1 чэрвеня ва ўсім свеце адзначаюць Міжнародны дзень абароны дзяцей. Гэта свята заклікана нагадаць аб захаванні і павазе да правоў дзіцяці як важнейшай умове фарміравання гуманнага, справядлівага і паспяховага грамадства.

Напярэдадні свята мы спыталі ў случчан, ці дастаткова ў нашай краіне робіцца для абароны дзяцей?

Вікторыя ЗАДЗЁРА:

– У Рэспубліцы Беларусь ахова дзяцінства, як мне здаецца, адно з прыярытэтных напрамкаў дзяржаўнай палітыкі. Дзяржпадтрымка сем’яў з дзецьмі займае асаблівае месца ў сістэме сацыяльнай абароны

насельніцтва. У нашай краіне створаны ўсе ўмовы для развіцця асобы дзіцяці, прадастаўлены магчымасці для самарэалізацыі. Існуе шмат гурткоў па інтарэсах, якія дзеці могуць наведваць амаль з дзіцячага сада. Стаўшы школьнікамі, яны ўдзельнічаюць у разнастайных творчых і навуковых конкурсах, міжнародных канферэнцыях.

Павел ЖУПРАНСКІ:

– Міжнародны дзень абароны дзяцей – гэта напамін пра тое, што дзеці даволі безабаронныя перад дарослым агрэсіўным светам і што дзеткам трэба дарыць любоў, цяпло, ласку. А яшчэ гэта выдатная нагода для мабілізацыі сусветнай грамадскасці ў барацьбе за захаванне здароўя падрастаючага пакалення, за роўныя правы на атрыманне адукацыі і выхавання, за захаванне мірнага неба.

Калі казаць пра Беларусь, то ў нас усе гэтыя пункты выконваюцца ў поўным аб’ёме.


Алена ГЛЕБКА:

– Кожнае дзіця мае права на шчаслівае дзяцінства. І наша дзяржава праводзіць немалую работу ў гэтым напрамку. Бацькі могуць адправіць дзіця на аздараўленне ў дзіцячыя лагеры толькі часткова аплаціўшы пуцёўку, харчаванне ў школах і дзіцячых садах таксама часткова аплачваецца дзяржавай. Існуе бясплатны праезд для навучэнцаў, магчымасць творчага развіцця дзяцей.

Амаль у кожным двары за дзяржаўны кошт усталяваны дзіцячыя пляцоўкі, спартыўныя гарадкі. Гэта дае магчымасць дзецям развівацца фізічна, калі ў іх не хапае часу рэгулярна  наведваць спартыўныя гурткі.

Нямала ўвагі дзяржавай надаецца і праблеме сацыяльнага сіроцтва. У інтарэсах дзяцей становіцца больш жорсткім кантроль за бацькамі, якія не ў поўнай меры выконваюць свае бацькоўскія абавязкі.

Ірына ШАБАШАВА.

Похожие записи