Зараз у работнікаў сельскагаспадарчай галіны вельмі напружаны і гарачы час – пачалося жніво. Мы часта чуем «барацьба за ўраджай». Гучыць зычна, але ж тыя, хто штодзень шчыруе на палетках, ведаюць – гэта сапраўды барацьба, за кожнае зярнятка. Ад вынікаў уборачная кампаніі залежаць харчовая бяспека краіны, наша будучыня.
Няма такога: закінуў зерне ў глебу і забыў. Не. Так нічога не атрымаецца. Зямлі-карміцельцы круглы год неабходна кланяцца, што і робяць нашы аграрыі.
Каб атрымаць добры ўраджай, работнікам сельгасарганізацый трэба добра пастарацца: падрыхтаваць глебу, унесці ўгнаенні, якасна засеяць палеткі, своечасова пакарміць пасевы, апрацаваць… Калі вытрыманы ўсе тэхналогіі, тады можна разлічваць на добры вынік. Ды немалаважны фактар, каб нябесная канцылярыя не падвяла. Тады і ўраджай будзе, і доўгі рубель у гаспадарцы.
«Мы чакаем нядрэнны ўраджай, але яго трэба ўзяць. Няхай у нас будуць лішкі збожжа і гэтак далей. Але ж гэта ніколі не перашкодзіць. Гэта золатавалютны наш запас», – падкрэсліў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падчас нарады з прэм’ер-міністрам краіны.
Работнікі сельскагаспадарчых арганізацый гэтымі днямі праводзяць свае працоўныя будні ў полі, на збожжатоках, за рулём камбайнаў і машын. Уклад у раённы каравай уносіць і моладзь. Як заўсёды, у аграрыяў раёна – вялікі фронт работы. Завяршылі ўбіраць азімы ячмень, які спее амаль на два тыдні раней, чым іншыя асноўныя збожжавыя. Для работнікаў сельгасарганізацый гэта магчымасць, у тым ліку, абкатаць камбайны, выявіць магчымыя недахопы і ліквідаваць іх перад масавай уборкай.
Больш пільная ўвага азімаму ячменю з боку Прэзідэнта краіны і Мінсельгасхарча надаецца ў апошнія тры гады. За гэты час плошчы гэтай культуры ў краіне павялічылі з 70 тысяч да 263 тысяч гектараў. Не выключэнне і Слуцкі раён: амаль на дзве з паловай тысячы ў параўнанні з мінулым годам павялічылі плошчу пад азімы ячмень.
Будучы ўраджай у палях, сказаў прэм’ер-міністр Раман Галоўчанка на селектарнай нарадзе па пытаннях аграпрамысловага комплексу, сфарміраваны нядрэнна. «Ён будзе большым, чым у мінулым годзе, – падкрэсліў Раман Галоўчанка. – Найважнейшая задача – не дапусціць яго страты. Гэта дасягаецца правядзеннем уборкі ў аптымальныя тэрміны з максімальнай арганізацыяй усіх людскіх, матэрыяльных і фінансавых рэсурсаў».
Ужо пераязджаюць камбайны на рапсавыя палеткі, пачынаюць і азімую пшаніцу жаць. Хутка пачнецца масавая ўборка збожжавых. Аграрыі нашага раёна добра падрыхтаваліся да жніва. На ўборачнай будзе задзейнічана 123 камбайнавыя экіпажы, у тым ліку 10 маладзёжных, 119 вадзіцеляў, з іх 12 маладых. Паклапаціліся ў сельгасарганізацыях і пра стварэнне добрых умоў працы: наладжана гарачае харчаванне, працуюць душавыя, за выкананнем працоўнага заканадаўства сочаць прафсаюзы. Па традыцыі лідараў жніва віншуюць з працоўнымі перамогамі. Так, першым у Слуцкім раёне перавёз больш за тысячу тон збожжа вадзіцель ААТ «Казловічы-Агра» Аляксандр Пракаповіч. Летась ён таксама быў першым.
Няма сумнення, што аграрыі Беларусі зладжана спрацуюць – своечасова ўбяруць ураджай з палёў. А інакш быць не можа. Бо мы – беларусы, сэрцам адданыя роднай зямлі.
Ірына КАВАЛЕНКА.