21 лютага святкуюць Міжнародны дзень роднай мовы. Мова – не толькі сродак зносін, з дапамогай якога людзі наладжваюць сувязі, абменьваюцца інфармацыяй, яна – своеасаблівае люстэрка жыцця i працы народа, яго грамадскага i культурнага развіцця. Таму вельмі важна навучыць дзяцей з павагай ставіцца да беларускай мовы, з гонарам размаўляць на ёй.
Падчас святкавання Міжнароднага дня роднай мовы ў дзяржаўнай установе адукацыі «Дашкольны цэнтр развіцця дзіцяці «Cонейка» г. Слуцка» прайшоў тэматычны тыдзень пад дэвізам «Квітней наша родная мова!». Мэтай якога было далучэнне дзяцей да векавых традыцый свайго народа, ведаў імі сваіх каранёў, а таксама паказаць дзецям, што мы розныя, але мы – разам. Кожны дзень тыдня быў насычаны цікавымі мерапрыемствамі. «Мой родны кут, як ты мне мілы…» такімі словамі пачаўся інтэрактыўны занятак «Мая Радзіма», на якім выхаванцы пашыралі свае веды аб Рэспубліцы Беларусь, сімвалах краіны. З мэтай далучэння дзяцей да вытокаў нацыянальнай культуры сваёй краіны была арганізавана экскурсія ў «Беларускую хатку». Гаспадыня пазнаёміла выхаванцаў з умовамі жыцця сялян. Дзеці праявілі вялікую цікавасць да прадметаў побыту беларускага селяніна, традыцыйнага адзення. Больш за ўсё іх уразіў прас таго часу. «Няўжо такой прыладай можна было гладзіць адзенне?».
«Не проста ў словы я гуляю, на мове роднай размаўляю» пад такім дэвізам прайшоў конкурс чытычоў. Дашкольнікі з вялікай цікавасцю і радасцю чыталі вершы, спявалі песні, гулялі ў народныя гульні. Для павелічэння слоўнікавага запасу выхаванцаўпедагогі ўстановы дашкольнай адукацыі распрацавалі камп’ютарную гульню «Родныя словы».
Хто не любіць казкі, казкі любяць усе. Выхаванцы не толькі слухаюць беларускія казкі, але спрабуюць паказваць тэатралізаваныя імправізацыі па творах. Дзеці сярэдняй групы «Васількі» падрыхтавалі драматызацыю беларускай народнай казкі «Пых».
Пройдзе час, і нашы выхаванцы будуць адказваць за будучыню Беларусі. Вельмі важна ўжо цяпер усвядоміць асабістую адказнасць за лёс сваёй Радзімы, жаданне берагчы і абараняць яе, ведаць і памятаць традыцыі свайго народа. Любіць сваіх блізкіх і паважаць беларускі народ.
Святлана ШУМАНСКАЯ,
загадчык дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці «Сонейка» г. Слуцка.