Нацыянальны фестываль бегу ўжо ў 30 раз прайшоў у Старых Дарогах.
30 верасня ён сабраў больш за дзве тысячы аматараў спорту і мноства гледачоў. Паспяхова выступілі случчане.
Барацьба за перамогу разгарнулася на шасці дыстанцыях: ад 1,5 да 10 кіламетраў. У праграму юбілейнага фестывалю ўключылі новы забег – «Сямейную эстафету». Прайшлі таксама карпаратыўныя і школьныя забегі.
ДАВЕДКА.Упершыню фестываль бегу «Языльская дзясятка» быў праведзены ў 1988 годзе і стаў традыцыйным. У першым забегу прынялі ўдзел 87 чалавек, цяпер на старт выходзяць звыш за 2 000 аматараў лёгкай атлетыкі. З 1998 года «Языльскую дзясятку» уключылі ў міжнародны спаборніцкі каляндар, а на самой трасе дазволена фіксаваць сусветныя рэкорды.
Случчыну ў спаборніцтвах прадстаўлялі каманды Слуцкага раённага выканаўчага камітэта, сыраробнага камбіната, спецыялізаванай дзіцяча-юнацкай школы алімпійскага рэзерву, Мінскага абласнога кадэцкага вучылішча.
Па выніках спаборніцтваў другім у сваёй узроставай катэгорыі стаў кадэт Мінскага абласнога кадэцкага вучылішча Даніла Лунцэвіч, які быў узнагароджаны медалём і дыпломам.
У карпаратыўным забегу (2 500 метраў) першае месца заняла каманда Слуцкага райвыканкама. На другой прыступцы п’едэсталу ў той жа намінацыі – каманда Слуцкага сыраробнага камбіната.
Ірына МАЛЯЎКА.