У адным з двароў на вуліцы Жукава работнікі Слуцкай ЖКГ бетанавалі кантэйнерную пляцоўку. З бетонамяшалкі падаваўся цэментавы раствор, работнікі разраўноўвалі яго рыдлёўкамі. Спрытныя, дакладныя, вывераныя практыкай дзеянні, на маіх вачах пляцоўка набывала новае аблічча. Плануецца, што тут размесцяць новыя пластмасавыя кантэйнеры для цвёрдых бытавых адходаў. У ліку тых, хто выконваў работу, – Уладзімір Гурыновіч.
– Уладзімір Віктаравіч Гурыновіч – адметны працаўнік вытворчага гаспадарчаразліковага цэха Слуцкай ЖКГ, валодае некалькімі спецыяльнасцямі, адказны, старанны, з любой работай спраўляецца хутка, якасна, – падкрэсліў начальнік аддзела арганізацыйна-кадравай работы КУП «Слуцкая жыллёва-камунальная гаспадарка» Віктар Гаркавы. – Фотаздымак Уладзіміра Гурыновіча размешчаны на Дошцы гонару Слуцкага раёна.
Уладзімір Гурыновіч сапраўды адданы камунальшчык, працуе ў Слуцкай ЖКГ 17 гадоў. Яго з упэўненасцю можна назваць спецыялістам шырокага профілю: дахаўшчык, цясляр-бетоншчык, слесар-рамонтнік, прамысловы альпініст.
– Уладзімір Віктаравіч, навыкі па ўсіх вашых спецыяльнасцях прымяняеце на практыцы?
– Работа ў камунальнай сферы абумоўлівае рознабаковасць прафесійнага вопыту. І я, і многія мае калегі валодаюць сумежнымі прафесіямі. Працу ў ЖКГ пачынаў слесарам-рамонтнікам, – расказвае Уладзімір Віктаравіч. – Аднак з цягам часу захацелася паспрабаваць сябе і ў іншых справах, ды вышэйшая заработная плата – таксама матывацыя. Прайшоў адпаведныя курсы, авалодаў прафесіямі дахаўшчыка, прамысловага альпініста. З задавальненнем працую «на вышыні» – на рамонце дахаў шматпавярховак. Тэхналогія работы абумоўлена матэрыялам пакрыцця даху, выкарыстоўваем тэхнаніколь, шыфер, іншыя матэрыялы. Як прамысловы альпініст разам з калегамі выконваю таксама работы па ізаляванні стыкаў сценавых панэляў шматпавярховых дамоў. Не так даўно займаліся ізаляваннем стыкаў на некаторых дамах на вуліцах Чэхава, Маладзёжнай у Слуцку. Працуем пад кіраўніцтвам майстра Віктара Уладзіміравіча Кудзёлкі, у брыгадзе дзейнічае прынцып узаемадапамогі, у нашай справе без гэтага ладу не будзе.
Што і казаць, работа камунальшчыкаў не з лёгкіх, патрабуе штодзённай аддачы фізічных сіл, пад пякучым сонцам ці праліўным дажджом, іншы раз без нарміраванага рабочага дня і магчымасці адпачыць. Вось і мой субяседнік расказвае, што не раз даводзілася так працаваць падчас аварыйных сітуацый, напрыклад, калі ў шматкватэрным доме пацёк дах…
– Цяжкая ў Вас справа, не ўзнікала думкі шукаць «больш лёгкага хлеба»?
– Работа ў нас сапраўды – камунальны фронт, інакш і не назавеш, – усміхаецца мой субяседнік. – Але я да яе прывык, падабаецца. Я ўраджэнец Слуцка, і для мяне важна, які ёсць і будзе наш родны горад, у якім жыве мая сям’я, мае дзеці. Заўсёды вельмі прыемна, калі паляпшаецца камфорт пражывання случчан, калі бачыш свой уклад у добраўпарадкаванне горада. Дарэчы, вельмі маляўніча ён выглядае з вышыні…
Уладзімір Гурыновіч мнагадзетны тата: разам з жонкай Святланай гадуюць дачушку і двух сыноў, самаму маленькаму Максіму ўсяго паўтара года. Сям’я Гурыновічаў пакуль пражывае ў інтэрнаце, але з выкарыстаннем жыллёвай ільготы для мнагадзетных сем’яў будуюць кватэру.
Добры, працавіты, сціплы чалавек, які жыве з клопатам пра Слуцк, пра малую радзіму. Падумалася, на гэтых людзях трымаецца прыгажосць і камфорт роднага краю, працу якіх, на жаль, мы не заўсёды цэнім і заўважаем…
Наталля СЕЛЯЗНЁВА.