З надыходам па-летняму цёплага надвор’я случчане пацягнуліся на вадаёмы. Аб бяспецы многія задумваюцца далёка не ў першую чаргу. Ні настойлівыя парады ратавальнікаў,ні інфармацыя аб трагедыях на вадзе не спыняюць некаторых рызыкоўных людзей.
У рэйд па слуцкіх вадаёмах разам з прадстаўнікамі Слуцкага РАУС, РАНС і аддзела адукацыі, спорту і турызму Слуцкага райвыканкама адправілася карэспандэнт «Слуцкага краю».
Першы прыпынак – рака Случ. «Пляж» знаходзіцца ў канцы адной з вуліц прыватнага сектара. Мяркуючы па смецці, пакінутым пад кустамі, гэта месца сапраўды аблюбавалі для адпачынку аматары моцных напіткаў.
На кар’ерах каля гаражнага кааператыва «Треугольник» мы бачым адпачывальнікаў: загараюць мама з дачкой і кампанія моладзі.
– Вогнішча не наша! – убачыўшы нас, прыўздымаецца жанчына. – Тут хлопцы адпачывалі, нядаўна пайшлі, а агонь не затушылі.
Жанчына сказала, што прыйшла з дачкой проста пазагараць і пачытаць кнігу ў цішыні, на свежым паветры, купацца і не думаюць.
А вось моладзь вельмі здзівіла тое, што тут купацца забаронена:
– Чаму нельга? Таблічкі, якая забараняе, нідзе няма. Калі б вы не сказалі, мы б і не ведалі. Сёння купацца не збіраліся, проста гуляем, але калі б вада была цяплейшай…
Першых купальшчыкаў мы выявілі на так званым «танкавым мосце». Двое падлеткаў 16 і 17 гадоў, убачыўшы машыну міліцыі, паспешліва выбраліся з вады і пачалі нацягваць адзенне.
Хлопцаў здзівіла, што ў гэтым месцы купанне забаронена.
– Мы ж не ведалі, што нельга. Дарэчы, чаму? А дзе тады можна? – задавалі пытанні падлеткі, пакуль супрацоўнік міліцыі складаў пратакол.
– Тут дно абрывістае, рэзкія перапады глыбіні, вада не адпавядае нарматыўным патрабаванням, – давалі тлумачэнні ўдзельнікі рэйду. – А няведанне законаў не вызваляе ад адказнасці.
Цяпер бацькі падлеткаў мусяць заплаціць штраф. Пакупаліся хлопцы на суму да трох базавых велічынь.
На іншым вадаёме таксама нямала адпачывальнікаў, праўда, людзі больш рыбачаць. У вадзе заўважаем толькі хлапчукоў ва ўзросце ад 8 да 11 гадоў. Пакуль бацькі займаюцца хатнімі справамі, вырашылі пакупацца, бо горача.
– Вы не турбуйцеся, мы ўмеем плаваць! І ведаем, як ратаваць, куды тэлефанаваць, – тлумачылі хлапчукі, не зусім разумеючы, чаму на іх сярдзіта глядзяць дарослыя.
Дзецям растлумачылі, дзе можна купацца, і адправілі па дамах.
Кампанія сямнаццацігадовых падлеткаў была на возеры каля вёскі Камора. Хлопцы загаралі, слухалі музыку.
– Мы вадой толькі змываем з сябе пясок. Ведаем, што купацца нельга, тут жа таблічка стаіць, – відавочна, хлопцы не хлусілі. – А пазагараць можна, не ўсё ж дома за камп’ютарам сядзець.
Вяртаючыся ў горад, у раёне вуліцы Сярогіна мы заўважылі густы слуп дыму ля ракі. На тое, што там нехта смажыць шашлык, падобна не было.
Гарэў сухі чарот на даволі вялікім участку. У высокім полымі гарэла ўжо і зялёная трава. Да жылых дамоў было метраў трыста, у дварах як ні ў чым не бывала працавалі людзі. А варта б ветру памяняць кірунак – і быць бядзе… Уразіла абыякавасць людзей, ніхто не выклікаў пажарных. Гэта зрабілі мы.
Невыкананне правілаў бяспечных паводзін на вадзе, абыходжання з агнём прыводзіць да бяды. Памятайце пра гэта.
Рэйдавыя мерапрыемствы працягнуцца.
У Слуцкім раёне вызначаны дзве зоны адпачынку, у якіх дазволена купанне: пляж на рацэ Случ у 11-м гарадку і пляж вадасховішча Рудня.
Ірына МАЛЯЎКА.