Асноўныя пасяўныя работы ў сельгасарганізацыях Слуцкага раёна выкананы, але напружаны тэмп палявых клопатаў не зніжаецца. У гаспадарках завяршаецца сяўба кукурузы, пад якую адведзена ў раёне 20 680 гектараў, у тым ліку 4 200 гектараў на зерне.
Плошча пад кукурузу ў Слуцкім раёне адна з самых вялікіх у вобласці. І гэта невыпадкова, бо кукуруза – універсальны корм для жывёлы. Каб восенню ўраджай парадаваў, пільная ўвага надаецца захаванню тэхналогіі і якасці сяўбы. У раёне кукурузай ужо засеялі 74% неабходнай плошчы, завяршаюць сяўбу царыцы палёў у саўгасе «Рачкавічы», эксперыментальнай базе «Танежыцы», ААТ «Сорагі-Агра».
– Каб кукуруза парадавала высокім ураджаем, дала багаты запас кармоў, трэба нямала і старанна папрацаваць, – падкрэсліў галоўны аграном ААТ «Слуцкая Ніва» Сяргей Сяргеевіч Бортнік. – І самае галоўнае – захаваць усе агратэхнічныя патрабаванні. У нашай сельгасарганізацыі пад гэту культуру адведзена 750 гектараў, ужо засеялі 666 гектараў.
Як адзначыў С.С. Бортнік, адным з важных фактараў зладжанай і арганізаванай працы падчас адказных палявых работ з’яўляецца надзейная падрыхтоўка тэхнікі.
– Работнікі гаспадарак раёна ведаюць, што пасяўная – гэта падмурак будучага ўраджаю. Механізатары на працягу адказных сельскагаспадарчых кампаній забяспечаны двухразовым харчаваннем, на мехдварах працуюць душавыя, – расказвае старшыня Слуцкага райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Таццяна Ігараўна Гурбо. – Для таго, каб у людзей быў стымул для плённай працы, распрацавана сістэма аплаты, якая дазваляе добра зарабіць, прадугледжаны меры матэрыяльнага і маральнага стымулявання.
Аграрыі раёна старанна працуюць, каб іх карпатлівая праца была ўзнагароджана багатым ураджаем. Хутка ў гаспадарках раёна пачнецца не менш адказная кампанія – нарыхтоўка кармоў.
Ірына КАВАЛЕНКА.