Таццяна Кухта працуе на рэспубліканскім унітарным прадпрыемстве «Слуцкія паясы» амаль сорак гадоў. Яна працавітая, добразычлівая і вельмі сціплая жанчына.
Таццяна родам з вёскі Знамя, пасля заканчэня прафесійна-тэхнічнага вучылішча ў Мінску працавала на часавым заводзе. Так склаўся лёс, што пераехала з мужам у Слуцк. І ў далёкім ужо 1983 годзе яна прыйшла вучаніцай ткачыхі на «Слуцкія паясы».
– З той пары і працую, нават не было жадання памяняць прафесію, – расказвае Таццяна Кухта. – Раней усё рабілі ўручную, зараз жа – сучасныя тэхналогіі прыйшлі на змену – механізаваныя станкі.
На думку майстра, у рабоце ткачыхі важна ўважлівасць. Малюнкі на вырабах робяць па тэхналагічных картах – тут не да імправізацыі. А каб атрымаць якасную прадукцыю, неабходна пільна сачыць за працэсам.
Павучыцца ў Таццяны Кухта ёсць чаму. І перш за ўсё – адносінам да сваёй справы. Свае веды і вопыт перадае іншым работнікам цэха.
– Таццяна Мікалаеўна любіць сваю работу, усе даручэнні выконвае якасна і ў тэрмін. Калі неабходна – прыйдзе і ў выхадны дзень, затрымаецца на рабоце. Яна, можна сказаць, – універсал, асвоіла работу на розных станках, – расказвае начальнік цэха Ала Тамашкова.
У прадзільна-ткацкім цаху працуюць дзевяць чалавек. Дзякуючы іх старанням з’яўляюцца пража, паясы, сурвэткі, абрусы, ручнікі, пледы і іншае. Напрыклад, за месяц у цаху могуць вырабіць 2 500 ручнікоў. Заданні ў ткачых залежаць ад попыту: напрыклад, летам выпускаюць больш сувенірнай прадукцыі. Наогул зараз большы попыт на льняныя коўдры і падушкі.
Таццяна Кухта не толькі сумленная работніца, яна – пяшчотная маці і руплівая гаспадыня. А на работу яна ідзе заўсёды ў добрым настроі: там дружны калектыў, які заўсёды дапаможа і падтрымае.
Ірына КАВАЛЕНКА.