На фота: механізатар Сяргей Нерушаў.
Да нарыхтоўкі кармоў з траў першага ўкосу на Случчыне прыступілі амаль ва ўсіх сельгасарганізацыях раёна, у тым ліку і ў сельскагаспадарчым філіяле ААТ «Слуцкі сыраробны камбінат».
Травы ў сельгасарганізацыі займаюць больш за 2 000 гектараў, амаль пятую частку сельскагаспадарчых зямляў. З іх 260 гектараў адведзена злакавым травам. Усё астатняе – люцэрна – каштоўная бялковая расліна.
У полі шпарка ходзіць тэхніка: косяць, падбіраюць і здрабняюць травы. Грузавыя машыны адвозяць зялёную масу. Усяго занята больш за 40 адзінак тэхнікі.

Як адзначыў кіраўнік філіяла Сяргей Цэйка, у параўнанні з мінулым годам пагалоўе буйной рагатай жывёлы сельгасарганізацыі павялічылася больш чым на тысячу галоў. А таму стаіць задача нарыхтаваць з кожнага гектара як мага больш кармоў, захаваць іх належным чынам.
Калі ў мінулым годзе з траў першага ўкосу ў сельгасарганізацыі нарыхтавалі 12 тысяч тон зялёнай масы, то сёлета гэту лічбу плануюць павялічыць да 15 тысяч тон. Зрабіць гэта плануюць за кошт павышэння ўраджайнасці.
– Кармы з траў першага ўкосу самыя багатыя на вітаміны і мікраэлементы, – адзначае галоўны аграном Дзмітрый Дабрыян. – Важна правесці кашэнне і ўборку траў як мага хутчэй. У нас на гэта – два тыдні. А яшчэ – своечасова закрываць сянажныя траншэі. На гэта адводзіцца не больш за тры дні.

У сельгасарганізацыі добра разумеюць, што поспех у такой адказнай справе залежыць ад добрасумленнасці механізатараў. Вялікую ўвагу надалі аплаце працы работнікаў, занятых на нарыхтоўцы кармоў. Ім прадугледжаны прэміі, дадатковае грашовае заахвочванне за аптымальныя тэрміны закладкі сянажных траншэй. Наладжана працоўнае спаборніцтва, з умовамі якога азнаёмілі працаўнікоў.
Сярод іншых на нарыхтоўцы травяністых кармоў заняты Сяргей Нерушаў. На кормаўборачным камбайне КВК-800 ён падбірае і здрабняе травы. На тэхніцы працуе больш за трыццаць гадоў. Каля пяці гадоў з іх жыве і робіць на Случчыне, куды прыехаў услед за сынам. У халодны час года працуе на трактары – вываз арганікі, падвоз саломы. Падчас нарыхтоўкі кармоў Сяргей Дзмітрыевіч заўжды ў ліку перадавікоў.
– У прыкметы веру. Але многае залежыць і ад чалавека, яго стараннасці, – гаворыць механізатар. – Важныя фактары – ураджайнасць і добры калектыў. Так, у нас на адвозцы зялёнай масы ад кожнага камбайна працуюць па чатыры-пяць механізатараў, якія таксама зацікаўлены мець высокія вынікі ў працы. Толькі за дзень нарыхтавалі і перавезлі 340 тон зялёнай масы ад камбайна, і гэта не мяжа.
Наталля ГРАМЫКА.