Нагодай для наведвання 30-й асобнай чыгуначнай брыгады стала добрая навіна: салдат тэрміновай службы Яўгеній Варона заняў прызавое месца ў чэмпіянаце Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь па рукапашным баі. 

Яўгенія прызвалі на службу ў маі мінулага года. Тут жа ў брыгадзе служыць і яго старэйшы брат Уладзіслаў Міхайлавіч Варона – намеснік камандзіра 77-га асобнага Чырванасцяжнага чыгуначнага маставога батальёна па тэхнічнай часці.  Два браты… Але такія розныя. 
Яўгеній закончыў каледж электратэхнікі па спецыяльнасці электраманцёр-зваршчык, працаваў у розных арганізацыях. Ён прызнаецца, што спачатку служыць у арміі не хацеў. 
– Праходжу службу ў асобным рамонтным батальёне. У пункце тэхнічнага абслугоўвання і рамонта абслугоўваем тэхніку, якая знаходзіцца на ўзбраенні брыгады. Таксама штотыдзень праходзяць заняткі па ідэалагічнай, баявой, страявой падрыхтоўцы, абавязкова – фізпадрыхтоўка. У выхадныя дні наведваем кіно, магчымы святочныя канцэрты, – расказвае Яўгеній. – Ужо за гэты час я адчувальна змяніўся. Стаў цаніць час, паспакайнеў.
У лютым Яўгеній на адборачных спаборніцтвах па рукапашным баі стаў лепшым у сваёй вагавой катэгорыі, а на чэмпіянаце Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь па гэтым відзе спорту заняў другое месца, за што атрымаў медаль, грамату. 
Вайсковец – майстар спорту па баявым самба, неаднаразовы прызёр чэмпіянатаў і кубкаў краіны па розных відах адзінаборстваў.
– Займаюся спортам з дзяцінства. Назапашаны вопыт і былыя трэніроўкі дазволілі мне адолець сапернікаў, – гаворыць Яўгеній. – Падчас службы не пакідаю заняткі. Займаюся ў вольны час пасля вячэры. Перад кубкам на зборах быў, трэніраваліся. 
Уладзіслаў – стрыманы, разважлівы. Справай свайго жыцця выбраў мужчынскую прафесію – служыць Радзіме. Паступіў на ваенны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта транспарта ў Гомелі па спецыяльнасці інжынер-механік. Пасля заканчэння маладога спецыяліста размеркавалі ў 30-ю асобную чыгуначную брыгаду камандзірам узвода, потым быў камандзірам роты забеспячэння вучэбнага працэса, у жніўні 2017 года прызначылі намеснікам камандзіра 77-га асобнага Чырванасцяжнага чыгуначнага маставога батальёна па тэхнічнай часці.
У полі зроку Уладзіслава Міхайлавіча – тэхнічны стан узбраення, правільная яго эксплуатацыя. 
– У асноўным у нас маставая маёмасць, рамна-эстакадныя масты, аўтамабілі, інжынерная, чыгуначная тэхніка. Усё павінна быць спраўным і быць гатовым да выканання асабовым саставам задач па прызначэнні, – гаворыць Уладзіслаў Міхайлавіч.  – Выбраная прафесія падабаецца, знаходжу агульную мову з асабовым саставам. 
Уладзіслаў Міхайлавіч упэўнены, служба патрэбна для моладзі. Многія атрымліваюць спецыяльнасць, якая потым дапамагае ў жыцці. Набываюць пэўны вопыт, павышаюць кваліфікацыю. Юнакі становяцца больш самастойнымі. 
Дарэчы, змяніў свае адносіны да службы ва Узброеных Сілах і Яўгеній. Падчас размовы ён паведаміў, што разглядае магчымасць застацца на службу па кантракце. 
Ірына КАВАЛЕНКА.

Похожие записи