Фото носит иллюстративный характер.


З даўніх часоў у большасці народаў Новы год – адно з галоўных свят. Дарэчы, у далёкім мінулым на Беларусі год пачынаўся вясною, калі абуджалася зямля. Існаваў у тыя часы свой рытуал яго сустрэчы. Галоўны ўдзел у ім прымалі валачобнікі, якія з песнямі  абходзілі сялянскія двары, усхвалялі зямлю і жыццё, гаспадароў і іх працу, жадалі здароўя, добрага ўраджаю, прыплоду жывёлы і г.д.


Каляды. Адкуль назва?

Пазней Новы год «перайшоў» на зіму. Утварыўся навагодні цыкл зімовых свят, які ахопліваў перыяд з 25 снежня да 7 студзеня. Гэты цыкл узнiк яшчэ  з часоў язычніцтва, у славян, як і ў ва ўсіх народаў Еўропы, перыяд зімовага сонцастаяння адзначаўся з асаблівай урачыстасцю. Паварот сонца ад зімы да лета лічыўся ў старажытных людзей як дзень адраджэння нябеснага агню – сонца, новага абуджэння прыроды. Так з’явіўся культ агню – сімвала ачышчальнай сілы, якая дае жыццё і падтрымлівае яго.

У беларусаў, як і іншых народаў Еўропы (раманскіх, грэчаскіх, венгерскім, албанскім), цыкл навагодніх  святкаванняў атрымаў назву «Каляда». Па-рознаму вучонымі трактавалася гэта слова. Адны лічылі, што ў яго аснове ляжыць «коло» – круг, які міфічна ўвасабляе  сонца, другія – спалучэнне слоў «коло» і «ляда» (Лада – славянскае бажаство вясны). Вядомы беларускі этнограф Я.Ф. Карскі лічыў, што назва Каляда паходзіць ад лацінскага «календа» і азначае першы дзень кожнага месяца. Календы адзначаліся старажытнымі рымлянамі.

Спачатку, як вядома, увесь хрысціянскі свет вёў летазлічэнне па юліянскім календары, у якім Ражаство Хрыстова наступала ў апошні дзень зімовага сонцастаяння, а новы год пачынаўся на сёмы дзень пасля свята. Але ж каляндар, уведзены Юліем Цэзарам, аказаўся не зусім дакладным, бо ад астранамічнага года адставаў на 13 дзён. У 1582 годзе Папа Рымскі Грыгорый правёў рэформу і быў уведзены новы каляндар, які стаў называцца Грыгарыянскім. Аднак праваслаўная царква рэформу не падтрымала і летазлічэнне прадоўжыла, як цяпер кажуць, «па старым стылі». Адсюль і разыходжванне ў датах святкавання Ражаства ў праваслаўных і католікаў.


Варылі куццюі варажылі

 
Але ж вернемся да Каляд. Да іх рыхтаваліся загадзя: у хатах наводзілі парадак – усё вычышчалі, вымывалі, у хлявах і ў двары – таксама. Сяляне да свят калолі кабанчыка. Рабілі ўсялякія мясныя прысмакі: каўбасы, вантрабянкі, крывянкі, сальцісоны, паляндвіцы, засальвалі сала, рабрынкі, гатавалі розныя стравы.  Галоўным элементам абраднасці з’яўлялася куцця (каша), якую гатавалі з цэльнага зерня. Цяпер для гэтых мэт выкарыстоўваюць ячную крупу.

Нашы прашчуры верылі, што ад таго, наколькі ўдалай атрымаецца куцця, залежыць поспех у гаспадарцы і дабрабыт сям’і. Куццю ў гаршэчку ці ў чыгунчыку ставілі на покуці на стол на месца, дзе пад святочным настольнікам (абрусам) ляжала пахучае сена. У асобных сем’ях сена складвалі роўненька кружочкам прама на настольнік, і ў яго сярэдзінку ставілі куццю. На працягу свят гатавалі тры куцці: першая (вялікая) – посная, другая – шчодрая ці багатая – скаромная, трэцяя напярэдадні Вадохрышча – посная.

Лічылася, што ў час Каляд нельга гнуць абады, дугі, палазы, абручы, віць вяроўкі (у цялят і ягнят будуць крывыя ногі), а вечарам выконваць цяжкую працу. Жанчыны ў гэтыя дні не шылі, не вязалі, не пралі. Да калядных вечароў былі назапашаны гарбузікі і лясныя арэхі. Іх увечары лузгалі ўсёй сям’ёй.

На Каляды варажылі, назіралі за станам прыроды. Варажбой асабліва захаплялася моладзь, у першую чаргу, дзяўчаты. Іх цікавіла будучае замужжа, жыццё і смерць, здароўе і каханне. Для гэтай мэты выкарыстоўвалі паперу і агонь, люстэркі, свечкі, іншыя атрыбуты і нават хатнюю птушку, жывёлу. Старэйшыя варажылі на будучы ўраджай, на прадказванне надвор’я. Захаваліся звесткі і апісанні варажбы, але гэта асобная тэма. Хачу дадаць, што варажбу праводзілі ў асноўным у ноч пад Новы год і значна радзей – у першы вечар Каляд і напярэдадні Вадохрышча.

Першымі ішлі шчодрыкі

Галоўнай асаблівасцю Каляд з’яўляўся сам абрад калядавання (шчадравання) – абход двароў з віншаваннямі і хвалебнымі песнямі. Нагадаю, як праходзіў шчадрэц у нас, на Случчыне, непасрэдна ў выбранецкіх вёсках – Лучнікі і Бранавічы. Штосьці памятаю сама, штосьці распавядалі старэйшыя.

Праходзіў ён напярэдадні старога  Новага года – 13 студзеня, калі можна так сказаць, у тры этапы. Рыхтаваліся загадзя: вучылі песні, ладзілі «козлікаў»,  «каня», «звязду», падрыхтоўвалі касцюмы, а таксама торбачкі пад прысмакі.

У гэты дзень гаспадыні гатавалі шчодрыя сталы і пачастункі. У першых прыцемках на вуліцы з’яўляліся шчодрыкі. Гэта былі дзеткі, добра апранутыя дзяўчаткі, з завязанымі на верхнюю вопратку «крыж на крыж» прыгожымі вялікімі хусткамі, не размаляваныя. У руках аднаго ці двух хлопчыкаў – «казельчыкі», у некалькіх дзетак праз плячо торбачкі, каб рукі былі свабоднымі. Што сабою ўяўляў «казельчык»: драўляны, з метр вышынёй, шэст, на якім  зверху быў замацаваны з тонкай драўлянай дошчачкі ледзь прадаўгаваты прамавугольнічак (мордачка), а знізу да яго – перпендыкуляр на дзве вузкія дошчачкі (мыска козліка). Да ніжняй прыбіты кавалачак аўчыны – імітацыя барады,  прывязана вяровачка, якая прыводзіла яе ў дзеянне. Калі вяровачку пацягнуць да нізу і адпусціць, яна ўдаралася аб верхнюю дошчачку, з’яўляўся гук «ляп, ляп». Верхнюю частку «мордачкі» звычайна ўпрыгожвалі папяровымі кветкамі.

Шчодрыкі стараліся забегчы ў кожны двор. Вёска ажывала: па ціхаму марознаму паветру далёка разносіліся вясёлыя дзіцячыя галасы і «драўлянае» ляпанне. У хатах гаварылі: «О, ужо пайшлі «казельчыкі» – свята пачынаецца».

Дзеткі забягалі ў двор, выстрайваліся пад акном, ляпалі «казельчыкамі» і пачыналі рытмічна спяваць:

Ляп, ляп, ляп «казельчык»,
Навара да стала,
Як у небе хвала.
Пастушкі з ягняткам
Перад тым дзіцяткам
На калені ўпадалі
Хрысту Богу пакланялі…

Выходзілі гаспадары, і тут ліліся віншаванні з Новым годам, Калядамі, пажаданні здароўя, дабрабыту, шчасця і радасці. У агульныя торбачкі клалі цукеркі, абаранкі, пранікі, гарбузікі, арэхі, яблыкі. Бывала, што давалі і грошы.

Калядоўшчыкі-«заклінальнікі»

 
Праз некаторы час, калі ўжо вечар станавіўся больш цёмным, і «казельчыкі» былі на другім канцы сяла, пачыналі «хадзіць коні». Зачастую іх суправаджаў гарманіст.

Шчадроўшчыкі выкарыстоўвалі постаць каня, зробленую з змоцнага драцянога каркасу, абцягнутую шчыльнай, у асноўным белай тканінай. Морду каня рабілі амаль у натуральную велічыну, а яшчэ пышную грыву і хвост, і нават збрую і папоны, усё, як мае быць. Па сярэдзіне спіны «каня» зроблена дзірка, каб у яе мог залезці чалавек. Мацаваліся лямкі, якія надзяваў той, хто залазіў у «каня». Усё было так добра прадумана, што той, хто знаходзіўся ў «кані», мог вырабляць розныя выкрутасы – узбрыкваць, танцаваць, іграць на гармоніку, падскокваць і г.д.

У «каня» хадзіла моладзь – хлопцы і дзяўчаты. Вось тут ужо адзявалі вывернутыя кажушкі, дзяўчаты былі  ў прыгожых тараноўках, андараках (у каго захаваліся ад бабуль), некаторыя з іх апраналіся пад цыганак – размалёўваліся, у доўгіх спадніцах, павязвалі некалькі хустак: на галаву, плечы… Гэта былі самыя спрытныя дзяўчаты. Спяваючы, танцуючы, рассыпаючы жарты, віншаванні і пажаданні, яны ўносілі сваім з’яўленнем весялосць і  святочны настрой. Пад вокнамі яны спявалі гаспадару, гаспадыні і ўсім дарослым членам сям’і віншавальна-велічальныя песні, у якіх жадалі здароўя, ураджаю, прыплоду жывёле, а маладым – выйсці замуж ці жаніцца. Іх калядаванне звычайна завяршалася песняй-просьбай аб адорванні, якая часта гучала як патрабаванне, бо выступалі  калядоўшчыкі ў ролі заклінальнікаў, гэта значыць, што тое, што яны жадалі, павінна адбыцца толькі пасля адорвання. Іх адорвалі каўбасамі, салам, пірагамі, яблыкамі, цукеркамі, грашыма, вішнёўкай і гарэлкай.

У час, калі «хадзілі коні», шчадравалі дарослыя, і асобнымі гуртамі па 4 – 5 чалавек дзяўчаты, і маладыя жанчыны, якія добра спявалі. Гэтых удзельнікаў калядавання часцей за ўсё запрашалі ў хату, дзе быў ужо прыгатаваны святочны стол. Спевы працягваліся, яны былі меладычнымі, прыгожымі, іншы раз сумнымі: «…А ў мары, мары чоўнічак плыве. Святы вечар, людзям добрым! А ў тым чоўнічку Яначка едзе, стрэлачкі рэжа. Святы вечар, людзям добрым! Плывеце тыя стрэлачкі да мае дзевачкі». У песнях былі прыпевы «святы вечар…», «шчодры вечар…», «добры вечар…».

Пасля калядавання ўсе збіраліся ў вялікай хаце. Моладзь ладзіла вечарынкі. Весяліліся па некалькі дзён: спявалі, танчылі, гулялі ў розныя гульні, расказвалі розныя здарэнні, жарты.


Выхад «звязды»

 
Калядны вечар падыходзіў да завяршэння. І вось тут, роўна ў дванаццаць гадзін ночы, пачынаўся трэці этап Каляды – выхад «звязды»! Не ў кожнай вёсцы была «звязда». А вось у Лучніках яна была. І «звездары» павінны былі абысці ўсе двары, пачынаючы са Старых Лучнікоў. Уяўляеце, у колькі гадзін яна была ў пачатку Бранавіч – на пасёлку Выбранецкім, дзе мы жылі. Амаль пад раніцу будзіла маці, каб убачыць «звязду». У хаце гасілі святло, і мы праз вокны  назіралі, як яна круцілася, зіхацела. А  як прыгожа мужчынскія галасы выводзілі песню аб нараджэнні Хрыста! Усё гэта зачароўвала. У хаце стаяла такая цішыня, што здавалася – усе пераставалі дыхаць. І толькі пасля сканчэння спеваў і пажаданняў, калі дарослыя ішлі адорваць (у асноўным грашыма) «звяздароў», запальвалі святло.

«Звязда» – шасці ці васьмікантовая зорка. Сярэдзіна – з рэшата, на сіце якога замацоўваўся малюнак альбо папяровы абраз з сюжэтам нараджэння Хрыста ў яслях. Наперадзе ўстанаўлівалі тры свечкі. Папярэдняя частка рэшата насупраць сіта закрывалася слюдой альбо шклом. Промні «звязды» ўпрыгожваліся рознакаляровай фальгой, бітымі навагоднімі цацкамі, але галоўнае – яны круціліся вакол сярэдняй часткі з дапамогай спецыяльнага прыстасавання. Гэта было незвычайна прыгожа і таямніча. «Звязда» мацавалася высока на драўляным шасце. Была яна даволі цяжкай. Са «звяздой» хадзілі гуртам 5 – 7 чалавек: жанатыя, фізічна моцныя мужчыны, якія ўмелі добра спяваць.

«Звездары» завяршалі калядную ноч. А назаўтра вясковыя вуліцы зноў ажывалі. Смех, жарты, песні  напаўнялі іх. На бялюткім снезе – дарожкі з попелу ці вылітыя чарніламі. Цікаўныя хадзілі, глядзелі, ад каго і куды яны вядуць. Гэта азначала, які хлопец да якой дзяўчыны ходзіць. Дзяўчына, у якой былі выкрадзены падушкі ў час калядавання, з сяброўкамі хадзіла іх выкупляць у сям’ю хлопца. Іншыя вяскоўцы шукалі свае знятыя брамкі. Іх гарэзы зацягвалі ў чужыя двары і на загарадзі. А ў каго былі нізкія хаты,  закрывалі коміны шклом: пачынала гаспадыня паліць у печы, а дым на ўсю хату…Такія былі жарты.

З цягам часу свята набыло характар забавы, на жаль, яно паціху адыходзіць у нябыт. Вельмі важна  зберагаць Каляды, бо занатавана ў іх шматвяковая памяць далёкіх продкаў, магчымасць пачуць іх праз завесу часу.

Валянціна ВІДЛОГА,
 краязнаўца.

Похожие записи