Для юнакоў, якія ў хуткім часе адправяцца на тэрміновую службу ва Узброеныя Сілы Рэспублікі Беларусь, правялі невялікую экскурсію па тэрыторыі брыгады.


Прызыўнікам паказалі казармы, спартыўныя аб’екты. Яны даведаліся пра арганізацыю салдацкага побыту. Таксама будучыя абаронцы Айчыны наведалі музей транспартных войскаў Беларусі.

Удзельнікі мерапрыемства ўсклалі кветкі да помнікаў Героям Савецкага Саюза П. Купрыянаву і П. Мірашнічэнку, ушанавалі памяць загінулых у Вялікай Айчыннай вайне.

З наказам выступілі ганаровыя госці.

Ваенны камісар ваеннага камісарыята Слуцкага і Старадарожскага раёнаў палкоўнік Аляксандр Міхайлавіч Петравец адзначыў, што служба ў арміі загартоўвае і маральна і фізічна, умацоўвае сапраўдныя каштоўнасці.

– Вам выпаў гонар служыць у часцях і падраздзяленнях Узброеных Сіл Беларусі, абараняць мірную працу вашых родных і блізкіх, – гаварыў Аляксандр Міхайлавіч. – Насіце вайсковую форму з гонарам і годнасцю!

Намеснік начальніка аддзела ўнутраных спраў Слуцкага райвыканкама Андрэй Міхайлавіч Заяц паведаміў, што пасля заканчэння вайсковай службы юнакоў будуць рады бачыць у радах супрацоўнікаў органаў унутраных спраў.

Прызыўнік Раман Захаранка запэўніў, што маладое пакаленне будзе годна служыць, старанна вучыцца ваеннай справе, каб у любы момант быць гатовымі да абароны Радзімы.

– Наказ служыць сумленна і годна мы выканаем!

У канцы мерапрыемства будучым салдатам ганаровыя госці ўручылі павесткі.

Ірына МАЛЯЎКА.





Похожие записи