Вайна перайначыла мільёны лёсаў. Юная дзяўчына Марыя і ўявіць не магла, колькі выпрабаванняў ёй трэба будзе прайсці. 
Былая партызанка нарадзілася ў вёсцы Мазуры Кобрынскага раёна Брэсцкай вобласці. Калі прыйшла вайна, Марыі Фёдараўне было сямнаццаць гадоў.
– Да вёскі падыходзілі немцы, мы ўжо ведалі, што ў нас з малодшым братам будзе два шляхі: ці нас адправяць у Германію, ці мы пойдзем у партызаны, – расказвае Марыя Фёдараўна. – Аб першым варыянце нават не было гаворкі.
У партызанскім атрадзе Марыя Фёдараўна разам з іншымі дзяўчатамі прайшла курсы і працавала медыцынскай сястрой у палявым шпіталі.
Даводзілася ёй хадзіць і на заданні. Нароўні з хлопцамі юныя партызанкі падкладвалі міны пад аўтамабілі, цягнікі, узрывалі масты, дарогі.
– Заўсёды баялася, што немцы зойдуць у мой родны дом і стрэляць у маму і тату, – распавядае былая партызанка. – У такія моманты думала, што буду забіваць фашыстаў, і яны не змогуць навесці дула аўтамата на маіх блізкіх. Канечне, было страшна. Але ж разумела: хто, калі не я? 
Тры гады Марыя Фёдараўна пражыла ў лесе. Даводзілася ёй і ў гурбах зімой начаваць. Перажыла не адну аблаву. Здаралася, лагер і з самалётаў бамбілі.
Родны дом Марыі Фёдараўны, як і многія іншыя ў вёсцы, спалілі фашысты. Але вайна аб’ядноўвала людзей у бядзе, і яны некалькімі   сем’ямі жылі ў ацалелых хатах.
Пасля вызвалення Беларусі Марыя Фёдараўна вярнулася ў родную вёску, некаторы час працавала медсястрой. Выйшла замуж, пайшла працаваць даяркай у калгас.

Ірына ШАБАШАВА.

Похожие записи