Яркія, бліскучыя, нібы з паліцы магазіна, дэкаратыўныя вырабы прыцягваюць позірк, калі заходзіш у кватэру случчан Аляксандра і Таццяны Дузенка. Ліса і калабок, кракадзіл Гена і Чабурашка, Шапакляк і пацучок Ларыска – гэтыя і іншыя персанажы казак і дзіцячых мультфільмаў, здаецца, вось-вось ажывуць…
Нават і не верыцца, што ўся гэта адмысловая прыгажосць – усяго толькі пафарбаваны пластык! Але ж колькі гэта трэба мець фантазіі, жадання і натхнення, каб другасны рэсурс займеў вось такое, другое «жыццё»!
Аляксандр Іванавіч прызнаецца, што галоўным натхняльнікам для яго былі і застаюцца дзеці, а найперш – унучкі, а цяпер ужо і праўнукі. З жонкай Таццянай Пятроўнай яны ў шлюбе 53-ці год. Кажуць, моцная сям’я будуецца на вялікім каханні. Разам яны выхавалі дваіх дачок, якія пражываюць у Растове-на-Дану, маюць дваіх унучак і двое праўнукаў, якіх, на жаль, бачаць рэдка.
– Але мы заўсёды думаем пра іх і з нецярпеннем чакаем, – кажуць дзядуля з бабуляй. – Вось наша праўнучка Аляксандра ў гэтым годзе пойдзе ў школу, для яе зрабілі саву ў чатырохвугольнай шапцы з кутасікам – сімвал мудрасці і розуму. А для маленькага праўнучка Савушкі – льва на чарапасе і іншыя фігуры, якія, плануецца, упрыгожаць дворык, падораць яму добры настрой.

І каля пад’езда…
Такую вось прыгажосць у выглядзе малых архітэктурных форм Дузенкі ўстанаўліваюць і каля пад’езда свайго шматпавярховага дома №160 па вуліцы Сацыялістычнай. Ослік ІА-ІА, Пятачок і Вінні-Пух… Калекцыя пастаянна папаўняецца. Тут жа і мядзведзь з зайцам, сонейка, залатая рыбка з пафарбаваных аўтамабільных колаў. А яшчэ і кветкі – званочкі, крокусы, сланечнік і ландыш з другасных матэрыяльных рэсурсаў вабяць вока прахожых. І ўся гэта прыгажосць – сярод не менш яркіх, жывых, зіхатлівых кветак. Іх Аляксандру Іванавічу і Таццяне Пятроўне дапамагае даглядаць і суседка Галіна Віткоўская.

– Лічым, што каля нашага дома павінна быць чыста і ўтульна, а яшчэ – крышачку казачна… Вельмі ж не хапае людзям, іншы раз, добрых эмоцый. Дык вось: усё наладзіцца, трэба толькі мець жаданне зрабіць нешта для сябе і іншых. Тады і жыць стане цікавей, – лічаць муж і жонка Дузенкі.
Дарэчы, праца Аляксандра Іванавіча – галоўнага страваральніка такога вось хараства, у 2018 была адзначана дыпломам Мінскай абласной арганізацыі ветэранаў у намінацыі «Цветник у подъезда» у рамках абласнога агляду-конкурсу «Ветэранскі падворак», прысвечанага Году малой радзімы. З таго часу кветнік значна ўзбагаціўся, у тым ліку і на новыя малыя архітэктурныя формы.

Яшчэ адно захапленне Аляксандра Іванавіча – рыбалка. «Абавязкова расскажыце пра гэта случчанам, нахай ведаюць, што, напрыклад, у нашай рэчцы ў 11-м гарадку можна злавіць ляшча вагой больш за 2,5 кілаграма» – адзначыў мужчына.
Знаёмішся з такімі людзьмі і міжволі думаеш, як многа цікавага можа прыдумаць і змайстраваць чалавек, які любіць дзяцей і ўнукаў, сваю сям’ю і свет вакол! І як было б цудоўна, калі б кожны меў жаданне зрабіць штосьці і для сябе, і для людзей.
Наталля ГРАМЫКА.