Дзіцячае атлусценне – адна з надзённых праблем педыятрыі ў многіх краінах свету. Беларусь – не выключэнне. Зразумела, што прычына – у няправільным харчаванні і недахопе фізічнай нагрузкі. Здавалася б, дастаткова збалансаваць гэтыя два фактары – і праблема будзе вырашана. Але чаму тады яна застаецца актуальнай? Пра тое, што правільнае харчаванне дзіцяці – падмурак яго здароўя ў будучыні, пастаянна паўтараюць медыкі і дыетолагі.
Крыніца: «Звязда»
Прычыны відавочныя і невідавочныя
Шкодныя стэрэатыпы з мінулага
Што ў славянскай культуры спрадвеку лічылася меркай здароўя дзіцяці? Правільна: добры апетыт і круглыя чырвоныя шчочкі. «Асілкам расце!» – замілоўваюцца пажылыя суседкі. Змагацца з такім стэрэатыпам няпроста, бо яго карані ў мінулым нашай краіны. У страшных гадах вайны і пасляваенных цяжкіх, галодных часах, у памятным сучасным 50–60-гадовым савецкім дэфіцыце, калі даводзілася стаяць у доўгіх чэргах… З таго часу шмат што змянілася. Сёння недахопу ў прадуктах харчавання няма і не трэба запашваць калорыі ў сваім арганізме. Памяняліся і ўмовы жыцця: сучасным дзецям не даводзіцца дабірацца да школы пешшу за некалькі кіламетраў, не трэба ім ні ў вёсцы, ні тым больш у горадзе гадзінамі працаваць па гаспадарцы. Больш за тое, нават бегаць з аднагодкамі ў двары ў цяперашняй дзятвы ўжо «не модна». Затое цэлы-мі днямі і першаклашкі, і падлеткі сядзяць спачатку на ўроках у школе, потым, ужо дома, – за «дамашкай», у вольны час – у гаджэтах. Змянілася ўсё. А стэрэатып аб добрым апетыце застаўся. Гэтак жа, як і іншая «спад-чына»: «Еш з хлебам!»; «У нас таварыства чыстых талерак»; каларыйная вячэра непасрэдна перад сном; хлеб з маслам, бульба з адбіўнушкай і макарошкі з катлетай (вугляводы + тлушчы – энергетычная бомба для арганізма); «Смачнае на трэцяе!» – здоба, шакаладныя цукеркі, дэсерт як завяршэнне трапезы.
Сюды ж аднясём і традыцыю ўзнагароджваць або суцяшаць дзіця «смачненькім» як фактар хуткага фарміравання харчовай залежнасці.
«Дэлегаванне паўнамоцтваў»
Па меры сталення ў рацыёне сучаснага дзіцяці хутка з’яўляюцца не надта карысныя стравы з багаццем солі, заправак, фарбавальнікаў і кансервантаў. Досыць рана дзіця пачынае праводзіць значную частку часу ў арганізаваных калектывах (садок, школа), дзе яго харчаваннем, адпаведна, займаюцца не бацькі, а іншыя. Да таго ж дзіця само, па сваім меркаванні, траціць кішэнныя грошы. Заўважым, што гэта не камень у агарод школьнага ці дашкольнага харчавання. У апошнія гады ў нашай краіне гэтым пытаннем спецыялісты заняліся на дзяржаўным узроўні, і сёння можна казаць, што ў дзіцячых установах харчаванне збалансаванае і адпавядае прынцыпам дыеталогіі. Але ж дзіця есць не толькі ў школьнай сталовай. Па дарозе са школы, ідучы на гурткі ці ў секцыі, яно купляе гамбургеры, чыпсы, салодкую газіроўку, сокі з залішнім утрыманнем цукру, шакаладныя батончыкі, арэшкі ў глазуры, іншыя некарысныя прадукты. Ды і самі бацькі песцяць дзіця смачненькім, падтрымліваючы няправільныя харчовыя звычкі. Псіхолагі і дыетолагі па ўсім свеце вінавацяць у «эпідэміі» атлусцення непаўналетніх рэкламу, якая прыцягвае ўвагу дзяцей да прысмакаў і фастфуду.
Няправільныя звычкі ў сям’і
«У нас у родзе ўсе аб’ёмныя», «Гэта гены», «Проста косць цяжкая»… Эндакрынолагі сведчаць: такія сцвярджэнні – не больш за самападман. Сапраўды, статыстыка пацвярджае: калі адзін з бацькоў мае лішнюю вагу, дзіця дасягне тых жа памераў у 30% выпадкаў: калі ж поўныя і маці, і бацька, то малы пойдзе па іх шляху ў 60% выпадкаў. Але гены тут звычайна ні пры чым. Бывае, што лішняя вага дзіцяці звязана з генетычнымі захворваннямі, але падобных выпадкаў каля 1% ад усіх зваротаў наконт атлусцення непаўналетніх. Значна часцей прычына лішняй вагі дзяцей (як і іх бацькоў) у сямейных звычках, адсутнасці культуры здаровага харчавання. На працягу апошняга стагоддзя навукоўцы адкрылі больш за дзясятак генаў атлусцення, але асаблівасць гэтых генаў у тым, што іх уздзеянне зводзіцца на нішто правільным харчаваннем і фізічнымі нагрузкамі. Калі бацькі праводзяць выхадныя перад тэлевізарам, ужываючы піцу, зразумела, што наўрад ці іх дзеці ўпадабаюць вараную брокалі і замест прагляду кіно адправяцца на трэніроўку. Асабліва небяспечная адсутнасць фізічнай нагрузкі ў перыяды з 5 да 7 і з 12 да 17 гадоў, адзначаюць дыетолагі: у гэтыя ўзроставыя прамежкі арганізму ўласціва рэзкае павелічэнне масы цела. Дарэчы, парушэнне рэжыму сну таксама падвяргае ваша дзіця рызыцы набору лішняй вагі: недасыпанне правакуе выпрацоўку гармону голаду.
Недастатковая ўвага бацькоў
Дыетолагі гавораць: большасць дзяцей і падлеткаў бацькі прыводзяць да спецыялістаў, калі вага ўжо набліжаецца да 90 – 100 кг. Пры гэтым медыцынская картка такога дзіцяці бывае не менш пухлай, чым яе ўладальнік. Але бацькі адмахваюцца ад слоў медыкаў, упэўненыя: іх дзіця спажывае не так і шмат калорый, ды і з фізічнай актыўнасцю ў яго ўсё ў парадку. Вырасце – пахудзее, калі захоча. Між тым нярэдка адказы на пытанні «Чаму маё дзіця часта хварэе?» і нават «Чаму дрэнна вучыцца?» можа даць дыетолаг. Бо шмат у чым гарманічнае развіццё арганізма, які расце, вызначае тое, што гэты самы арганізм здолеў узяць з ежы на пабудову сябе: амінакіслоты (падмурак з бялку), тлушчы (будматэрыял для клетак), вугляводы (чыстая энергія), вітаміны, мікра- і макраэлементы (каталізатары ўсіх абменных працэсаў у арганізме), ваду. Адсутнасць або недахоп тых ці іншых элементаў у харчаванні – і ўсе рэакцыі ў арганізме запавольваюцца: мы атрымліваем павольны абмен рэчываў, зніжэнне імунітэту і нават у шэрагу выпадкаў – праблемы з паводзінамі. Не кажучы ўжо пра нізкую самаацэнку, а часта і непапулярнасць у калектыве аднагодкаў.
Чым пагражаюць лішнія кілаграмы?
– Лішняя вага дзіцяці – не толькі і не столькі праблема эстэтычная, – падкрэслівае валеолаг Лілія Кацер. – Залішняя маса цела перагружае ўсе органы і сістэмы юнага арганізма. Павялічваецца рызыка развіцця цукровага дыябету другога тыпу. А гэтае захворванне, калі развілося раней за 18 гадоў, у перспектыве скарачае працягласць жыцця. Так што бацькам важна думаць аб будучыні сына ці дачкі.
Атлусценне ў перспектыве можа стаць прычынай яшчэ шэрагу за-хворванняў, падкрэслівае спецыяліст. Напрыклад, мужчынскага і жано-чага бясплоддзя. Моцна пакутуе пры атлусценні печань – у шэрагу выпадкаў залішняя вага прыводзіць да яе хранічнай тлушчавай дыстрафіі і гепатозу (наступная стадыя – цыроз). Калі атлусценне мае дзіця ці падлетак, то хуткі рост і фарміраванне касцяной тканкі на фоне залішняй вагі могуць прывесці да праблем з пазваночнікам і суставамі яшчэ ў дзяцінстве. Таксама атлусценне можа правакаваць апноэ, ранні атэрасклероз, павышэнне артэрыяльнага ціску, хранічныя хваробы сэрца, якія, дарэчы, сёння ў свеце маладзеюць.
У групу рызыкі па атлусценні ўваходзяць, у прыватнасці, дзеці, бацькі якіх маюць атлусценне або тыя, чые сваякі пакутуюць на цукровы дыябет (іншыя эндакрынныя паталогіі), а таксама малыя, рана пераведзеныя на штучнае харчаванне (асабліва незбалансаванымі высокакаларыйнымі сумесямі), і неданошаныя дзеці.
Як выправіць сітуацыю
Банальна, але факт: ніколі не позна выпрацаваць здаровыя звычкі. А пачаць гэты шлях можна з некалькіх крокаў.
– Вазьміце за правіла харчавацца рэгулярна, у адзін і той жа час. Арга-нізм прызвычаіцца выпрацоўваць страўнікавы сок у вызначаныя гадзіны, і перакусаў – галоўнай крыніцы лішніх кілаграмаў – у дзіцяці ды і ў вас стане менш.
– Зрабіце сняданак абавязковым пунктам распарадку дня. Гэта зменшыць памер порцыі ў абед, і, што асабліва важна, вячэра будзе не такой каларыйнай. Нагадаем, апошні прыём ежы павінен завяршыцца за 3 – 4 гадзіны да сну. А не за паўгадзіны, «каб лепш спалася».
– Практыкуйце сямейныя трапезы, якія вы гатуеце «з нуля», а не заказвайце гатовыя стравы, не выкарыстоўвайце паўфабрыкаты. Акрамя таго, што хатняя ежа апрыёры больш карысная і здаровая, ёсць цікавае нядаўняе даследаванне: дзеці, якія рэгулярна не менш за 20 хвілін знаходзяцца за сталом у коле сям’і, важаць менш і маюць менш праблем са страваваннем, чым тыя, каго кормяць асобна.
– Выключыце падчас трапезы прагляд тэлевізара, скролінг у інтэрнэце, гульні, мультфільмы і г. д. Адкладзіце гаджэты самі і не дазваляйце дзі-цяці сумяшчаць іх з прыёмам ежы. Калі чалавек заняты толькі ежай, ён хутчэй зможа ўсвядоміць, што сыты.
– Не прымушайце дзіця даядаць усё, што ляжыць у яго на талерцы. І заўсёды пытайце, колькі яму пакласці.
– Перастаньце хваліць дзіця за тое, што яно «добра есць». Напэўна, у вас знойдзецца мноства іншых прычын пахваліць малога.
– Прыгатуйце карысныя перакусы: маркоўныя палачкі замест чыпсаў, прысмакі правільнага харчавання замест «Снікерса», гарбузовыя семачкі замест салёных арэшкаў. Нясмачна? Толькі пытанне звычкі.
– Не рабіце з дэсертаў і фастфуду спосаб заахвоціць малое ці «заба-ронены плод» толькі для асаблівых дзён. Дзіця вырасце, і забароненае перастане для яго быць вось такім, а арэол пазітыву вакол цукерак або гамбургера застанецца.