Завяршыўся вясновы прызыў ва Узброеныя Сілы Рэспублікі Беларусь, маладое папаўненне адправілася да месца службы. А тыя юнакі, якія адслужылі належны тэрмін, вяртаюцца дадому. Сярод іх і наш зямляк з аграгарадка Грэск Раман Клапаценка, які нёс службу ў войсках спецыяльнага прызначэння ў горадзе Мар’іна Горка. Марыў служыць у пагранічных войсках, аднак па стане здароўя прайшоў у спецназ, і вельмі рады гэтаму. Ён разведчык-снайпер.
Раман прызнаецца, што першы час было складана прывыкнуць да службы, да арміі ён спортам не займаўся, а тут даводзілася хутка прызвычайвацца да фізічных нагрузак.
Дзякуючы пастаянным трэніроўкам малады чалавек фізічна загартаваўся. Цяпер, звольніўшыся ў запас, плануе працягваць займацца спортам.
Па словах Рамана, служба праходзіла насычана: пастаянныя вучэнні, трэніроўкі, марш-кідкі. Тройчы яму давялося прыгаць з парашутам.
– Вядома, першы скачок не забудзецца ніколі, – адзначае малады чалавек. – Перад гэтай падзеяй усе байцы прайшлі курс паветрана-дэсантнай падрыхтоўкі, затым была першая кладка баявога купала пад наглядам камандзіра і афіцэра ваенна-паветраных сіл. Першы скачок рабілі з вышыні 800 метраў. Не буду хлусіць, было страшна, але дапамагла падтрымка афіцэраў і таварышаў. Запомніўся і трэці скачок на ваду.
У нашай часці з кожнага байца імкнуцца зрабіць універсальнага салдата. Гэта цяжкая і па-сапраўднаму мужчынская праца, якая патрабуе абсалютнага фізічнага здароўя, мабільнасці, кемлівасці. Аналітычнае мысленне, здольнасць хутка прымаць тыя ці іншыя рашэнні, якія дазволяць эфектыўна выканаць задачу, у арміі не менш важныя, чым фізічная сіла.
Думаю, што большасць з нас з захапленнем глядзіць выступленні гэтага элітнага падраздзялення, калі мужныя, ладныя вайскоўцы дэманструюць баявое мастацтва, віртуозна выконваюць прыёмы са зброяй, ад якіх часам проста захоплівае дух.
Раман неаднаразова ўдзельнічаў у паказальных выступленнях. На правакацыйнае пытанне, ці падпілоўваюць пры такіх выступленнях сілікатныя блокі, Раман толькі ўсміхнуўся, у спецназе – усё па-сапраўднаму.
– Паверце, гэта не так ужо і складана, проста патрэбна добрая падрыхтоўка, – адзначыў баец. – Нас вучылі, як гэта рабіць правільна, каб не нанесці шкоду сабе і таварышу.
Раман упэўнены, што армія дапамагае мужчыне стаць сталей, мужней, вучыць вытрыманасці і цярплівасці.
– Там я навучыўся шанаваць час, не траціць яго на пустое, а яшчэ шанаваць сваіх бацькоў, якім надаваў не так шмат увагі, як таго варта было, – адзначае малады чалавек.
Усім маладым хлопцам, якія ў майскі прызыў папоўнілі рады Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь, Раман раіць не баяцца цяжкасцей, слухаць камандзіраў і мэтанакіравана спасцігаць асновы армейскай службы, тады яна не будзе складанай, а атрыманыя навыкі яшчэ не раз спатрэбяцца ў жыцці.