Часам складваецца такое ўражанне, што некаторыя жыхары нашага горада да гэтага часу не вызначыліся, дзе ставіць коску ў гэтым выразе. Кучы смецця на вуліцах, у дварах, асабліва пасля сходу снега, яскрава сведчаць пра гэта.
У чарговы рэйд разам з прадстаўнікамі Слуцкай ЖКГ і Слуцкага занальнага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі адправілася карэспандэнт газеты «Слуцкі край».
Першы прыпынак – каля адной са шматпавярховак па вуліцы Гагарына, побач бетонны плот, пад якім – горы шкляных бутэлек і іншага смецця. Побач знаходзіцца станцыя тэхабслугоўвання, шынамантаж. На тэрыторыі арганізацый чысціня і парадак, выкладзена плітка, акуратныя боксы, высаджаны туі, а за плотам – зараснікі леташняй травы з сапраўды гіганцкімі кустамі чартапалоху і бытавым смеццем.
Тэрыторыя, згодна з рашэннем Слуцкага райвыканкама, замацавана за ўладальнікам грузавога шынамантажу.
– У мяне ўжо ёсць гектар зямлі з іншага боку, да самых Міхеек, – паясніў мужчына, – я своечасова яго абкошваю і прыбіраю.
Далей камісія наведала гаражныя кааператывы на той жа вуліцы. Убачанае, на жаль, не парадавала. Уздоўж гаражных боксаў можна ўбачыць старыя шыны ад аўтамабіляў, галлё, паперу, пластыкавыя і шкляныя бутэлькі, поліэтылен і іншае смецце.
Відаць, што адміністрацыя кааператыву спрабуе змагацца з нядобрасумленнымі аўтаўладальнікамі. На адной са сцен заўважаем надпіс: «Майце сумленне! Не кідайце смецце!». І як насмешка – тут жа велізарная звалка.
Не менш здзівіў іншы гаражны кааператыў, дзе паўразбураны бокс даверху напоўнены мяшкамі са смеццем. Такая своеасаблівая гаражная звалка бытавых і не толькі адходаў. Прычым яна тут ужо не месяц і не два. Які там будзе стаяць «водар», калі прыгрэе сонейка, і падумаць страшна. Але, мабыць, уладальнікам бліжэйшых гаражоў нічога не перашкаджае.
Тэрыторыя каля былога вайсковага шпіталя выглядае так: зараснікі, леташняя трава, старыя адзенне і абутак, патануўшая ў іншым смецці канапа, будаўнічае смецце. Сумна і непрыемна…
Наступны прыпынак у скверы каля гарадскога цэнтра традыцыйнай культуры. Тут у цэлым даволі чыста, толькі галлё ды леташнюю лістоту варта было б прыбраць.
Па-ранейшаму забруджаны невялікі ўчастак за цэнтральнай раённай бальніцай. Перапоўненая сметніца, не скошаная з мінулага года трава, смецце. Такую карціну назіралі і летась. Побач – жылыя дамы і дзіцячая пляцоўка.
Па выніках рэйду ў адказныя службы будуць накіраваны лісты з патрабаваннем ліквідаваць выяўленыя стыхійныя звалкі. Але многае залежыць і ад саміх гараджан. Некаторыя лічаць, што падтрыманне парадку задача ЖКГ, дворнікаў, яны за гэта грошы атрымліваюць. Але ж пакуль мы самі не навучымся ўтрымліваць у чысціні свой дом і двор, тэрыторыю побач, камунальшчыкі не дапамогуць.
Смеціць – гэта непавага ў першую чаргу да сябе. Давайце ж думаць і пра сябе, і пра наваколле. І ў Год малой радзімы ўсе разам навядзём парадак на зямлі.
Ірына МАЛЯЎКА.