Хатынь – сімвал страшнай трагедыі, якую перажыў беларускі народ у гады Вялікай Айчыннай вайны. 22 сакавіка 1943 года фашысцкія карнікі жывымі спалілі і расстралялі амаль усіх жыхароў – 149 чалавек, у тым ліку 75 дзяцей. 6 чалавек выжылі і прызнаны сведкамі трагедыі: адзін дарослы Іосіф Камінскі і пяцёра дзяцей.
У памяць аб ахвярах фашызму ў 1969 г. створаны мемарыяльны комплекс «Хатынь». Трагічны момант з жыцця Іосіфа Камінскага пакладзены ў аснову скульптуры «Непакораны чалавек». На тэрыторыі комплексу знаходзяцца адзіныя ў свеце могілкі вёсак. Там увекавечаны і вёскі Слуцкага раёна, якія былі знішчаны карнікамі падчас Вялікай Айчыннай вайны. Летась, у дзень 80-й гадавіны трагедыі вёскі Хатынь, у мемарыяльным комплексе з удзелам Прэзідэнта краіны Аляксандра Лукашэнкі ўрачыста адкрылі экспазіцыю новага Музея памяці ахвяр беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Экспазіцыя ў новым музейным будынку з дапамогай сучасных сродкаў перадае ўсе жахі Вялікай Айчыннай вайны і трагедыю беларускага народа. Дарэчы, сам комплекс і музей пакідаюць незабыўныя ўражанні. А экскурсія па сучасным музеі праходзіць на адным дыханні.
Трагедыя Хатыні – не выпадковы эпізод вайны, а адзін з тысячы фактаў, якія сведчаць аб мэтанакіраванай палітыцы генацыду гітлераўскай Германіі ў адносінах да насельніцтва Беларусі. Лёс Хатыні за гады Вялікай Айчыннай вайны падзялілі тысячы вёсак нашай краіны. Згодна з апошнімі даследаваннямі, у Беларусі нямецка-фашысцкімі захопнікамі было разбурана больш за 200 гарадоў і раённых цэнтраў, больш за 11 тысяч вёсак. Некаторыя населеныя пункты так і не былі адноўлены. За гады вайны Беларусь страціла больш за 3 мільёны жыхароў. Гэта значыць не менш, чым кожнага трэцяга…
Генеральнай пракуратурай Рэспублікі Беларусь у 2021 годзе ўзбуджана і цяпер расследуецца крымінальная справа па фактах учынення нацысцкімі злачынцамі, іх саўдзельнікамі, злачыннымі фарміраваннямі генацыду мірнага насельніцтва на тэрыторыі Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны і пасляваенны перыяд. У ходзе расследавання ўстанаўліваюцца шматлікія раней невядомыя факты масавага знішчэння нацысцкімі злачынцамі грамадзянскага насельніцтва Беларусі. На гэтым тыдні ў Вярхоўным Судзе абвешчаны прыгавор у дачыненні Уладзіміра Катрука, які прыклаў руку да знішчэння Хатыні. Карнік пасмяротна прызнаны вінаватым у знішчэнні мірнага насельніцтва на беларускай зямлі. Катрук у складзе 118-га батальёна, з’яўляючыся камандзірам аддзялення, «з мэтай планамернага знішчэння беларускага народа ў час вайны пазбавіў жыцця не менш за 393 чалавекі, уключаючы 125 дзяцей, у тым ліку малалетніх, а таксама састарэлых і якія знаходзіліся ў бездапаможным стане, цяжарных. Пазбаўляў жылля, маёмасці, прадуктаў харчавання, прымусова перамясціў у Германію 6 чалавек для прыцягнення да непасільнай рабскай працы», – вынікае з матэрыялаў справы. Усяго Катруку ставіцца ў віну 12 злачынных эпізодаў. Сярод доказаў – пратаколы допытаў яго саслужыўцаў, якія выжылі, жыхароў вёсак, мноства архіўных дакументаў, у тым ліку нямецкіх.
Катрук асуджаны за ўчыненне генацыду – найцяжэйшага злачынства супраць міру і бяспекі чалавецтва ў форме масавага забойства беларускіх грамадзян у перыяд Вялікай Айчыннай вайны і стварэння ўмоў, разлічаных на знішчэнне беларускага народа ў той перыяд.
Гэтыя злачынствы не маюць тэрміну даўніны. Няма ніякіх апраўданняў палітыцы генацыду, няма нічога важней за жыццё чалавека. Мы павінны захоўваць гістарычную памяць – наш абавязак.
Ірына Каваленка.