Давайце разам, шаноўныя чытачы, перагорнем старонкі гісторыі адной з самых старажытных і гераічных газет нашай рэспублікі, якая заўсёды з роднай краінай, Случчынай – і ў час выпрабаванняў, і ў час перамог і радасці.
Зазірнём у мінулае
Наша газета была заснавана 25 сакавіка 1919 года. Першая яе назва – «Молат і плуг», газета з’яўлялася органам Слуцкага павятовага выканаўчага камітэта Савета рабочых, сялянскіх і чырвонаармейскіх дэпутатаў і пад-раённага камітэта Камуністычнай партыі (бальшавікоў) Літвы і Беларусі. У газеце друкавалі рашэнні павятовага выканкама, матэрыялы аб арганізацыі камун і працоўных арцеляў, ліквідацыі памешчыцкага землеўладання, новых формах гаспадарання.
У ліпені 1919 года, калі на беларускія землі пачалі наступаць польскія войскі, газета стала называцца «Плуг и молот», выходзіла з заклікамі: «Все на помощь фронту!», «На защиту Слуцка!», «Рабочие и крестьяне! К оружию и на фронт!». У жніўні 1919 года падраздзяленні Чырвонай Арміі адышлі на ўсход, пакінуўшы Случчыну.
Выданне газеты «Плуг и молот» было адноўлена 7 лістапада 1921 года (выходзіла да 4 студзеня 1922 года тыражом 800 экзэмпляраў). Затым газета называлася: «Вясковы будаўнік», «Ленінскі шлях», «Праўда на рубяжы», а з 1938 года да чэрвеня 1941 года – «За сацыялістычную Радзіму».
Асобная старонка ў гісторыі газеты – Вялікая Айчынная вайна. На акупіраванай нямецка-фашысцкімі захопнікамі тэрыторыі 1 красавіка 1943 года пачала выходзіць на беларускай мове газета «Народны мсцівец» – орган Слуцкага падпольнага раённага камітэта Камуністычнай партыі (бальшавікоў) Беларусі. Газета змяшчала заклікі да ўсенароднай барацьбы супраць захопнікаў, матэрыялы пра зверствы акупантаў. «Новыя намеры людаедаў» – пад такім загалоўкам у газеце «Народны мсцівец» за 13 чэрвеня 1943 года Іван К. пісаў: «На Случчыне фашысты ўжо закатавалі і забілі дзясяткі тысяч нявінных людзей… Больш як тысячу савецкіх грамадзян забілі і закапалі фашысцкія каты ў саўгасе «Вясея» (маёнтак Махорты), тысячы людзей расстралялі і закапалі жывымі ў Жураўскім лесе, у Слуцку на двары быўшых дзетясляў на Манахавай вуліцы, у ціры 11 палка, каля скотабазы, у Бязверхавічах, на амговіцкіх могілках…».
У газеце друкавалі загады Вярхоўнага Галоўнакамандуючага, весткі з фронту, вершы беларускіх паэтаў. Як успамінаў тагачасны рэдактар газеты М. Дастанка, калектыў рэдакцыі «Народнага мсціўца» рабіў «усё неабходнае для таго, каб кожны нумар газеты гранатай і бомбай узрываўся ў стане ворага, а баявыя радкі касілі ворага нібы кулямётныя і аўтаматныя чэргі, каб палымяныя заклікі падымалі новыя атрады бясстрашных патрыётаў на бой з ненавісным ворагам. І ў адказ на гэта агнём свяшчэннай помсты гарэла слуцкая зямля пад нагамі акупантаў».
У падпольнай друкарні наборшчыцамі працавалі Любоў Куляшова, Любоў Шаўчук, друкарамі былі Уладзімір Канановіч, Мікалай Торхаў. Матэрыялы для газеты збіралі і рыхтавалі супрацоўнікі рэдакцыі Іван Хатэнка, Іван Куляшоў, Вячаслаў Харытонаў, Віктар Плешавеня. Радыст Сцяпан Раменчык своечасова прымаў радыёперадачы з-за фронту. Навіны адразу ішлі ў нумар газеты.
Рэдакцыяй газеты «Народны мсцівец» у 1943 годзе быў выдадзены паэтычны зборнік беларускага паэта Анатоля Астрэйкі «Слуцкі пояс».
У 1944 годзе, калі Случчыну вызвалілі ад гітлераўскіх захопнікаў, быў адноўлены выпуск газеты «За сацыялістычную Радзіму». Большасць публікацый выдання таго часу – аб працы случчан па аднаўленні разбуранай вайной народнай гаспадаркі і сацыяльна-культурнай сферы раёна. Будаўніцтва прадпрыемстваў і жылля, укараненне новай тэхнікі і тэхналогій, развіццё вытворчасці, сацыяльнай сферы Случчыны і многія іншыя тэмы асвятляла раённая газета. З 1962 года газета выходзіла пад назвай «Шлях Ільіча», а з 1992 года – «Слуцкі край».
Рэдактарамі раённай газеты ў пасляваенны час былі: М.Е. Дастанка (1944 – 1945), І.С. Русаковіч (1945), П.П. Блахін (1945 – 1950), А.А. Власаў (1950 – 1959), У.М. Перасятнік (1959 – 1971), В.М. Макарэня (1971 – 1985), А.У. Алпатаў (1985 – 1986), У.С. Коўцік (1986 – 1995), У.М. Цішкевіч (1995–1998), А.У. Жук (1998 – 2012), В.В. Ражанец (2012 – 2017). З 2017 года выданне ўзначальвае Ірына Міхайлаўна Каваленка.
Дзякуй папярэднікам!
«Слуцкі край» – летапіс роднага краю, за кожным радком якога – факты, падзеі і вялікая праца тых, хто ствараў і стварае газету. Ва ўсе часы выданне поўнілася і поўніцца меркаваннямі, талентам, пачуццямі аўтараў публікацый, журналістаў, іх шчырай адданасцю справе. Рэдакцыя «Слуцкага краю» стала для многіх сапраўднай школай творчасці, трамплінам у прафесію. Дарэчы, пры рэдакцыі з 1964 года працавала школа маладога журналіста, каля ста выпускнікоў якой звязалі свой лёс з журналістыкай.
З вялікай удзячнасцю ўзгадваем многіх папярэднікаў у рэдакцыі «Слуцкага краю», якія аддана, творча, цікава тут працавалі, трапнае слова якіх абуджала, клікала, сагравала, натхняла на добрыя справы, рабіла жыццё лепшым, ярчэйшым, – Ніну Міхайлаўну Селязнёву, Валянціну Канстанцінаўну Бардо, Рыгора Арсенцьевіча Сергіенку, Надзею Адамаўну Коўцік, Галіну Дзмітрыеўну Шпакоўскую і іншых калег, якіх, на жаль, ужо няма з намі. Вечная ім памяць.
За вялікі вопыт, нераўнадушша, за падтрымку і малады запал удзячны нашым дарагім ветэранам – Івану Андрэевічу Зяневічу, Марыі Мікалаеўне Балвановіч, Зінаідзе Міхайлаўне Уласевіч, Галіне Уладзіміраўне Лемеш, Міхаілу Міхайлавічу Сярко, Анатолію Аляксандравічу Жоглу, Ларысе Уладзіміраўне Салодкінай. А таксама нашым паважаным пазаштатным аўтарам, у тым ліку Міхаілу Міхайлавічу Тарасевічу, Таісіі Іванаўне Новік, Сяргею Аляксандравічу Макараву, Валянціне Сцяпанаўне Відлога, Але Іванаўне Русак, Андрэю Нагорнаму.
Будзем разам!
Наша газета мае шматлікія ўзнагароды абласнога і рэспубліканскага ўзроўняў. У свой час была ўзнагароджана Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета Беларускай ССР, двойчы лаўрэат (у маштабах Савецкага Саюза) прэміі імя М.І. Ульянавай за добрую пастаноўку масавай работы. «Слуцкі край» лаўрэат X Нацыянальнага конкурсу друкаваных СМІ «Золотая Литера». У 2015 годзе рэдакцыя удастоена бронзавай статуэткі «Золотая Литера» за перамогу ў XI Нацыянальным конкурсе друкаваных СМІ «Золотая Литера» ў намінацыі «Лепшыя матэрыялы культурнай і гісторыка-краязнаўчай тэматыкі». Газета неаднаразова выходзіла ў пераможцы і прызёры рэспубліканскіх і абласных конкурсаў і спаборніцтваў. Вось і па выніках 2023 года «Слуцкі край» прызёр у двух намінацыях абласнога конкурсу сярод СМІ.
Час ляціць, імкліва мяняецца жыццё, вызначаючы новыя задачы. Сёння калектыў «Слуцкага краю» – кагорта крэатыўных, творчых, едных людзей, валодаючых сучаснымі тэхналогіямі, нацэленых цікава і аб’ектыўна інфармаваць чытачоў пра жыццё Случчыны, Мінскай вобласці і рэспублікі, супрацьстаяць палітычным выклікам, дапамагаць людзям у рашэнні праблем, выхоўваць, арыенціраваць іх на лепшае, садзейнічаць развіцці грамадства і многае іншае. Насычанасць сучаснай інфармацыйнай прасторы, актыўная зменлівасць жыцця дыктуюць пошук новых форм работы журналістаў з чытацкай аўдыторыяй, у тым ліку ў інтэрнэце. Стратэгія далейшага развіцця «Слуцкага краю» базіруецца на мабільнасці, гібкасці, акцэнце на аналітыку, уключае шэраг новых цікавых праектаў.
Мы ўдзячны за падтрымку і разуменне нашым заснавальнікам – Слуцкаму раённаму выканаўчаму камітэту, Слуцкаму раённаму Савету дэпутатаў, сацыяльным парнерам – Слуцкаму раённаму вузлу паштовай сувязі Мінскага філіяла РУП «Белпошта», Слуцкаму раённаму філіялу РУП «Белсаюздрук» і, вядома, нашым шаноўным чытачам, многія з яхіх застаюцца вернымі нашай газеце на працягу ўжо не аднаго дзесяцігоддзя. Дзякуй, будзем разам! І са святам, родная газета!
Наталля Селязнёва.