НА ЗДЫМКУ: 3-я дзяжурная змена ПАВЧ №1 г. Слуцка – вадзіцель Андрэй Уладзіміравіч Бязручка, старшы пажарны Аляксей Мікалаевіч Максіменя, камандзір аддзялення Аляксандр Анатольевіч Нячай, пажарны Дзяніс Мікалаевіч Карпееў, вадзіцель Аляксей Уладзіміравіч Зарэмба, пажарны Яўгеній Віктаравіч Міхневіч, вадзіцель Дзмітрый Уладзіміравіч Шчэрба, вадзіцель Раман Уладзіміравіч Якубовіч, камандзір аддзялення Яўгеній Мікалаевіч Касцюкевіч, начальнік варты Аляксей Аляксандравіч Казлоў.
Выратавальнікі – моцныя духам, упэўненыя, рашучыя людзі. Адзін з такіх – камандзір аддзялення пажарнай аварыйна-выратавальнай часці №1 Слуцкага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Аляксандр Анатольевіч Нячай.
Аляксандр Анатольевіч працуе ў часці 7 гадоў. Пачынаў працоўны шлях з выратавальніка-пажарнага, затым працаваў «хімікам» (хіміка-дазіметрычная служба), цяпер – камандзір аддзялення.
– Вельмі многае залежыць ад калектыву. Калі ён дружны і зладжаны, як у нас, то ў любой сітуацыі можаш разлічваць на падтрымку. Гэта важна, – адзначае Аляксандр Анатольевіч.
Кожны баявы выезд – гэта ўсплёск адрэналіну, вялікая трывога за людзей: гібель – самае страшнае. Будынак можна аднавіць, а вось чалавека, на жаль, не вернеш…
Алгарытм дзеянняў ужо адпрацаваны да аўтаматызму. Памылак у дзеяннях выратавальніка не павінна быць. Часам лепш спыніцца і 10 секунд падумаць, чым нешта зрабіць не так.
Калі ёсць хоць які шанц выратаваць чалавека – пра сябе і свае страхі забываеш.
Хаця, я б сказаў, страху ў экстрэмальнай сітуацыі не адчуваеш. Не так даўно на пажары давялося па пажарнай лесвіцы падымацца на дзявяты паверх. З боку вышыня ў 30 метраў, вядома, уражвае.
Выратавальнікі выязджаюць і на дарожна-транспартныя здарэнні, дапамагаюць пры падтапленнях, стыхійных бедствах. Гэта прафесіяналы, якія валодаюць некалькімі спецыяльнасцямі: і пажарны, і медык, і верхалаз. Яны заўсёды гатовы прыйсці на дапамогу.
Ірына МАЛЯЎКА.