднавяскоўцаў актыўна ўдзельнічаць у агульнай справе, кожны пакрысе, тады ў Гарадзішчы будзе зроблена яшчэ больш, вёска стане яшчэ прыгажэйшай.
Узрушаная падзеяй Валянціна Іванаўна Салавей, ураджэнка Гарадзішча, якая перадала музею некаторыя экспанаты, у тым ліку напісаныя яе татам і ёй творы, прысвечаныя роднай вёсцы, віншавала ўсіх са значнай культурнай падзеяй. Яна дзякавала людзям, якія аддалі і аддаюць гэтай справе сваю душу, сэрца, сваю працу і клопаты. Валянціна Іванаўна падкрэсліла, што людзі ў Гарадзішчы былі вельмі дружныя: разам пабудавалі ў 1926 годзе школу, разам перажылі Вялікую Айчынную вайну, хавалі дзяцей, каб не забралі іх на работы ў Германію… А як цяпер тут хораша: упарадкавалі могілкі, пабудавалі капліцу, з’явіўся парк і вось музей. Працвітання роднай вёсцы і яе жыхарам.
Многа цёплых слоў і падзяк гучала ў гэты дзень у адрас старасты вёскі Галіны Вадзімаўны Грак, настаўніц Бокшыцкай сярэдняй школы Наталлі Пятроўны Бартошык, Валянціны Станіславаўны Дзяшчэні і ўсіх іншых валанцёраў, прычынных да справы адкрыцця музея, ім уручылі сувеніры. Адзначылі самых актыўных у добраўпарадкаванні вёскі. Галасістыя прыгажуні – ансамбль народнай песні «Забава» і салісткі Бокшыцкага СДК – парадавалі цудоўнымі песнямі. Можна было палюбавацца вышыўкай Людмілы Мікалаеўны Хрыпачовай, карцінамі Алены Мікалаеўны Палячок, Аляксандр Анатольевіч і Таццяна Уладзіміраўна Пархімовіч прадставілі плеценыя з лазы вырабы.
А пасля ўрачыстага адкрыцця музея вяскоўцы і госці прайшлі ў яго залы. Надоўга затрымліваліся каля фотаздымкаў, уважліва разглядвалі… Дзяцінства, юнацтва, маладосць… Колькі падзей, колькі радасцей і горасцей перажыта разам, колькі кранаючых душу ўспамінаў… Хтосьці знайшоў фотадымкі сваіх бабуль і дзядуль, прабабуль, прадзядуль, хтосьці ўпершыню ўбачыў маці-гераінь, якія жылі ў вёсцы. Колькі эмоцый у наведвальнікаў каля фотаздымкаў выпускаў розных гадоў Гарадзішчанскай школы: а памятаеш…
Памяць – трывалая сувязь пакаленняў, натхняючая, жывільная сіла для душы і сэрца. Адкрыцце музея вёскі Гарадзішча – выдатная падзея. Тут сустрэліся памяць і жывая гісторыя, каб жыццё працягвалася, каб зноў і зноў праз дзесяцігоддзі ў музейных залах раздавалася: а ведаеш… а помніш…
Ірына МІРГАРАДАВА.