Дэпутаты мясцовых Саветаў пры цесным узаемадзеянні з выканаўчай уладай садзейнічаюць сацыяльна-эканамічнаму развіццю раёна, а галоўнае – вырашаюць надзённыя праблемы людзей. Старшыню Слуцкага раённага Савета дэпутатаў Наталлю Аўсяннікаву павіншавала з надыходзячым юбілеем: 28 лютага – якраз  пяць гадоў пасля яе выбрання на пасаду. Яна шчыра здзівілася: «А я і не заўважыла…». Да работы з людзьмі Наталлі Аўсяннікавай сапраўды не прывыкаць – у свой час амаль 7 гадоў адпрацавала галоўным спецыялістам у аддзеле ідэалагічнай работы Слуцкага райвыканкама і 7 – начальнікам упраўлення кіраўніцтва справамі  райвыканкама. 
– Якія планы ні будавала, якія б задачы ні ставіла, усё пачынаецца і заканчваецца работай з людзьмі, – гаворыць старшыня райсавета дэпутатаў. – Сапраўды, гэта няпроста, але дапамагае ўменне знаходзіць агульную мову з насельніцтвам. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка дакладна вызначыў прыярытэты дзейнасці народных выбраннікаў: «Дапамагчы канкрэтнаму чалавеку, прыняць зацікаўлены ўдзел у яго няпростых жыццёвых абставінах, выручыць, падтрымаць – у гэтым вышэйшае прызначэнне дэпутата». На вырашэнне гэтых задач у тым ліку і накіравана дзейнасць дэпутатаў розных узроўняў. У хуткім часе падвядзём вынікі работы, акрэслім праблемы, над якімі неабходна працаваць. Сёлета ў лютым на тэрыторыі сельсаветаў запланаваны куставыя нарады старшынь сельвыканкамаў, дэпутатаў, стараст населеных пунктаў раёна і проста жыхароў, дзе будуць падведзены вынікі работы сельскіх Саветаў дэпутатаў за 2022 год. У наступных нумарах газеты «Слуцкі край» з’явіцца новая рубрыка «Як жывеш, сельсавет», дзе вопытам работы з насельніцтвам падзеляцца старшыні сельвыканкамаў, старасты і г.д. Дарэчы, вясковыя старасты – важнае звяно самакіравання. Іх вельмі хвалюе жыццё малой радзімы, менавіта пад іх кіраўніцтвам жывуць сельскія населеныя пункты. Каб заахвоціць стараст, штогод райсавет уручае самым актыўным падзякі. Яшчэ ў горадзе і раёне дэпутаты ў сваёй акрузе з мінулага года праводзяць сустрэчы з выбаршчыкамі. 
– Наталля Аляксандраўна, якія існуюць найбольш эфектыўныя формы ўзаемадзеяння з  насельніцтвам?
– Я б адзначыла, што на першы план выходзіць тлумачальная работа з людзьмі. Дэпутаты розных узроўняў у тым ліку абавязаны даводзіць да  насельніцтва простымі словамі пра сацыяльна-эканамічныя і палітычныя працэсы, што адбываюцца ў краіне і за яе межамі. Людзі павінны адчуваць упэўненасць у заўтрашнім дні. Яшчэ адзін прыярытэт – работа са зваротамі грамадзян падчас правядзення выязных прыёмаў, «прамых тэлефонных ліній», вясковых сходаў, асабістых сустрэч, дзён інфармавання. Мой рабочы нумар тэлефона ў свабодным доступе, часта паступаюць званкі з просьбай вырашыць тую ці іншую праблему. 
Поспех дэпутацкай дзейнасці залежыць ад ступені адказнасці, актыўнасці народнага выбранніка. Дэпутат не павінен дзяліць пытанні на першачарговыя і другасныя. Калі чалавек звярнуўся, значыць мае патрэбу ў дапамозе. У рашэнні многіх праблем дэпутатамі была аказана канкрэтная практычная дапамога. Разам з тым ёсць шэраг пытанняў, якія ў сілу фінансаваэканамічнага стану ў бліжэйшы час рашыць немагчыма, і пра гэта таксама неабходна гаварыць і тлумачыць людзям. Інакш мы згубім аўтарытэт у вачах нашых выбаршчыкаў. 
(Падрабязней чытайце у свежым нумары «Слуцкага краю» за 20 студзеня).

Падрыхтавала Ірына КАВАЛЕНКА.

Похожие записи