Навагодняя пара – пара цудаў, здзяйснення мар і спадзяванняў. А яшчэ – гэта магчымасць зрабіць штосьці карыснае, праявіць клопат і падарыць незабыўныя імгненні радасці і цеплыні.
Так, навучэнцы і педагогі дзяржаўнай установы адукацыі “Знаменская сярэдняя школа” адчулі сябе сапраўднымі чараўнікамі і прынялі ўдзел у дабрачынных акцыях “Нашы дзеці”, “Цуды на Каляды” і “Ад усёй душы”.
“Нашы дзеці” – штогадовая дабрачынная акцыя, мэта якой – дапамагчы дзіцячым установам інтэрнатнага тыпу, прыёмным і апякунскім сем’ям, дзіцячым дамам сямейнага тыпу і ўсім тым, каму патрэбна ўвага. У межах акцыі навучэнцы наведалі дзяржаўную ўстанову адукацыі “Дзіцячы сад в. Знамя” з сувенірамі і пазнавальна-гульнёвай праграмай “Музей у чамадане”: у даступнай форме пазнаёмілі наведвальнікаў старэйшай групы з гісторыяй узнікнення Новага года, навагоднімі традыцыямі, а таксама паказалі рарытэтныя ёлачныя цацкі і паштоўкі – экспанаты міні-музея 60-70-ых гадоў ХХ стагоддзя.
У межах акцыі “Цуды на Каляды” ў снежні 2022 года членамі ГА “БРПА” і “БРСМ” арганізаваны збор сувеніраў, падарункаў і канцылярыі, якія былі перададзены ў раённы савет БРПА.
Дабрачынная акцыя “Ад усёй душы” прызвана аказаць дапамогу ветэранам, адзінокім і пажылым грамадзянам, грамадзянам, якія знаходзяцца на лячэнні ва ўстановах аховы здароўя. Навучэнцы нашай школы наведалі пажылых людзей, былых педагагічных работнікаў, па месцы жыхарства – Валянціну Іванаўну Балук, Надзею Паўлаўну Томчык, Ганну Барысаўну Шнэк, і шчырымі словамі, сувенірамі і паштоўкамі павіншавалі іх са святамі. Адзінокім пажылым людзям Міхаілу Сцяпанавічу Янцэвічу і Ганне Сцяпанаўне Янцэвіч аказалі дапамогу ў пераносцы і ўпарадкаванні дроў.
Аказваецца, быць чараўнікамі і дарыць цуды не так ужо і складана: дастаткова праявіць крыху ўвагі да тых, каму гэта неабходна.


Настасся Шостак,
намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце
дяржаўнай установы адукацыі “Знаменская сярэдняя школа”.