Жыў я ў 1944 годзе ў Слуцку ў свайго дзядзькі непадалёк ад былога масласырзавода. Фашысцкія захопнікі, бадай, ящэ раней прадчувалі, што іх карта біта, давядзецца адступаць.
Як толькі на рацэ Случ растаў лёд, пачалі ўзводзіць плаціну каля чыгуначнага маста непадалёк ад масласырзавода. Тады Случ была шырокая. Для будаўніцтва плаціны сагналі 15-16-гадовых хлопцаў. Трымалі іх у першым ваенным гарадку, дзе быў лагер для ваеннапалонных. Кармілі іх таксама як палонных, ганялі на работу і з работы пад канвоем. Пабудаваць плаціну не змаглі. І водная перашкода не атрымалася. Масласырзавод працаваў з перабоямі, часта стаяў на рамонце. Хто псаваў абсталяванне, не вядома.
29 чэрвеня чуліся гарматныя, кулямётныя стрэлы з боку Старых Дарог і Любані. Нашы наступалі, набліжаліся да горада.
Я з дзядзькам на беразе ракі Случ з-за кустоў наглядаў за чыгуначным мастом. У горадзе была страляніна. Пад раніцу 30 чэрвеня ўжо ў Слуцку былі савецкія воіны.
З боку чыгуначнага вакзала стракатаў варожы кулямёт. Мы бачылі, як быў узарваны акупантамі чыгуначны мост, пасля выбуху ўзняўся ў паветра і ўпаў у ваду…
Над вакзалам кружылі нашы самалёты, знішчалі фашысцкіх захопнікаў.
Спачатку я трaпiў y Кляпчаны. Там сабралася многа народу. Нас пачалі абстрэльваць гітлераўцы. Мы падаліся ў Цараўцы. Злева наступалі нашы салдаты. Каля вёскі стаяла нямала людзей. Яны махалі чырвонымі сцягамі. Я ўпершыню ўбачыў савецкіх салдат з пагонамі, а на нагах – абмоткі. Гэта для мяне было новае.
А. КОПКА,
удзельнік вайны, жыхар в. Васілінкі. 1996 г.