Газета заснавана 25 сакавіка 1919 года. У той час яна называлася «Молат і плуг» і з’яўлялася органам Слуцкага павятовага выканаўчага камітэта Савета рабочых, сялянскіх і чырвонаармейскіх дэпутатаў і падраённага камітэта Камуністычнай партыі (бальшавікоў) Літвы і Беларусі. У газеце друкавалі рашэнні павятовага выканкама, матэрыялы аб арганізацыі камун і працоўных арцеляў, ліквідацыі памешчыцкага землеўладання, новых формах гаспадарання. 

Аднак на беларускія землі пачалі наступаць польскія войскі. У ліпені 1919 года газета, якая стала называцца «Плуг и молот», выходзіла з заклікамі: «Все на помощь фронту!», «На защиту Слуцка!», «Рабочие и крестьяне! К оружию и на фронт!». У жніўні 1919 года падраздзяленні Чырвонай Арміі адышлі на ўсход, пакінуўшы Случчыну.

Выданне газеты «Плуг и молот» было адноўлена 7 лістапада 1921 года (выходзіла да 4 студзеня 1922 года тыражом 800 экзэмпляраў). Затым газета называлася: «Вясковы будаўнік», «Ленінскі шлях», «Праўда на рубяжы», а з 1938 года да чэрвеня 1941 года – «За сацыялістычную Радзіму».

Асобная старонка ў гісторыі газеты – Вялікая Айчынная вайна. На акупіраванай нямецка-фашысцкімі захопнікамі тэрыторыі 1 красавіка 1943 года пачала выходзіць на беларускай мове газета «Народны мсцівец» – орган Слуцкага падпольнага раённага камітэта Камуністычнай партыі (бальшавікоў) Беларусі. Газета змяшчала заклікі да ўсенароднай барацьбы супраць захопнікаў, матэрыялы пра зверствы акупантаў. «Новыя намеры людаедаў» – пад такім загалоўкам у газеце «Народны мсцівец» за 13 чэрвеня 1943 года Іван К. пісаў: «На Случчыне фашысты ўжо закатавалі і забілі дзесяткі тысяч нявінных людзей… Больш як тысячу савецкіх грамадзян забілі і закапалі фашысцкія каты ў саўгасе «Вясея» (маёнтак Махорты), тысячы людзей расстралялі і закапалі жывымі ў Жураўскім лесе, у Слуцку на двары быўшых дзетясляў на Манахавай вуліцы, у ціры 11 палка, каля скотабазы, у Бязверхавічах, на амговіцкіх могілках…».

У газеце друкавалі загады Вярхоўнага Галоўнакамандуючага, весткі з фронту, вершы беларускіх паэтаў. Як успамінаў тагачасны рэдактар газеты М.Е. Дастанка, калектыў рэдакцыі «Народнага мсціўца» рабіў «усё неабходнае для таго, каб кожны нумар газеты гранатай і бомбай узрываўся ў стане ворага, а баявыя радкі касілі ворага, нібы кулямётныя і аўтаматныя чэргі, каб палымяныя заклікі падымалі новыя атрады бясстрашных патрыётаў на бой з ненавісным ворагам. І ў адказ на гэта агнём свяшчэннай помсты гарэла слуцкая зямля пад нагамі акупантаў». 

Рэдакцыяй газеты «Народны мсцівец» у 1943 годзе быў выдадзены паэтычны зборнік беларускага паэта Анатоля Астрэйкі «Слуцкі пояс». 

У падпольнай друкарні наборшчыцамі працавалі Любоў Куляшова, Любоў Шаўчук, друкарамі былі Уладзімір Канановіч, Мікалай Торхаў. Матэрыялы для газеты збіралі і рыхтавалі супрацоўнікі рэдакцыі Іван Хатэнка, Іван Куляшоў, Вячаслаў Харытонаў, Віктар Плешавеня. Радыст Сцяпан Раменчык своечасова прымаў радыёперадачы з-за фронту. Навіны адразу ішлі ў нумар газеты.

У 1944 годзе, калі Случчыну вызвалілі ад гітлераўскіх захопнікаў, быў адноўлены выпуск газеты «За сацыялістычную Радзіму». Большасць публікацый выдання таго часу –  аб працы случчан па аднаўленні разбуранай вайной народнай гаспадаркі і сацыяльна-культурнай сферы раёна. Будаўніцтва прадпрыемстваў і жылля, укараненне новай тэхнікі і тэхналогій, развіццё вытворчасці, сацыяльнай сферы Случчыны  і многія іншыя тэмы асвятляла раённая газета. З 1962 года газета выходзіла пад назвай «Шлях Ільіча», а з 1992 года – «Слуцкі край».

Рэдактарамі раённай газеты ў пасляваенны час былі: М.Е. Дастанка (1944 – 1945), І.С. Русаковіч (1945), П.П. Блахін (1945 – 1950), А.А. Власаў (1950 – 1959), У.М. Перасятнік (1959 – 1971), В.М. Макарэня (1971 – 1985), А.У. Алпатаў (1985 – 1986), У.С. Коўцік (1986 – 1995), У.М. Цішкевіч (1995–1998), А.У. Жук (1998 – 2012). У 2012 годзе галоўным рэдактарам газеты «Слуцкі край» прызначана В.В. Ражанец. З 2017 года выданне ўзначальвае І.М. Каваленка.

Пры рэдакцыі з 1964 года працуе школа маладога журналіста, каля ста выпускнікоў якой звязалі свой лёс з журналістыкай.

Газета «Слуцкі край» зарэгістравана ў Міністэрстве інфармацыі Рэспублікі Беларусь. 

Заснавальнікі: Слуцкі раённы выканаўчы камітэт, Слуцкі раённы Савет дэпутатаў. 

Нашы ўзнагароды

Газета ўзнагароджана Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета Беларускай ССР, двойчы была (у маштабах Савецкага  Саюза) лаўрэатам прэміі імя М.І. Ульянавай за добрую пастаноўку масавай работы, неаднаразова выходзіла ў пераможцы і прызёры рэспубліканскіх і абласных конкурсаў і спаборніцтваў. 

У 2005 годзе газета ўзнагароджана дыпломам Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь за актыўную работу па асвятленні ў СМІ ваенна-патрыятычнай тэматыкі.

У 2008 годзе – дыпломам ІІІ ступені Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь за актыўную работу па асвятленні тэматыкі здаровага ладу жыцця і прафесійнае майстэрства.

У 2009 і 2011 гадах – дыпломамі І ступені Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь і Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь у намінацыі «Цеснае і плённае супрацоўніцтва» ў асвятленні мерапрыемстваў будаўніцтва і развіцця Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь, а таксама пытанняў патрыятычнага выхавання насельніцтва.

У 2000 і 2006 гадах газета «Слуцкі край» узнагароджана Ганаровымі граматамі Мінскага абласнога выканаўчага камітэта за другія месцы, у 2008 годзе – за трэцяе месца ў абласных спаборніцтвах сярод рэдакцый раённых і гарадскіх газет.

Па выніках штогадовага абласнога спаборніцтва сярод сродкаў масавай інфармацыі пераможцам за 2014 год у намінацыі «Лепшае друкаванае СМІ Мінскай вобласці» прызнана газета «Слуцкі край».

У 2014 годзе газета «Слуцкі край» лаўрэат X Нацыянальнага конкурсу друкаваных СМІ «Золотая Литера».

У 2015 годзе рэдакцыя газеты «Слуцкі край» удастоена бронзавай статуэткі «Золотая Литера» за перамогу ў XI Нацыянальным конкурсе друкаваных СМІ «Золотая Литера» ў намінацыі «Лепшыя матэрыялы культурнай і гісторыка-краязнаўчай тэматыкі».

У 2015 годзе ўзнагароджана Граматай Міністра абароны Рэспублікі Беларусь за актыўны ўдзел у асвятленні пытанняў будаўніцтва і развіцця Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь, патрыятычнага выхавання насельніцтва.