Гарантаваць харчовую бяспеку краіны няпроста. Але работнікі сельскагаспадарчых арганізацый добра пастараліся. Добрасумленная праца, прафесіяналізм, адказнасць і працавітасць, гаспадарскае стаўленне да зямлі паспрыялі дасягнненню добрых вынікаў, нягледзячы на тое, што гарачая пара гэтага года была няпростай.
Многія арганізацыі Слуцкага раёна могуць ганарыцца сваімі працоўнымі дасягненнямі, укаранёнымі навацыямі, а галоўнае – людзьмі. У беларусаў многа традыцый, адна з іх – ушанаванне хлебаробаў, якія клапоцяцца аб тым, каб на нашым стале заўсёды быў хлеб. 16 верасня ў Салігорску адбудзецца абласное свята працаўнікоў вёскі «Дажынкі». У гэты дзень там будуць працаваць тэматычныя пляцоўкі, інтэрактыўныя зоны, гандлёвыя рады, кірмашы-продажы, пройдуць паказальныя выступленні. У праграме мерапрыемстваў – унагароджанне лепшых хлебаробаў. Сярод іх будуць і прадстаўнікі Слуцкага раёна.
Дарэчы, важкі ўклад у агульны каравай Міншчыны ўнесены аграрыямі Слуцкага раёна. На іх рахунку больш за 137 тысяч тон зерня (без уліку кукурузы) – гэта адзін з лепшых паказчыкаў у вобласці.
Мы добра разумеем, што стабільная, зладжаная праца ўсіх звенняў аграпрамысловага комплексу – залог паспяховага развіцця рэгіёну, павышэння якасці жыцця людзей. І далейшая задача аграрыяў – захаваць і зберагчы тое, што зроблена агульнымі намаганнямі, дасягаць новых працоўных перамог.
Высокае пачуццё адказнасці, працавітасць, вернасць выбранай справе, руплівае стаўленне да зямлі і імкненне быць яе сапраўднымі гаспадарамі не толькі вартыя шчырых слоў падзякі і глыбокай павагі, але і ўмацоўваюць упэўненасць у заўтрашнім дні.
Ірына КАВАЛЕНКА.