Л.Ф. Гурбо (фотаздымак з яе ўласнага архіва).

У кожнага чалавека свой адметны шлях, толькі яму ўласцівае служэнне людзям і той справе, якую абраў у юнацтве. Любоў Фёдараўна Гурбо ўпэўнена ішла сваёй жыццёвай дарогай, часам ухабістай і складанай, але прамой, шырокай і чыстай.
Нарадзілася Любоў Касцюк (дзявочае прозвішча Любові Фёдараўны) 4 снежня 1946 года ў вёсцы Зарытава Ляхавіцкага раёна Брэсцкай вобласці. Акрамя Любы, у сям’і падрасталі яшчэ дачка Надзея і сын Аляксей. Калі дзяўчынцы споўнілася чатыры месяцы, здарылася вялікае гора – загінуў бацька. Выхаванне дзяцей легла на плечы матулі і бабулі, бязмерную любоў да якіх і шчырую ўдзячнасць Любоў Фёдараўна пранесла праз усё жыццё. Менавіта дзякуючы іх самаахвярнасці і працавітасці, усе трое дзяцей закончылі сярэднюю школу, атрымалі вышэйшую адукацыю. 
Як згадвала Любоў Фёдараўна, у цяжкія пасляваенныя гады ў іх доме заўсёды пахла свежаспечаным хлебам, была ежа, адзенне. Жанчыны ўсё зрабілі для таго, каб іх дзеці не зведалі пачуцця голаду, выглядалі не горш за суседскіх і, галоўнае, – маглі вучыцца. 
Таго будынка, у якім размяшчалася Жарабковіцкая СШ і куды пайшла вучыцца Люба Касцюк, ужо няма. Як няма, на жаль, нікога з настаўнікаў, якія вучылі тады вясковых дзяцей. Час няўмольны…
Узведзена новая прасторная школа, дзе атрымліваюць адукацыю ўжо ўнукі тагачасных зарытаўскіх і жарабковіцкіх школьнікаў. 
Любоў Фёдараўна часта наведвала бацькоўскую сядзібу. Заўсёды з замілаваннем згадвала пра родныя мясціны, даражыла шчырымі адносінамі з аднавяскоўцамі, з цеплынёй успамінала школьныя гады і аднакласнікаў. 
У 5-м класе, дзе вучылася Люба, было 36 вучняў. Да выпускнога засталася толькі палова. Час быў такі, што многія школьнікі вымушаны былі рана пайсці працаваць. Родныя Любы зрабілі ўсё магчымае, каб дзяўчына закончыла школу і здзейсніла мару стаць настаўнікам. Дарэчы, з іх класа шасцёра абралі настаўніцкую прафесію, а Любоў Касцюк стала выдатнікам народнай асветы БССР.
У 1963 годзе Любоў Касцюк закончыла Жарабковіцкую СШ. Як і планавала, паступіла на філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Некаторы час працавала старшай піянерважатай у роднай школе, затым выхавацелем групы падоўжанага дня і настаўнікам рускай мовы і літаратуры ў Ліпскай СШ, а пасля ў Рачканскай ВШ Ляхавіцкага раёна. 
Пасля заканчэння філалагічнага факультэта БДУ працавала настаўнікам рускай мовы і літаратуры на Чэрвеньшчыне, дзе кіраўнікі сістэмы адукацыі раёна адразу заўважылі педагагічныя і арганізатарскія здольнасці маладога настаўніка, яе прынцыповасць і адказнасць за даручаную справу. 
З 1971 года Любоў Гурбо працавала намеснікам дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце Запольскай ВШ, а праз чатыры гады с дырэктарам Старынскай ВШ Чэрвеньскага раёна. 
У лістападзе 1977 года Любоў Фёдараўну перавялі на пасаду інспектара аддзела народнай адукацыі Клецкага райвыканкама, а роўна праз год яна пераехала ў Слуцк, дзе аддала сістэме адукацыі горада больш за дваццаць пяць гадоў жыцця, пятнаццаць з якіх – у якасці метадыста.
У 1993 – 2003 гадах Любоў Фёдараўна Гурбо займала пасаду намесніка загадчыка Слуцкага гарадскога аддзела адукацыі, адкуль пайшла на заслужаны адпачынак, але не пакінула адразу родны сэрцу аддзел адукацыі. Яшчэ два гады перадавала свой вопыт маладым калегам у якасці галоўнага спецыяліста.
Старанная, адказная, настойлівая, прынцыповая – такой Любоў Фёдараўна запомнілася многім, хто працаваў пад яе кіраўніцтвам. Для Любові Фёдараўны на першым плане было грамадскае, і толькі пасля – сваё, асабістае. Яна заўсёды была ў працы, у пошуку новых шляхоў павышэння якасці навучання.
Значны вопыт і высокія арганізатарскія здольнасці дапамагалі Любові Фёдараўне паспяхова працаваць з педагогамі горада, курыраваць працу настаўнікаў-філолагаў, развіваць творчую ініцыятыву маладых спецыялістаў. 
Любоў Фёдараўна вывучала, аналізавала, рыхтавала неабходныя дакументы, добра ведала сістэму адукацыі горада, удзельнічала ў фарміраванні рэзерва кіруючых кадраў, дакладна выконвала свае асноўныя прафесійныя абавязкі.
Для Любові Фёдараўны не было дробязей, да кожнай справы падыходзіла грунтоўна і абдумана. Рашучая і бескампрамісная, добрасумленная і шчырая, яна заўсёды была ў клопатах, новых ідэях, планах. 
Жыццё Любові Фёдараўны стала прыкладам самааданага служэння людзям. Яна ніколі не праходзіла міма чужога гора. Дапамагала і парадаю, і справай. Даглядала магілы сваіх блізкіх. Калі падчас кавіду не магла сама паехаць на Радаўніцу, абавязкова перасылала грошы на кветкі. Памятаю, як Любоў Фёдараўна перажывала, калі дачулася, што магіла некага з яе калег не дагледжаная ўжо колькі гадоў. І калі даведалася, што няма родных, няма каму прыгледзець, званіла знаёмым, прасіла людзей дапамагчы і ўрэшце супакоілася тады, калі справа была зроблена. 
Жыццё Любові Фёдараўны Гурбо прайшло ў клопатах пра іншых. Магчыма, так менш адчуваўся боль адзіноты, на якую вельмі багатай была яе жаночая ўдовіна доля. Хтосьці хварэе ці збіраецца замуж, нехта ідзе ў першы клас ці заканчвае ўніверсітэт і шукае працу – Любоў Фёдараўна была ў курсе ўсіх спраў і кожнаму старалася дапамагчы. Для сябе не прасіла ніколі. І нічога. Часта прасіла за іншых. І была шчаслівая, калі ўсё атрымлівалася. 
А яшчэ Любоў Фёдараўна валодала рэдкім дарам – умела радавацца поспехам іншых, памятаць добрае, дараваць крыўды і шчыра сябраваць.
Па-мацярынску клапацілася пра сваіх пляменнікаў і іх дзяцей. Да кожнага ёй была справа і за ўсіх балела сэрца. Ведала да драбніц, хто дзе вучыцца, якія ў іх планы, як жывуць. 
На першы погляд нязломная і валявая жанчына, Любоў Фёдараўна надзвычай цяжка перажывала смерць блізкіх. Горка плакала, калі згадвала любімага пляменніка Дзмітрыя, які загінуў у маладым узросце, заўсёды клапацілася пра яго сям’ю. 
Каб быць бліжэй да сям’і сястры Надзеі, з якой падтрымлівала надзвычай цёплыя роднасныя адносіны, яна пераехала са Слуцка ў г.п. Энергетыкаў Дзяржынскага раёна. 
Сям’я Данейкаў працавала ў БДУ. Надзея Фёдараўна – у даследчай лабараторыі, а Ігар Канстанцінавіч, кандыдат фізіка-матэматычных навук, дацэнт, у свой час адзінаццаць гадоў загадваў кафедрай фізікі і аэракасмічных тэхналогій. 
Блізкія людзі агарнулі Любоў Фёдараўну цеплынёй і клопатам, падказалі пра наяўнасць вакансіі. Праз некаторы час яна ўладкавалася на працу ва ўніверсітэт. Дабіралася электрычкай і вельмі радавалася, што жыве побач з Мінскам. Дарэчы, за адказнасць і прафесіяналізм на новым працоўным месцы атрымала ад рэктара ўніверсітэта Падзячны ліст. Яшчэ адно прызнанне стараннасці Любові Фёдараўны і яе сур’ёзнага падыходу да выканання службовых абавязкаў. Як і ў мінулым, калі яе праца была адзначана шматлікімі падзякамі і граматамі, у тым ліку міністэрства адукацыі і ўпраўлення адукацыі аблвыканкама.
Жывучы ў г.п. Энергетыкаў, Любоў Фёдараўна наладзіла і падтрымлівала стасункі з калегамі з упраўлення па адукацыі, спорту і турызму Дзяржынскага райвыканкама, з вучнямі і настаўнікамі Негарэльскай школы. З цеплынёй расказвала пра школьнікаў, якія заходзілі да яе ў госці, віншавалі са святамі.
Пераехаўшы ў чатырохпавярховы дом і ўбачыўшы, што дах патрабуе рамонту, яна адразу пайшла ў мясцовы выканкам. Знайшла словы, пераканала, дамовілася. І праз некаторы час жыхары былі вельмі ўдзячныя новай суседцы за добры рамонт, на які ў бліжэйшыя гады нават і не спадзяваліся. 
…Адзінота апошнім часам усё мацней агортвала Любоў Фёдараўну, падрывала здароўе. А на сэрцы з’яўляліся новыя незагойныя раны: вясной 2024 года яна страціла любімую сястру Надзею, перад гэтым не стала мужа сястры, Ігара Канстанцінавіча.
Улетку Любоў Фёдараўна цяжка захварэла, перанесла аперацыю, але не дазваляла сабе стаць слабай. Часта тэлефанавала былым калегам і сябрам з аддзела адукацыі, дапамагала, калі трэба, парадай. Да апошніх дзён жыцця заставалася тым кіраўніком, якога мы ведалі і паважалі. 
4 снежня сябры віншавалі б Любоў Фёдараўну з днём нараджэння, але лёс распарадзіўся па-свойму. Да гэтага часу ніяк не звыкнуцца з думкаю, што яна больш ніколі не патэлефануе, не пацікавіцца справамі, не падзеліцца навінамі. 
11 кастрычніка 2024 года Любові Фёдараўны Гурбо не стала. Пахавалі нябожчыцу на могілках у вёсцы Паўлаўшчына, што ў Негарэльскім сельскім савеце Дзяржынскага раёна. 
Думаецца, у сілах тых, хто ведаў гэтую моцную духам, неардынарную і сардэчную жанчыну, зрабіць так, каб не зарастала дзірваном сцяжынка да месца яе апошняга спачыну. 
Любові Фёдараўне да ўсяго была справа. Для яе не было чужой радасці ці чужога гора. Да канца свайго жыцця адчувала сябе адказнай за людзей, з якімі некалі звёў лёс. І хто ведаў гэтую жанчыну доўгія гады, то бачыў у ёй не толькі аўтарытэтнага кіраўніка, але і чулага, добрага і надзейнага сябра. 
Няхай жа светлая і вечная памяць пра Любоў Фёдараўну Гурбо назаўсёды застанецца ў сэрцы яе калег, блізкіх і землякоў. Няхай Усяміласцівы Гасподзь з любоўю прыме яе душу і падорыць ёй спакой і радасць.
Зоя ПАДЛІПСКАЯ. 

Похожие записи