27 лютага 2022 года адбыўся рэспубліканскі рэферэндум па пытанні ўнясення змяненняў і дапаўненняў у Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь. Сімвалічна, што абноўлены Асноўны Закон уступіў у сілу 15 сакавіка – у Дзень Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.
Штогод у гэты дзень праходзіць Усебеларуская патрыятычная акцыя “Мы – грамадзяне Беларусі!”, якая стала для многіх дзяўчат і юнакоў нашай краіны ўрачыстым і запамінальным святам.
На Случчыне падчас цырымоніі ўручэння пашпартоў маладым грамадзянам Рэспублікі Беларусь прысутнічала шмат гасцей: першы намеснік старшыні Слуцкага раённага выканаўчага камітэта, начальнік упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Уладзімір Крыжаноўскі, намеснік старшыні Слуцкага райвыканкама Наталля Чарнушэвіч, першы намеснік старшыні камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Мінскага абласнога выканаўчага камітэта Вера Барысевіч, а таксама начальнікі ўпраўленняў і аддзелаў Слуцкага раённага выканаўчага камітэта, кіраўнікі грамадскіх аб’яднанняў Слуцкага раёна.
З прывітальным словам да ўдзельнікаў урачыстай цырымоніі выступіў Уладзімір Крыжаноўскі. Да моладзі Случчыны звярнулася таксама дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Валянціна Ражанец. Яна адзначыла, што моладзь – гэта будаўнікі будучыні. Дэпутат пажадала моладзі быць сапраўднымі грамадзянамі сваёй краіны, патрыётамі роднага краю.
З адказным словам маладога грамадзяніна Рэспублікі Беларусь выступіў навучэнец сярэдняй школы №6 г. Слуцка Аляксей Даманскі:
– Атрыманне пашпарта – важная і ўрачыстая падзея ў жыцці кожнага чалавека. Мы атрымалі наш галоўны дакумент, які дае магчымасць адчуваць сябе паўнапраўным грамадзянінам сваёй краіны. Мы, маладое пакаленне, будзем з годнасцю і гонарам рабіць усё магчымае для развіцця і працвітання роднай Случчыны і Беларусі!
Закончылася мерапрыемства музычным віншаваннем ад творчага калектыву сярэдняй школы №8 г. Слуцка.